wd wp Пошук:

Орлам

Орлам (афр.: Orlam, Orlammers, Oorlam, Orlaam, ранейшая саманазва ǃGû-ǃgôun) — група еўрапейска-афрыканскіх крэолаў у Паўднёвай Афрыцы. Жывуць пераважна ў ПАР і Намібіі. У ПАР вылучаюцца як моўная група, якая размаўляе на асабістым дыялекце афрыкаанс, агульнай колькасцю 40 тысяч чалавек[1]. У Намібіі звычайна далучаюцца да нама або нават герэра.

Гісторыя

Орлам паходзяць ад гатэнтотаў, што ў XVII ст. насялялі раён мыса Добрай Надзеі. Пасля заснавання Кейптаўна яны шчыльна кантактавалі з галандцамі, перанялі ў іх конегадоўлю, карыстанне агнястрэльнай зброяй, крытымі вазамі, еўрапейскай вопраткай і г. д. У XVIII ст. орлам склалі самастойную сацыяльную групу крэолаў Капскай калоніі, якая захоўвала адасобленасць ад каланіяльнага грамадства. Лічыцца, што іх назва паходзіць ад тагачаснага галандскага слова o’erlands («тубыльцы») або ад малайскага Orang lama («чалавек вопыту»). Орлам падзяляліся на некалькі супольнасцей на чале абраных капітанаў. Паміж супольнасцямі захоўваліся шчыльныя сваяцкія і ваенныя сувязі.

З канца XVIII ст. орлам пачалі паступова перасяляцца да Аранжавай ракі, дзе ўступалі ва ўзброеныя сутычкі з нама, сан, а потым і з еўрапейскімі фермерамі. Часцяком іх шэрагі папаўняліся прадстаўнікамі іншых плямён і бежанцамі з Капскай калоніі. У 1796 г. супольнасць афрыканераў была вымушана перасяліцца на поўнач ад Аранжавай з-за канфлікту з каланіяльнымі ўладамі. У XIX ст. услед за імі перасяліліся яшчэ 4 супольнасці.

Супольнасць афрыканераў на чале капітанаў Ягера (17951823 гг.) і Ёнкера (1823 — 1861 гг.) стварыла на тэрыторыі Намібіі дзяржаўнае ўтварэнне, якое пры падтрымцы хрысціянскіх місіянераў у саюзе з нама, вяло несупынныя войны супраць герэра. Дзякуючы сучаснай агнястрэльнай зброе орлам доўгі час мелі значную перавагу. Аднак у 1850 г. нама выйшлі з саюзу з афрыканерамі. Еўрапейскія гандляры, напужаныя жорсткасцю капітана Ёнкера, падтрымалі бок герэра. 15 чэрвеня 1863 г. Махарэра, правадыр герэра, нанёс цяжкую паразу войску афрыканераў, а іх капітан Хрысціян загінуў у бітве. Яго брат, апошні капітан Ян Ёнкер, быў вымушаны заключыць мір з герэра ў 1870 г. Аднак праз 10 гадоў канфлікт успыхнуў зноў. У 1889 г. Ян Ёнкер быў забіты сваім сынам. Да канца XIX ст. супольнасць афрыканераў распалася.

Першынство сярод орлам перайшло да супольнасці вітбуй, якая ў 1894 г. падпарадкавалася каланіяльнай нямецкай адміністрацыі. У 1904 г. орлам былі ўцягнуты нямецкімі ўладамі ў задушэнне паўстання герэра. Але Хендрык, капітан вітбуй, уражаны жорсткасцю нямецкіх салдат, перайшоў на бок паўстанцаў. У 1905 г. ён быў смяротна паранены ў баі. Многія вітбуй трапілі ў нямецкія канцлагеры, дзе загінулі. Пасля смерці капітана супольнасць распалася. У 1990 г. Хендрык Вітбуй быў абвешчаны нацыянальным героем Намібіі. Пасля 1907 г. значная частка орлам зноў перасялілася ў Паўднёва-Афрыканскі Саюз або далучылася да нама.

Супольнасці

Літаратура

Зноскі

  1. Language: Oorlams

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (5):
Катэгорыя·Кайсанскія народы
Катэгорыя·Германцы
Катэгорыя·Народы Паўднёвай Афрыкі
Катэгорыя·Народы ПАР
Катэгорыя·Народы Намібіі