Отакар Бржэзіна (чэшск.: Otokar Březina, сапраўднае імя Вацлаў Ебавы; 13 верасня 1868 — 25 сакавіка 1929) — чэшскі паэт.
Нарадзіўся ў мястэчку Пачаткі. Першыя літаратурныя спробы, выдаваныя пад псеўданімам Вацлаў Даншаўскі, адносяцца да гадоў навучання ў гімназіі ў Тэлчы (1883—1887). Першыя апублікаваныя вершы маюць эпічны характар і з лёгкім сацыяльным падтэкстам апісваюць звычайныя жыццёвыя гісторыі. У прозе трымаецца наіўна-бадзёрага гумару, з дапамогай якога спрабуе намаляваць розныя чалавечыя тыпы. У прозе адчувальны ўплыў Яна Неруды. Пасля заканчэння гімназіі працуе настаўнікам, жыве на самоце з пачуццём адзіноты і нерэалізаванасці.
У 1887—1892 гадах піша пераважна прозу. Адмаўляецца ад гумарыстычнага тону, творы гэтага перыяду носяць прыкметы натуралізму, галоўнымі матывамі застаюцца смерць, згадкі пра мінулае і непераадольная адзінота. Навелы «Důležitý den života příštipkáře», «Protější okno».
У 1890—1891 гадах узнікае «Román Eduarda Brunnera», які аўтар праз год сам знішчыў. Няўдача гэтага раману, у які Отакар Бржэзіна ўкладаў шмат аўтарскіх надзей, стала прычынай творчага крызісу. Ён захапляецца Бадлерам і Шапенгаўэрам, у творах пераважаюць песімістычныя, меланхалічныя настроі. Прымае Шапенгаўэрава ўяўленне пра свет як абсалютны самападман і ілюзію. У гэты час узнікае тэорыя арыстакратычнай выключнасці мастацтва. Отакар Бржэзіна стаецца з рэалістычнага празаіка паэтам-сімвалістам.
У гэты час чэшская літаратура перажывала крызіс і стаяла на парозе неабходнасці пераходу да новых мастацкіх сродкаў. Шмат паэтаў рэзка змяняюць характар сваёй творчасці (Антанін Сова, Карэл Главачак, Станіслаў Костка Нойман, Іржы Карасек з Львовіцаў), пачынаецца новая эпоха ў літаратурнай крытыцы (Францішак Ксавер Шальда).
У 1907 годзе Отакар Бржэзіна перастае займацца літаратурнай творчасцю.
Два разы (у 1924 і 1928 гадах) быў намінаваны на Нобелеўскую прэмію ў галіне літаратуры.
Паэтычная творчасць Отакара Бржэзіны, знаходзячыся на памежжы мастацтва і філасофскай медытацыі, належыць да каштоўнасцей еўрапейскага літаратурнага сімвалізму. Цалкам у суладдзі з сімвалістычнай тэорыяй паэт успрымаў рэлігійныя факты як сімвалы. Хаця канстанты аўтарскага мастацкага свету знаходзяцца пад пэўным уплывам хрысціянства, яго духоўны свет не кіруецца законамі хрысціянскай духоўнасці, а прасякнуты духоўнасцю філасофскага ідэалізму. Літаратурная творчасць Отакара Бржэзіны знаходзіцца на вяршыні чэшскага сімвалізму. Сімвалісцкія сродкі выразнасці ў паэта хутка аўтаматызаваліся, ператвараліся ў метафарычныя клішэ, праз гэта сімвалізм хутка страчваў сваю мастацкую сутнасць. Таму многія паэты ў хуткім часе адышлі ад сімвалізму (Антанін Сова), а новае пакаленне ўжо стаіць на новых, антысімвалісцкіх пазіцыях (Франя Шрамек, Францішак Гельнер, Віктар Дзік, Карэл Томан)