wd wp Пошук:

Міхаіл Сяргеевіч Кацар

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Кацар. Міхаіл Сяргеевіч Ка́цар (25 кастрычніка (7 лістапада) 1906, в. Клімавічы, Сенненскі павет, Магілёўская губерня — 31 сакавіка 1995) — беларускі савецкі гісторык мастацтва. Доктар мастацтвазнаўства (1952), прафесар (1956).

Біяграфія

Нарадзіўся ў вялікай сялянскай сям’і. У 15 год уступае ў камсамол, збірае падаткі з сялян, абіраецца сакратаром камсамольскай ячэйкі, далей працуе піянерважатым, вучыцца ў партшколе. Член КПСС з 1928 года. Браў удзел у будоўлі Магнітагорска і шахтаў Кузбаса, вучыўся на рабфаку ў Свярдлоўску.

Скончыў Маскоўскі інстытут гісторыі, філасофіі і літаратуры ў 1939 годзе. Пасля заканчэння паступіў у аспірантуру Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі. Пасля ранення ў 1942 г. і дэмабілізацыі з войска вярнуўся да навуковай працы ў аспірантуры Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта і ў 1943 г. абараніў дысертацыю «Беларуская архітэктура XI—XVI стст.». Па вяртанні ў Беларусь у 1949 г. паступіў у дактарантуру Інстытута мастацтвазнаўства АН СССР і ў 1952 г. абараніў доктарскую дысертацыю па архітэктуры Беларусі XVII—XVIII стагоддзяў. У 1956 г. атрымаў званне прафесара[1].

Працаваў загадчык аддзела музея-сядзібы «Кускова», старшым рэдактарам выдавецтва «Мастацтва». Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны[2].

Член Саюза архітэктараў СССР з 1946 года[3]. З 1946 г. у АН БССР (у 1946—1950 гг. у Інстытуце мовы, літаратуры і мастацтва, у 1950—1957 гг. у Інстытуце літаратуры, у 1957—1964 гг. загадчык сектара выяўленчага мастацтва Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору). У 1953—1956 гг. загадчык кафедры выяўленчага мастацтва Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута[2].

Удзел у стварэнні дзяржаўнага сцяга БССР

Браў непасрэдны ўдзел у стварэнні дзяржаўнага сцяга БССР, на якім змешчаны беларускі геаметрычны арнамент. У той час Кацар працаваў у Інстытуце літаратуры і мастацтва АН БССР і рыхтаваў да абароны доктарскую дысертацыю. Ён такім чынам апісвае стварэнне сцяга БССР:

В 1951 г. меня пригласил пред. АН БССР Гращенков и сказал, что Верховный совет БССР поручил АН БССР создать эскиз флага БССР и что Академия наук поручает это сектору изобразительного искусства. При этом было сказано, что флаг должен быть оригинальным, отличаться от флагов других республик, чтобы флаг выражал основную идею народа и государства Белоруссии. И вот в старых архивах был обнаружен орнаментальный узор, означающий Восходящее солнце. Он был вышит на полотенце кр. Маркевич М. из дер. Костелище Сенненского р. Вот этот узор и был положен в основу орнаментального узора флага[1].

Выбар арнамента для сцяга тлумачыўся тым, што вобраз узыходзячага сонца атаясамляўся з сімвалам рэвалюцыі, барацьбы народа за свабоду.

Пры гэтым Матрона Маркевіч была роднай сястрой вучонага, муж яе Аляксей Маркевіч быў рэпрэсаваны і расстраляны ў 1937 г.[4] Упершыню яе імя ў якасці аўтаркі арнамента згадваецца Кацарам толькі ў 1991 г. Калегам Кацар не распавядаў пра сваяцтва з Матронай, а сваякам — пра тое, што скарыстаў сястрын арнамент. Паводле прафесара Яўгена Сахуты: «Гэта вядома было, хоць нідзе і не публікавалася, ці ён сам распавядаў, ці што. Але гісторыю пра Матрону Маркевіч ведалі. Па руках доўгі час хадзіў ягоны рукапіс, і ў культурным асяродку пра гэта было вядома»[4].

Пры гэтым выкарыстаны арнамент зусім не характэрны для Віцебшчыны і фіксуецца ў Падняпроўі (Чачэрскі, Гомельскі ці Веткаўскі раёны), што ставіць пад сумнеў версію з аўтарствам ручніка Матроны Маркевіч, агучаную М. Кацарам у 1991 г.[1][5] Вольга Лабачэўская лічыць, што «канструяванне факта з ручніком Матроны сталася для М. Кацара асабістым „прабачэннем“, сімвалічным адкупленнем віны перад памяццю сястры і яе нашчадкамі, дазваляла рэабілітаваць сямейную гісторыю»[1].

Навуковая дзейнасць

Асноўныя працы па праблемах гісторыі беларускага старажытнага і савецкага мастацтва і архітэктуры[2], у т.л. «Беларуская архітэктура» (Мінск, 1956), «Архітэктура і горадабудаўніцтва Беларусі» (Мінск, 1957, у аўтарскім калектыве)[3].

Творы

Зноскі

  1. 1 2 3 4 Вольга Лабачэўская. Патрыятычная міфалогія беларускага арнаменту прафесара М. С. Кацара // Беларускі фальклор. Матэрыялы і даследаванні. Выпуск 8. Мінск: Беларуская навука, 2021. — С. 9—44.
  2. 1 2 3 БелСЭ, 1972
  3. 1 2 Архітэктары Савецкай Беларусі, 1991
  4. 1 2 Маці — помнік у цэнтры гораду, бацьку — яма ў лесе. Радыё Свабода. 07.03.2018.
  5. Зміцер Скварчэўскі. Містыфікацыя прафесара Кацара // Наша гісторыя. № 3. 2021. С. 17—21.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (23):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Старонкі з неадназначнымі геаланцужкамі
Катэгорыя·Постаці Магілёўскай губерні
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Супрацоўнікі ІМЭФ НАНБ
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Памерлі ў Мінску
Катэгорыя·Мастацтвазнаўцы Беларусі
Катэгорыя·Удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны
Катэгорыя·Выкладчыкі Беларускай акадэміі мастацтваў
Катэгорыя·Члены КПСС
Катэгорыя·Вучоныя паводле алфавіта
Катэгорыя·Выпускнікі МІФЛГ
Катэгорыя·Члены Беларускага саюза архітэктараў
Катэгорыя·Супрацоўнікі Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы НАНБ
Катэгорыя·Дактары мастацтвазнаўства
Катэгорыя·Памерлі 31 сакавіка
Катэгорыя·Гісторыкі архітэктуры Беларусі
Катэгорыя·Нарадзіліся 7 лістапада
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую Савецкую Энцыклапедыю без аўтара
Катэгорыя·Члены Саюза архітэктараў СССР
Катэгорыя·Памерлі ў 1995 годзе
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1906 годзе
Катэгорыя·Артыкулы пра вучоных без партрэтаў