wd wp Пошук:

Палацава-паркавы комплекс Войніч-Сянажэцкіх

Палацава-паркавы комплекс Войніч-Сянажэцкіх  (таксама вядома як Сядзіба Халецкіх) —  помнік архітэктуры класіцызму. Пабудаваны канчаткова ў пачатку XIX ст. у в. Хальч (Веткаўскі раён) у былым маёнтку Халецкіх, на правым беразе р. Сож. У пачатку XX ст. належаў Сянажэцкім.

Гісторыя

Вёску Хальч у 1437 годзе Свідрыгайла Альгердавіч падарыў нашчадку шляхецкага роду Халецкіх, якія ў другой палове XVII стагоддзя пабудавалі тут касцёл і кляштар езуітаў.[1]

Сядзібны дом адносіцца да XVI—XVIII ст. Адзін з прадстаўнікоў роду Халецкіх ажаніўся з князёўнай з роду Радзівілаў і атрымаў Ветку ў якасці пасагу, пазней вырашана было прадаць Ветку і адбудаваць у Хальчы маёнтак. Узвядзенне комплексу было закончана ў пачатку XIX стагоддзя.[2]

Халецкія валодалі палацам і сядзібай да 1812 года. Калі Напалеон уступіў на гэтую тэрыторыю, яны прынялі яго бок. Пасля паразы французскай арміі Халецкія назаўжды пакінулі гэты край. Іх сядзібу канфіскавалі і прадалі з таргоў аднаму з прадстаўнікоў мясцовага шляхецкага роду Войніч-Сянажэцкіх.[1][3]

Падчас паўстання Кастуся Каліноўскага ўладальнік сядзібы Аляксандр Сянажэцкі хаваў у доме паўстанцаў. Пасля Аляксандра ўладальнікам маёнтка становіцца Зігмунд Войніч-Сянажэцкі, які ўславіў маёнтак балямі і паляваннем.[2][3]

У 1887 годзе госцем маёнтка стаў беларускі мастак Напалеон Орда, які і зрабіў замалёўку ўсяго маёнтка.[2][3]

Пасля прыходу да ўлады бальшавікоў сядзібу адабралі і апошні нашчадак Войніч-Сянажэцкіх быў расстраляны. У часы савецкай улады сядзіба была прытулкам для бездаглядных дзяцей, потым яе пераабсталёўвалі для турмы НКУС, куды прысылалі «ворагаў народа». У другой палове XX стагоддзя сядзібны дом быў турмой для жанчын з дзецьмі, якую пазней расфармавалі.[1][2][3]

Архітэктура

Сядзіба Войнічаў. Напалеон Орда, XIX ст.

Палац стаяў у цэнтры сядзібнага ансамбля, які складаўся з галоўнага двухпавярховага корпуса і двух бакавых аднапавярховых флігеляў (не зберагліся), якія абмяжоўвалі парадны двор з рэгулярна спланаваным партэрам.

Палац

Палац, фота пач. XX ст.

Палац — кампактны прамавугольны ў плане аб’ём, накрыты вальмавым дахам. Першы паверх мураваны, апрацаваны рустам, другіі драўляны, атынкаваны. Цэнтральная частка з двухсхільным дахам вылучаная на галоўным фасадзе шасцікалонным іанічным порцікам, узнятым з дапамогай масіўных пілонаў на ўзровень другога паверху, а на паркавым фасадзе — паўкруглай тэрасай з каланадай на першым паверсе. З усходняга боку аднапавярховая прыбудова з дадатковым уваходам. Планіроўка калідорная. Парадныя памяшканні і галоўная зала на другім паверсе мелі выхады на балкон галоўнага фасада і паркавую тэрасу, аб’ядноўваліся калідорамі. Пад будынкам скляпеністыя сутарэнні.

Парк

Каля палацу разбіты пейзажны парк. Гаспадарчыя будынкі стаяць убаку ад палацу.

Сучасны стан

Сядзіба Халецкіх марудна рэстаўруецца, але застаецца ў аварыйным стане. Кошт поўнай рэстаўрацыі ацэньваецца ў 2 мільёны еўра і пытанне фінансавання застаецца адкрытым.[4][5]

Зноскі

  1. 1 2 3 Палац у Хальчы дзяржава будзе адраджаць разам з грамадскім актывістам, 10.08.2016
  2. 1 2 3 4 Сядзіба Халецкіх у вёсцы Хальч
  3. 1 2 3 4 Палацы Гомельскай вобласці, 22.06.2021
  4. 12 заброшенных усадеб Беларуси, которые еще можно спасти [12 занядбаных сядзіб Беларусі, якія яшчэ можна выратаваць], 06.07.20 (на рускай мове)
  5. Размову пра культуру без закрытых тэм правёў Маркевіч у Гомелі, Архівавана 15 ліпеня 2021. 15.03.2021

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (9):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Палацава-паркавыя і сядзібна-паркавыя ансамблі Беларусі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылка на Вікісховішча непасрэдна ў артыкуле
Катэгорыя·Артыкулы са спасылкамі на Глобус Беларусі
Катэгорыя·Гісторыка-культурныя каштоўнасці Рэспублікі Беларусь
Катэгорыя·Род Сянажэцкіх
Катэгорыя·Хальч (Веткаўскі раён)
Катэгорыя·Збудаванні Беларусі ў стылі класіцызм
Катэгорыя·Славутасці Веткаўскага раёна