wd wp Пошук:

Пеляса

Пеляса́[2] (трансліт.: Pieliasa, руск.: Пелеса, літ.: Pelesa) — вёска ў Воранаўскім раёне Гродзенскай вобласці. Уваходзіць у склад Больцішскага сельсавета. Вёска знаходзіцца за 43 км на паўднёвы захад ад Воранава, аддалена ад Больцішкаў на 4,8 км. 167 жыхароў (2014).

Гісторыя

Вядома з 15 ст. Да 1492 г. зямля ў Васілішкаўскім павеце ВКЛ, на р. Пеляса, дзяржаўная ўласнасць. 3 1492 г. ўласнасць Юнадзіла Рачкавіча, які пабудаваў тут «дварэц». У 16 ст. належала Юндзіловічам, Нарбутовічам, Міхневічам і інш. У 1529 г. каралеўскі чашнік М. Андрашовіч пабудаваў мост і гаць на р. Пеляса і браў мыта за праезд. У 1536 г. маёнтак гаспадарскага баярына Ю. Даўгірдавіча. У 1553 г. згадваецца касцёл. У 1559 г. цэнтр каталіцкай парафіі, касцёл меў 2 дымы сялян. У 1567 г. маёнтак М. Юндзіла, які ставіў у войска каня, частка ў зямянкі Нялюбы (6 коней). У 1585 г. ўладанне Грынявіцкага, у 1599 г. Нялюбовіча, каралеўскага маршалка Курча. У 1602 г. ён запісаў маёнтак жонцы С. Сапяжанцы. У 1690 г. маёнтак у Забалацкай парафіі, шляхецкая ўласнасць. У 1787 г. сяло, цэнтр войтаўства Барцянскага староства Лідскага павета ВКЛ.

Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) у складзе Расійскай імперыі, у Віленскай, з 1797 г. Літоўскай, з 1801 г. Гродзенскай, з 1842 г. Віленскай губернях. У сярэдзіне 19 ст. вёска ў Радунскай вол. Лідскага павета Віленскай губ., дзяржаўная ўласнасць, 91 рэвізскіх душ. Паводле перапісу ў 1897 г. 61 двор, 339 жыхароў. у 1908 г. 38 двароў 359 жыхароў, 499,68 дзес. зямлі, 58 коней.

3 1921 г. ў складзе Польшчы, 63 двары, 317 жыхароў; у Радунскай гміне Лідскага павета Навагрудскага ваяв. З 1931 г. літоўская школа, з 1932 г. польская.

3 лістапада 1939 г. ў БССР. 3 15.1.1940 г. ў Радунскім р-не Баранавіцкай вобл., з 12.10.1940 г. ў Слабодкаўскім с/с, у 1940 г. 307 жыхароў. З канца чэрвеня 1941 г. да сярэдзіны ліпеня 1944 г. акупіравана нацыстамі, 26.6.1941 г. акупанты расстралялі 5 жыхароў, 10 былі вывезены на прымусовыя работы ў Германію. 3 20.9.1944 г. ў Гродзенскай вобл. У 1944—46 гг. літоўская пачатковая школа, потым руская няпоўная сярэдняя школа. 3 25.12.1962 г. ў Воранаўскім р-не, у 1960 г. 388 жыхароў, у 1970 г. 331 жыхар. 3 11.2.1972 г. ў Старасмільгінскім, з 24.4.1978 г. ў Больцішскім с/с, у калгасе «Праўда».

Парафія створана ў 1925 годзе, касцёл Святога Лінуса пабудаваны і асвечаны ў 1935 годзе, зачынены ў 1962 годзе, вернуты, адбудаваны і асвечаны ў 1989 годзе[3]. У 1944 годзе ў вёсцы пераважала літоўскае насельніцтва[4]. У 1994 годзе была зарэгістравана мясцовая суполка літоўцаў[5].

Насельніцтва

Гаспадарка, адукацыя, культура

Сярэдняя школа, сельскі клуб, магазін, ферма. У 2014 г. ў складзе СВК «Больцішкі».

У 1992 г. адчынена недзяржаўная базавая, з 1999 г. сярэдняя школа з выкладаннем на літоўскай мове (у 2003—04 гг. 95 вучняў 29 настаўнікаў). Пры школе з 1993 г. грамадскае аб’яднанне літоўцаў «Гімтыне», з 1996 г. гісторыка-этнаграфічны музей, літоўскі культурна-асветны цэнтр.

Славутасці

Касцёл Святога Лінуса

Касцёл Святога Лінуса (пабудаваны ў 1910-я гг.) — помнік архітэктуры эклектыкі з выкарыстаннем стылізаваных форм готыкі.

23 верасня 2010 года ў вёсцы адкрыты помнік вялікаму князю літоўскаму Вітаўту (аўтар — Альгімантас Сакалаўскас), які праязджаў праз Пелясу па дарозе з Вільні ў Гродна[6]. Усталяваны на ініцыятыву і пры падтрымцы літоўскага боку. Адкрыццё помніка было прымеркавана да 600-годдзя Грунвальдскай бітвы. Вітаўт паказаны ў вобразе сярэднявечнага рыцара з каронай, скіпетрам як сімвалам улады ў левай руцэ і мячом, на які ён абапіраецца, у правай. Скульптура выканана ў тэхніцы традыцыйнай літоўскай народнай разьбы па дрэве. Вышыня каля 6 метраў[7].

Вядомыя асобы

Зноскі

  1. 1 2 www.belpost.by
  2. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гродзенская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2004. — 469 с. ISBN 985-458-098-9 (DJVU).
  3. Пеляса — парафія Св. Ліна
  4. J. Drużyńska, S. M. Jankowski, Wyklęte życiorysy, Dom Wydawniczy REBIS, Poznań 2009, ISBN 978-83-7510-373-1, s. 199. (польск.)
  5. Steponas Maculevičius, Doloresa Baltrušiene. Znajomość z Litwą. Księga tysiąclecia. Tom pierwszy. Państwo. — Kaunas: Kraštotvarka, 1999. — С. 384. — ISBN 9986-892-34-1.
  6. У Воранаўскім раёне паставілі помнік Вітаўту(недаступная спасылка) «Наша Ніва», 24 верасня 2010
  7. svaboda.org

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (6):
Катэгорыя·Артыкулы пра населеныя пункты без катэгорыі на Вікісховішчы
Катэгорыя·Населеныя пункты Воранаўскага раёна
Катэгорыя·Больцішскі сельсавет
Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Катэгорыя·Пеляса
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з непрацоўнымі спасылкамі