wd wp Пошук:

Паўночнабеларуская культура

Паўночнабеларуская культура — археалагічная культура позняга неаліту—ранняга бронзавага веку, помнікі якой былі распаўсюджаны на тэрыторыі Віцебскай і поўначы Мінскай абласцей Беларусі, поўдні Пскоўскай і паўночным захадзе Смаленскай абласцей Расіі, паўднёва-ўсходняй Латвіі ў сярэдзіне III-га—сяр. II-га тыс. да н.э. Сфарміравалася на аснове усвяцкай культуры сярэдняга неаліту пад уплывам носьбітаў верхнедпяпроўскай культуры, таксама культур шнуравой керамікі з тэрыторыі Прыбалтыкі і Падняпроўя (сярэднедняпроўская культура). Часткай даследчыкаў адносіцца да культур шнуравой керамікі.

Носьбіты паўночнабеларускай культуры займаліся паляваннем, рыбалоўствам, збіральніцтвам, земляробствам і жывёлагадоўляй. Паселішчы размяшчаліся пераважна ў месцах вытокаў або ўпадзення невялікіх рэк у азёры, зрэдку — на абсохлых затарфаваных берагах азёр. Жытлы выцягнутыя, з 2-схільным дахам, ёсць звесткі пра існаванне заглыбленых на 0,5 м пабудоў. Для паўночнабеларускай культуры характэрны вастрадонны на раннім і пласкадонны на пазнейшых этапах развіцця ляпны посуд з дамешкамі ў цесце тоўчаных ракавін, арганікі, на пазнейшых этапах — пяску, жарствы, шамоту. Паверхня заштрыхоўвалася з абодвух бакоў пераважна ў падгарызантальным кірунку. Гаршкі шчыльна арнаментаваны па ўсёй паверхні (у т.л. донца, венчык, яго зрэз і ўнутраная частка). На пазнейшых этапах арнамент больш разрэджаны. Частка посуду паўтарае формы гаршкоў культур шнуравой керамікі. Асноўнымі элементамі дэкору з’яўляюцца насечкі, разнастайныя адбіткі гладкага і зубчатага штампаў, ямкавыя ўцісканні і наколы, сустракаюцца адбіткі шнура.

Прылады працы і побыту выраблялі з крэменю, косткі, рога, дрэва (наканечнікі стрэл, гарпуноў і дзід, праколкі, кінжалы, рыбацкія кручкі, сякеры, цёслы, долаты, дзяржанні, вырабы са шчапанага ікла дзіка і г.д.). 3 каменю вырабляліся шліфавальныя пліты, цёрачнікі, матыкі і сякеры. Пад канец існавання культуры з’яўляюцца вырабы з бронзы і медзі — сякеры і шылы (Кастыкі, Асавец—2, 7). 3 зубоў, косці, рога і бурштыну вырабляліся разнастайныя ўпрыгажэнні і амулеты. Знойдзены творы першабытнага: статуэткі людзей, звяроў, птушак, арнаментаваныя бытавыя рэчы і зброя, музычныя інструменты (флейты). На тэрыторыі Беларусі найбольш вядомыя і даследаваныя помпікі: Асавец-2, 7, Крывіна-1, 2, Крывіна- 3, Кастыкі.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (6):
Катэгорыя·Бронзавы век
Катэгорыя·Археалагічныя культуры Расіі
Катэгорыя·Археалагічныя культуры Беларусі
Катэгорыя·Паўночнабеларуская культура
Катэгорыя·Неаліт
Катэгорыя·Археалагічныя культуры Латвіі