wd wp Пошук:

Усвяцкая культура

Усвяцкая культура — археалагічная культура плямён сярэдняга неаліту, якія ў канцы IV-га — сярэдзіны III-га тыс. да н.э. насялялі Беларускае Паазер’е, паўднёвую Пскоўшчыну і паўночна-заходнюю Смаленшчыну, а таксама паўднёва-ўсходнюю Літву. Вылучана ў 1960-х г. А. М. Мікляевым. Назву атрымала паводле характэрнага паселішча каля п.г.т. Усвяты Пскоўскай вобласці. Сфарміравалася на аснове мясцовай нарвенская культуры пры значным уплыве культуры тыповай грабеньчата-ямкавай керамікі. Паселішчы размяшчаліся звычайна на нізкіх ўзбярэжжах азёр і рэк. Некаторыя з іх пазней былі затоплены і пераўтварыліся ў тарфянікавыя стаянкі. Эыхары усвяцкай культуры зайамліся пераважна паляваннем, рыбалоўствам і збіральніцтвам, у т.л. вадзяных арэхаў, былі знаёмы з зачаткавымі формамі земляробства і жывёлагадоўлі. Карысталіся крамянгёвымі кроплепадобнымі і кароткімі лістападобнымі наканечнікамі стрэл, нажамі на пласцінах і адшчэпах, кароткімі скрабкамі. З-за недахопу запасаў крамянёвай сыравіны значную частку прылад працы і паляўнічай зброі выраблялі з костак і рога — плоскачаранковыя наканечнікі стрэл, доўгія наканечнікі коп’яў, кінжалы, праколкі, сякеры і цёслы, інструменты для апрацоўкі керамікі. Сярод упрыгажэнняў сустракаліся падвескі з зубоў жывёл і бурштыну, касцяныя пранізкі. Асаблівасці усвяцкай культуры выразна ў кераміцы. У сярэднім неаліце мясцовае насельніцтва карысталася прысадзістымі гаршкамі з прытупленавострымі донцамі і гладкімі сценкамі, з дамешкамі тоўчаных ракавін, дробнай арганікі і шамоту ў цесцы. Краі венцаў патоўшчаныя і скошаныя. Паверхня пасудзін звычайна аздаблялася разрэджанымі паясамі насечак, радзей наколаў і вусеневых адбіткаў. Часам ў арнаментацыі керамікі прысутнічаюць гравіраваныя схематычныя выявы птушак, змей, раслін, сімвалы вады, якія маюць сакральны сэнс і адлюстроўваюць элементы тагачасных вераванняў. На захадзе арэалу усвяцкай культуры, куды непасрэдна пранікалі групы носьбітаў культуры тыповай грабеньчата-ямкавай керамікі, сярод арнаментаў часцей сустракаюцца адбіткі лінейнага штампа. Каля сярэдзіны III-га тыс. да н.э. на Паазер’е пачало пранікаць насельніцтва культуры шарападобных амфар, культуры шнуравой керамікі і верхнедняпроўскай культуры, што прывяло да заняпаду усвяцкай культуры і яе трансфармацыі ў паўночнабеларускую культуру. Найбольш вядомыя помнікі Асавец, Галоўск, Скема.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (3):
Катэгорыя·Археалагічныя культуры Расіі
Катэгорыя·Археалагічныя культуры Літвы
Катэгорыя·Археалагічныя культуры Беларусі