wd wp Пошук:

Паўднёва-Афрыканскі Саюз

Паўднё́ва-Афрыка́нскі Саю́з (афр.: Unie van Suid-Afrika; англ.: Union of South Africa; нідэрл.: Unie van Zuid-Afrika), ПАС — каралеўства-дамініён, якое існавала ў 19101961 гадах.

Гісторыя

На падставе Акту пра Паўднёвую Афрыку прынятага Брытанскім парламентам 31 мая 1910 года быў утвораны Паўднёва-Афрыканскі Саюз, які ўключаў у сябе чатыры брытанскіх калоніі: Капскую калонію, Натал, Калонію Аранжавай ракі і Трансвааль. ПАС стаў дамініёнам Брытанскай імперыі.

У 1914 годзе Германская Паўднёва-Заходняя Афрыка была акупавана Вялікабрытаніяй і перайшла пад кіраванне ПАС пасля Першай сусветнай вайны ў якасці мандатнай тэрыторыі Лігі Нацый.

У 1922 годзе ў Паўднёвай Радэзіі, якая выйшла з пад кіравання Брытанскай Паўднёва-Афрыканскай кампаніі, прайшоў рэферэндум пра ўваходжанне ў ПАС. За далучэнне прагаласавала 40,6 %, супраць — 59,4 %. У выніку Паўднёвая Радэзія не ўвайшла ў ПАС, а стала самакіравальнай калоніяй у рамках Брытанскай імперыі.

У 1931 годзе быў прыняты Вестмінстэрскі статут, які замацаваў за ПАС статус Каралеўства Садружнасці нацый.

У 1934 годзе была створана Аб’яднаная партыя, якая ўяўляла сабой аб’яднанне прабрытанскай Паўднёваафрыканскай партыі і бурскай Нацыянальнай партыі. У 1939, з пачаткам Другой сусветнай вайны, яна распалася з-за рознагалоссяў пра пазіцыю Паўднёва-Афрыканскага Саюза ў вайне. Паўднёваафрыканская партыя лічыла патрэбным уступіць у вайну на баку Вялікабрытаніі, тады як Нацыянальная партыя сімпатызавала Нацысцкай Германіі.

У 1948 годзе Нацыянальная партыя перамагла на выбарах і пачала праводзіць палітыку апартэіда, якая рэзка абмяжоўвала правы чорнага насельніцтва. Канчатковай мэтай ставілася стварэнне «Паўднёвай Афрыкі для белых», а чарнаскурых меркавалася зусім пазбавіць паўднёваафрыканскага грамадзянства. Падчас апартэіда чорныя пазбавіліся выбарчага права, права на свабоду перамяшчэння, на адукацыю, змяшаныя шлюбы і г. д. Таксама былі цалкам забаронены камуністычныя партыі. Нягледзячы на шматлікія санкцыі, якія накладваліся ААН на ПАС, палітыка расавай дыскрымінацыі працягвала дзейнічаць.

У 1961 годзе Паўднёва-Афрыканскі Саюз выйшаў з Садружнасці нацый і стаў цалкам незалежнай дзяржавай (Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка). Прычынай выхаду паслужыла непрыняцце палітыкі апартэіда ў іншых краінах Садружнасці. ПАР аднавіла сваё членства ў Садружнасці толькі ў 1994 годзе пасля ліквідацыі сістэмы апартэіда.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (5):
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
З’явіліся ў 1910 годзе
Зніклі ў 1961 годзе
Гістарычныя дзяржавы Афрыкі
Гісторыя ПАР