Паддво́рнае — возера ў Браслаўскім ране Віцебскай вобласці ў басейне ракі Дружнянка, за 16 км на поўдзень ад горада Браслаў.
Плошча паверхні 0,29 км², даўжыня 1,07 км, найбольшая шырыня 0,41 км, даўжыня берагавой лініі 2,8 км. Найбольшая глыбіня дасягае 9,3 м, сярэдняя 4,7 м. Аб’ём вады ў возеры 1,35 млн. м³. Плошча вадазбору 7,19 км².
Катлавіна возера лагчыннага тыпу, выцягнутая ў напрамку з поўначы на поўдзень. Схілы катлавіны вышынёй да 5 метраў, пераважна стромкія, пясчаныя. Берагавая лінія слабазвілістая, у паўночнай частцы возера ўтварае заліў. Берагі пясчаныя, месцамі тарфяністыя, зліваюцца са схіламі катлавіны. Зона мелкаводдзя вузкая. На возеры невялікі востраў. Дно да глыбіні 4—5 м выслана пясчанымі адкладамі, глыбей — крэменязёмістым сапрапелем.
Возера эўтрофнае, слабапраточнае. У Паддворнае ўпадаюць 2[1] ручаі і выцякае ручай (пратока) у возера Сярэднік. Зарастае да глыбіні 2,8 м. Надводная прыбярэжная расліннасць пашыраецца на адлегласці ад 3—10 да 20 (у паўднёвай частцы возера) метраў.
У возеры водзяцца шчупак, акунь, лешч, гусцяра, плотка, мянтуз, лінь, краснапёрка і інш.