Першы (укр.: Перший) — украінскі грамадскі тэлевізійны канал. Пачаў вяшчанне ў 1939 годзе.
1 лютага 1939 года — з Кіева была здзейснена першая афіцыйная спроба перадачы выявы ў эфір. Першая трансляцыя доўжылася 40 хвілін — увесь гэты час паказвалі партрэт бальшавіцкага дзеяча Серго Арджанікідзэ.
6 лістапада 1951 года — пачаў працаваць Кіеўскі прафесійны тэлецэнтр на Крэшчаціку, 26. Транслявалі патрыятычна-рэвалюцыйны фільм «Вялікае зарыва», а на наступны дзень — урачыстыя мерапрыемствы ў гонар 34-й гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі. Гэтыя падзеі лічацца пачаткам працы ўкраінскага тэлебачання. Першымі дыктарамі ўкраінскага тэлебачання былі Навэла Серапiёнава, Вольга Даніленка, Алена Мікалаева.
1 мая 1952 года — з адзінага павільёна, якi тады дзейнічаў на тэлецэнтры («студыі Б»), у эфір выйшаў вялікі канцэрт з удзелам салістаў Кіеўскага опернага тэатра імя Т. Шаўчэнкі.
Лістапад 1956 года — перадачы Кіеўскай студыі тэлебачання пачынаюць выходзіць рэгулярна.
20 студзеня 1965 года — на тэлеэкранах з’явілася застаўка з вялікімі літарамі «УТ», што сімвалізавала пачатак аб’яднай агульнарэспубліканскай тэлепраграмы УССР, аб’ём вяшчання якой ужо ў тым годзе склаў больш за 200 гадзін.
1972 год — пачалося двухканальнае вяшчанне, і тэлеканал атрымаў назву УТ-1.
Вясной 1991 года Дзяржаўны камітэт па тэлебачанні і радыёвяшчанні Украінскай ССР быў ператвораны ў Укртэлерадыёкампанію, якая стала адзіным дзяржаўным вяшчальнікам на тэлеканалах УТ-1, УТ-2, а пазней — УТ-3. З 1995 года, калі на базе Укртэлерадыёкампаніі былі створаныя НТКУ, НРКУ і АДТРК, а таксама пасля распараджэння Дзяржкамтэлерадыё аб паўторнай камутацыі, УТ-1 стаў адзіным каналам, які забяспечваў ахоп 97 % тэрыторыі краіны. Ён трансліраваўся Нацыянальнай тэлекампаніяй Украіны з 1995 па 2017 год. Да 2004 года НТКУ належаў тэлеканал УТ-2, які з 1997 года дзяліў вяшчанне з тэлеканалам 1+1.
У 2002 годзе НТКУ пачаў замежнае спадарожнікавае вяшчанне, а ў 2008 годзе — інтэрнэт-вяшчанне.
17 сакавіка 2010 года выходзіць Загад Кабінета Міністраў № 448-р «Пра прызначэнне генеральным дырэктарам Нацыянальнай тэлекампаніі Украіны Ягора Бенкендорфа»[1]. Украінскі прадпрымальнік ліванскага паходжання Валід Арфуш быў прызначаны намеснікам генеральнага дырэктара. Кабінет міністраў таксама вынес пастанову № 272 ад 17 сакавіка, згодна з якой падпарадкаваў сабе Нацыянальную тэлекампанію[2].
5 лістапада 2011 года «Першы нацыянальны» адзначыў сваё 60-годдзе.
У лютым 2013 года Ягор Бенкендорф пакінуў пасаду генеральнага дырэктара НТКУ па ўласным жаданні, стаўшы кіраўніком праўлення тэлеканала «Інтэр»[3][4]. 20 лютага 2013 года Кабінет Міністраў Украіны прызначыў выконваючым абавязкі генеральнага дырэктара НТКУ Аляксандра Панцелеймонава[3].
6 снежня 2013 года журналіст з тэлеканала ZIK у прамым эфіры праграмы «Люстрацыя» паведаміў, што журналісты «Першага нацыянальнага» звальняюцца з-за незбалансаванай палітыкі асвятлення Еўрамайдана.
25 сакавіка 2014 года Кабінет міністраў Украіны прызначыў генеральным дырэктарам НТКУ Зураба Аласанію[5].
17 красавіка 2014 года быў прыняты Закон Украіны «Пра грамадскае тэлебачанне і радыёвяшчанне Украіны», які заклаў юрыдычныя асновы грамадскага вяшчання ва Украіне.
7 красавіка 2015 года ў прамым эфіры лагатып Першага нацыянальнага быў урачыста зменены на лагатып грамадскага вяшчальніка (UA: ПЕРШИЙ). Гэтае змяненне адбылося пасля прыняцця Закона «Пра ўнясенне змяненняў у некаторыя законы Украіны аб грамадскім тэлебачанні і радыёвяшчанні Украіны», які ліквідаваў тэхнічныя праблемы пры пераўтварэнні дзяржаўных тэлерадыёкампаній у Нацыянальную грамадскую тэлерадыёкампанію Украіны[6].
11 снежня 2017 года тэлеканалы грамадскага вяшчальніка — UA: ПЕРШИЙ, UA: КУЛЬТУРА і UA: КРИМ — пачалі вяшчанне ў фармаце 16:9[7].
З 1 студзеня 2018 года лічбавая версія канала ў сетцы DVB-T2 (UA: ПЕРШИЙ Digital) вяшчае кругласутачна.
Восенню 2018 года ў інтэрв’ю Дэтэктар медыя генеральны прадзюсар з развіцця НСТУ Мікалай Кавальчук заявіў, што плануецца рэбрэндынг канала, які мае змяніць назву «UA: ПЕРШИЙ»[8]. У лютым 2019 года ў плане дзейнасці ПАТ «НСТУ» на 2019 год было пазначана пра здяйсненне рэбрэндынгу і перайменаванне тэлеканала ў «Суспільне»[9]. 20 студзеня 2020 года стала вядома, што ў адпаведнасці з рэбрэндынгам, «UA: Перший» павялічвае грамадска-палітычнае вяшчанне, у межах якога, у прыватнасці, павялічваецца колькасць выпускаў навін па буднях, уласнае ранішняе шоу, з’яўляюцца праграмы пра рэгіёны, рэформы ва Украіне, тэлемасты, спецыяльныя рэпартажы, дакументальныя фільмы, факты і расследаванні[10][11][12].
Кабельнае, спадарожнікавае, лічбавае DVB-T2 і інтэрнэт- (SD, 16:9) вяшчанне ва ўсім свеце.
Па выніках 2004 года доля канала склала 2,8%, 2005 — 1,8%, 2006 г. — 2,1% (дзевятае месца сярод тэлеканалаў, якія трансліруюцца ва Украіне), 2007 — 1,8%, у 2008 — 1,9% (дзесятае месца).
У 2019 годзе доля UA: Першага склала 0,71%, а ўжо ў 2020 годзе грамадскі тэлеканал павялічыў долю аўдыторыі ў параўнанні з тымі ж паказчыкамі 2019 года на 31% — з 0,71% да 0,93% (аўдыторыя 18+, уся Украіна). Гэта лепшыя паказчыкі долі аўдыторыі з 2015 года. У агульным рэйтынгу тэлеканалаў за 2020 год UA: Першы падняўся на некалькі пазіцый і заняў 20-е месца сярод украінскіх тэлеканалаў.
Найбольш рэйтынгавымі трансляцыямі UA:Першага з’яўляюцца навіны, спартыўныя трансляцыі Чэмпіянатаў свету і Еўропы, Алімпіяд, а таксама трансляцыя Еўрабачання.