wd wp Пошук:

Напад на школу ў Стоўбцах

Напад на школу ў Стоўбцах (Мінская вобласць, Беларусь) адбыўся раніцай 11 лютага 2019 года. 15-гадовы вучань 10-га класа Вадзім Мілашэўскі, узброены нажом, напаў на настаўніцу і вучняў Сярэдняй школы № 2 г. Стоўбцы. У выніку інцыдэнту настаўніца і адзін з вучняў загінулі, двое атрымалі раненні.

Асоба злачынца

Вадзім Віталевіч Мілашэўскі нарадзіўся 26 чэрвеня 2003 года[1], вырас у поўнай сям’і, якая не знаходзілася ў сацыяльна небяспечным становішчы і пражывала ў прыватным доме на вуліцы Гагарына пасля пераезду з аграгарадка Дзераўная. Бацька працаваў кіроўцам, маці — тэхнічкай у камунгасе. Вадзім гуляў у футбол, выступаў за зборную школы па міні-футболе ў першынстве раёна сярод устаноў адукацыі[2]. Вучыўся ў 10 «Б» класе.

Паводле намесніка дырэктара па навучальнай працы Людмілы Старовойтавай, Вадзім Мілашэўскі быў ціхім і спакойным, «у школе ніякіх праблем з яго паводзінамі не было. Добра вучыўся, урокі не прапускаў. Нідзе і ніколі ні ў чым не быў западозраны»[2].

Вадзім выдаліў сваю старонку ў сацыяльнай сетцы «УКантакце», іншы яго акаўнт быў заблакаваны адміністрацыяй за парушэнне правіл[2].

Ход падзей

Папярэдне вызначана, што Вадзім Мілашэўскі прайшоў у школу каля 7.40, пакінуў у кабінеце заплечнік і выйшаў з кабінета. Праз некаторы час вярнуўся.

Па дадзеных следства ён, кіруючыся хуліганскімі матывамі, перад забойствам нанёс удар малатком аднакласніку, параніўшы яго. Затым нанёс настаўніцы нажом не менш за два ўдары. Выбег з кабінета і прычыніў нажавыя раненні двум аднакласнікам, якія спрабавалі яго затрымаць. Затым ён зайшоў у іншы кабінет і нанёс удары нажом вучню 11-класа. Затым выйшаў у калідор, дзе пагражаў нажом намесніку дырэктара і настаўніку біялогіі, спусціўся ў вестыбюль, дзе пагражаў нажом аднакласніцы і падрапаў ім ёй шыю. Потым ён збег з месца здарэння[3][4].

Паведамляецца таксама, што нападнік заходзіў ва ўсе класы, дзе можна было адчыніць дзверы, потым хадзіў з нажом па трэцім паверсе, пакуль яго не заўважылі і не патэлефанавалі ў міліцыю. Хацеў збегчы праз чорны ход, але ён аказаўся зачыненым, таму ён адчыніў акно на першым паверсе і ўцёк[5].

Падлетак быў затрыманы неўзабаве пасля паступлення інфармацыі пра здарэнне ў міліцыю. Яго затрымалі ў пад’ездзе аднаго з дамоў са сродкам нападу, скрываўленым нажом[2], супрацоўнікі крымінальнага вышуку пры падтрымцы АМАПа[5]. Да яго ўжытая мера стрымання ў выглядзе зняволення.

Загінулыя і параненыя

У выніку інцыдэнту на месцы здарэння загінулі два чалавекі — настаўніца і адзін з вучняў.

Раненні ў час нападу таксама атрымалі двое аднакласнікаў Мілашэўскага, якія спрабавалі заступіцца за настаўніцу: хлопцы 15 і 16 гадоў былі шпіталяваны і тэрмінова праапераваны ў Стаўбцоўскай цэнтральнай раённай бальніцы. На вечар 11 лютага іх стан быў стабільна цяжкім[2].

Расследаванне і суд

Распараджэннем Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі міністру адукацыі Беларусі Ігару Карпенку аб’яўлена вымова за «непрыняцце належных мер па забеспячэнні бяспечных умоў знаходжання дзяцей ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі»[7].

Следства знаходзілася пад асабістым кантролем старшыні Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь Івана Наскевіча[2]. 5 ліпеня 2019 года Следчы камітэт паведаміў пра завяршэнне расследавання. 19 жніўня Мінскі абласны суд пачаў разглядаць справу. 11 верасня былы вучань стаўбцоўскай школы Вадзім Мілашэўскі прызнаны вінаватым у забойстве настаўніка і 11-класніка, а таксама ў замаху на забойства ў дачыненні да яшчэ двух школьнікаў і прысуджаны да 13 гадоў пазбаўлення волі ў выхаваўчай калоніі, таксама прысуджана 110 тысяч рублёў кампенсацыі для сям’і забітай настаўніцы. З-за ўзросту абвінавачанага справа слухалася ў закрытым рэжыме, публічна абвясцілі толькі прысуд[8][9].

Ацэнкі

Журналіст Дзмітрый Гурневіч выказаў меркаванне, што судовы працэс у Стоўбцах і яго заканчэнне прайшлі паводле сцэнару, які вызначыла ўлада і ейная прапаганда: «чым менш ведае грамадства, тым лепш будзе спаць». Пракурор паведаміў, што злачынства было ўчыненае «з хуліганскіх памкненняў», — і гэтая фармулёўка нагадвае бюракратычную адпіску. Невядомымі для грамадства засталіся каталізатар і матыў для забойства. Гэта спрыяе патоку плётак і канспіралагічных тэорый[10].

Зноскі

  1. В Столбцах школьник ножом убил учительницу и ученика
  2. 1 2 3 4 5 6 7 8 «Был тихим, хорошо учился». В Столбцах подросток убил учительницу и ученика Архівавана 11 лютага 2019.
  3. sk.gov.by
  4. nashaniva.by
  5. 1 2 3 «Мальчик очень спокойный, для многих это шок». Подробности ЧП в Столбцах, где десятиклассник напал на учителя и школьников Архівавана 15 лютага 2019.
  6. 11-класнік, які загінуў у школе ў Стоўбцах, быў актывістам ТБМ, размаўляў па-беларуску і насіў майку з Пагоняй ФОТЫ
  7. nashaniva.by
  8. news.tut.by Архівавана 11 верасня 2019.
  9. nashaniva.by
  10. svaboda.org
Тэмы гэтай старонкі (8):
Катэгорыя·Масавыя забойствы ў школах
Катэгорыя·Забойствы, здзейсненыя ў 2019 годзе
Катэгорыя·Падзеі 11 лютага
Катэгорыя·Масавыя забойствы ў Беларусі
Category:%D0%A1%D1%82%D0%B0%D1%80%D0%BE%D0%BD%D0%BA%D1%96 %D0%B7 %D0%BA%D0%B0%D1%80%D1%82%D0%B0%D0%BC%D1%96
Катэгорыя·2019 год у Беларусі
Катэгорыя·Гісторыя Стоўбцаў
Катэгорыя·Люты 2019 года