wd wp Пошук:

Палпацін

Імператар Палпацін (у мінулым вярхоўны канцлер Галактычнай рэспублікі; англ.: Palpatine), ён жа Дарт Сідыус (англ.: Darth Sidious) — выдуманы персанаж сусвету «Зорных Войнаў». Палпацін упершыню з’яўляецца ў новай трылогіі ў першым эпізодзе. У класічнай трылогіі прысутнічае толькі цёмны ўладар Дарт Сідыус, альбо Імператар.

Біяграфія

Палпацін — гэта, пэўна, адна з самых загадкавых асоб у гісторыі Зорных войнаў. Пра яго мінулае амаль нічога невядома. Ён нарадзіўся ў горадзе Тыід на планеце Набу на адзінаццаты дзень восьмага месяца восемдзесят другога года да бітвы на Явіне. Пазней ён некалькі разоў балатаваўся на дзяржаўныя пасады, але безвынікова. І толькі ў 52 годзе да біва на Явіне яго абралі на пасаду прадстаўніка сектара Чамол у Галактычным сенаце. Адбылося гэта адразу пасля загадкавага забойства Відара Кіма (невядома, ці мае Палпацін да гэтага дачыненне).

Жыццё Палпаціна вельмі таямнічае. У яго атрымліваецца захоўваць таямніцу сваёй сапраўднай існасці, нават побач з джэдаямі. Глядач толькі ў трэцім эпізодзе даведваецца пра тое, што Дарт Сідыус і канцлер — адна і тая ж асоба.

Палпацін быў вучнем у старога і вельмі мудрага сітха Дарта Плэгіуса Мудрага. Вучань Дарта Плэгіуса забівае свайго настаўніка, калі той спіць, і сам становіцца адзіным уладаром на цёмным баку Сілы. Пасля знішчэння свайго настаўніка Сідыус бярэ сабе ў вучні забрака і дае яму імя Дарт Мол. Палпацін сам выхоўвае яго сітхам і робіць з яго моцнага і ліхога ваяра-сітха.

На палітычнай арэне Палпацін вядомы як сенатар сярэдняй рукі, але з цягам часу ён рухаецца наперад і пераўтвараецца ў ініцыятыўнага палітыка. Адбываецца гэта таму, што ў яго маюцца добрыя стасункі з некаторымі ўплывовымі людзьмі рэспублікі, такімі як магістр джэдаяў Ёрус К’бат. У той жа час Палпацін знаёміцца з намеснікам губернатара захалуснага сектара Карусанта Уілгафам Таркінам. Гэта забяспечвае яму ўпэўнены рух па палітычнай лесвіцы. Палпацін зарабіў добрую рэпутацыю на барацьбе з карупцыяй.

Яшчэ ў першым эпізодзе пад выглядам Дарта Сідыуса ён звязваецца з віцэ-каралём Гандлёвай федэрацыі Нутам Ганрэем і дамаўляецца з ім аб блакадзе і нападзе на Набу. Верагодна, што Палпацін мае дачыненне да забойства Вяруны — караля Набу. Робіцца гэта ўсё таямніча, і таму сенат нічога не ведае і не рэагуе. Каралева Падмэ Амідала ў выніку атакі федэрацыі вымушана ўцякаць з Набу. Патрапіўшы на Карусант, яна абураецца бяздзеяннем сентараў і выносіць вотум недаверу Велоруму, і пасля патрабуе выбараў новага вярхоўнага канцлера замест існуючага. Але робіць каралева гэта пад уплывам Палпаціна. Складаныя палітычныя інтрыгі Палпаціна і яго прыхільнікаў уводзяць рэпутацыю існуючага канцлера ў глыбокі крызіс. Напад, які быў ініцыяваны Дарт Сідыусам на Набу, становіцца апошняй кропляй для Велорума. У выніку яго скідаюць з пасады вярхоўнага канцлера ўсеагульным галасаваннем у сенаце, а замест яго на пасаду вярхоўнага канцлера прыходзіць Палпацін. І гэта становіцца пачаткам утварэння Імперыі зла. Так вярхоўны канцлер Палпацін пачынае гуляць у сваю двайную гульню. І ніводная істота ў галактыцы, акрамя яго вучня, не ведала пра тое, што кіраўнік Рэспублікі і кіраўнік Гандлёвай федэрацыі — гэта адзін і той жа чалавек. Праз некалькі дзён адбываецца бітва на Набу, і родная планета Палпаціна атрымлівае незалежнасць. У выніку бітвы гіне першы вучань Сідыуса Дарт Мол, і Палпацін пачынае прыглядацца да Энакіна Скайуокера. Ён пачынае назіраць за Скайуокерам і з цягам часу становіцца для Энакіна лепшым сябрам і нават настаўнікам у палітычных пытаннях і не толькі. Па маленькіх кроках канцлер схіляе маладога джэдая на цёмны бок Сілы, пераконваючы яго ў тым, што той з’яўляецца найвыбітнейшым сярод джэдаяў, а Ордэн наўмысна не хоча заўважаць гэта. Палпацін, так бы мовіць, прымушае Энакіна пакрыўдзіцца на джэдаяў.

Урэшце Энакін становіцца новым вучнем Дарта Сідыуса — Дартам Вейдэрам.

У другім і трэцім эпізодах канцлер пры падтрымцы арміі клонаў распачынае кланічную вайну з Гандлёвай федэрацыяй, гэта дае яму магчымасць дыктаваць сваю волю сенату пад выглядам абаронца дэмакратыі. І ў рэшце рэшт сенат надае яму спецыяльныя паўнамоцтвы, пасля чаго вярхоўны канцлер Палпацін пачынае дзейнічаць агрэсіўна: аддае кланічным войскам Загад 66, знішчае Ордэн джэдаяў а таксама з мэтай нібы хутчэйшай перамогі ў вайне рэарганізуе Галактычную рэспубліку ў першую Галактычную імперыю. Незадоўга да гэтага Палпацін схіляе на свой бок маладога джэдая Энакіна Скайуокера, абяццаючы яму ўратаваць Падмэ ад смерці. Энакін прысягае Палпаціну і атрымлівае ад яго імя Дарт Вейдэр. Энакін, альбо Дарт Вейдэр, выконвае любыя яго загады па знішчэнні джэдаяў. Так Імператар Дарт Сідыус цалкам знішчае свабоду і дэмакратыю. Ён пачынае будаўніцтва новай зброі імперыі — Зоркі смерці. Імператар ставіць сваёй мэтай канчатковае знішчэнне ўсіх джэдаяў і сенатараў. Ягонай мэтай ёсць абсалютная ўлада ва ўсёй галактыцы, і дзеля гэтай мэты ён не шкадуе нікога на сваім шляху. У якасці «машыны» для забойства ён выкарыстоўвае свайго вучня Вейдэра, які аддана служыць яму. Разам з Дартам Вейдэрам Палпацін падпарадкоўвае сабе амаль усю галактыку і ўсталёўвае паўсюль таталітарны рэжым, імперскую дыктатуру.

У Эпізод V Імператар Палпацін, разумеючы пагрозу, якая сыходзіць ад дзяцей Энакіна, ставіць галоўнай мэтай знайсці іх і знішчыць. Але ж Палпацін не разлічвае на тое, што Вейдэр насамрэч не згодны выконваць любы яго загад, ён упэнены ў тым, што Дарт Вейдэр цалкам падпарадкоўваецца яму. Але яго самаўпэўненасць у сваёй уладзе над усім урэшце рэшт і забіла яго: ў канцы шостага эпізоду, калі Дарт Вейдэр не здолеў перамагчы і забіць Люка, Імператар сам вырашае забіць яго, але яму ў гэты момант перашкаджае здзейсніць гэта Дарт Вейдэр. Імператар Палпацін гіне ад рук свайго ж вучня, як і Дарт Плэгіус. Так разам з ім гіне і яго Імперыя зла.

Сіла

Дарт Сідыус належыць да цёмнага бока Сілы. Палпацін з’яўляецца цёмным уладаром сітхаў. Ён дасканала пазнаў цёмны бок Сілы і ўсе яе тонкасці. У класічнай трылогіі Імператар выглядае старым і нямоглым, але ж гэта толькі знешне. Ён дэманструе сваю бязмежную моц у шостым эпізодзе, калі атакуе Люка маланкамі. Дарэчы, маланкі — гэта аблюбаваны метад забойства ў Палпаціна. Разам з тым Імператар здольны падманваць розум, бачыць будучыню і нават ратаваць блізкіх сабе людзей ад смерці.

Зброя

Чырвоны светлавы меч, а таксама ўвесь імперскі баявы касмічны флот і новая Зорка смерці.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (3):
Катэгорыя·Выдуманыя злодзеі
Катэгорыя·Сітхі
Катэгорыя·Персанажы паводле алфавіта