wd wp Пошук:

Міхаіл Мікалаевіч Тухачэўскі

Міхаіл Мікалаевіч Тухачэўскі (руск.: Михаи́л Никола́евич Тухаче́вский; 16 лютага 1893 — 12 чэрвеня 1937) — савецкі ваенны дзеяч, Маршал Савецкага Саюза (1935). Прасунуўся па службовай лесвіцы ў часы Грамадзянскай вайны. Разам з В. К. Путнам, І. Э. Якірам, І. П. Убарэвічам рэпрэсіраваны ў 1937 годзе па «справе ваенных», рэабілітаваны ў 1957 годзе.

Біяграфія

Нарадзіўся 16 лютага 1893 года на Смаленшчыне. Скончыў 1-ы Маскоўскі кадэцкі корпус (1912), потым Аляксандраўскае ваеннае вучылішча (1914) Падчас Першай сусветнай вайны служыў на Заходнім фронце, камандаваў ротай. У лютым 1915 года трапіў у палон. Збег з палону ў верасні 1917 года і ў кастрычніку вярнуўся ў Расію, дзе неўзабаве далучыўся да кампартыі бальшавікоў і Чырвонай Арміі.

Падчас Грамадзянскай вайны камандаваў рознымі арміямі Усходняга і Каўказскага франтоў. Падчас вайны Савецкай Расіі з Польшчай (1919—1921 гг.) ажыццявіў наступленне на тэрыторыю Польшчы ў ліпені 1920 года, але ў жніўні яго войскі былі разбіты, у выніку чаго Заходняя Украіна і Заходняя Беларусь ізноў былі заняты польскай арміяй.

Пасля гэтага Тухачэўскі падаўляў выступленні супраць савецкай улады ў Беларусі і на Тамбоўшчыне. Пры гэтым актыўна выкарыстоўвалася тактыка захопу заложнікаў з мяцежных раёнаў[6].

З 1921 па 1936 гг. Тухачэўскі знаходзіўся на розных камандных пасадах Чырвонай Арміі, а ў красавіку 1936 года яго прызначылі 1-м намеснікам народнага камісара абароны. За гэты час ён неаднаразова падаваў прапановы па мадэрнізацыі Чырвонай Арміі і актыўна супрацоўнічаў з замежнымі ваеннымі спецыялістамі, а таксама пісаў навуковыя працы.

22 мая 1937 года Тухачэўскага арыштавалі і судзілі па абвінавачванню ва ўдзеле ў ваеннай змове. Ён прызнаў сябе вінаватым і быў расстраляны пасля аб’яўлення прысуду 11 чэрвеня таго ж года. У 1956—1957 гадах Тухачэўскі быў поўнасцю рэабілітаваны.

Падаўленне антысавецкіх паўстанняў

У лістападзе 1920 года Тухачэўскі камандуе войскамі Заходняга фронту ў аперацыі па разгрому на тэрыторыі Беларусі атрадаў народна-добраахвотніцкай арміі генерала Булак-Балаховіча.

5 сакавіка 1921 года Тухачэўскі прызначаны камандуючым 7-й арміяй, накіраванай на падаўленне паўстання гарнізона Кранштата. Да 18 сакавіка паўстанне задушана.

У 1921 году РСФСР была ахоплена антысавецкімі паўстаннямі, найбуйнейшым з якіх у Еўрапейскай Расіі было сялянскае паўстанне ў Тамбоўскай губерні. Расцэньваючы Тамбоўскі мяцеж як сур’ёзную небяспеку, Палітбюро ЦК у пачатку мая 1921 года прызначае Тухачэўскага камандуючым войскамі Тамбоўскай акругі з задачай цалкам знішчыць яго ў самыя кароткія тэрміны. Згодна з распрацаваным Тухачэўскім планам, паўстанне было ў асноўным падаўлена да канца ліпеня 1921 года. У баях супраць атрадаў, якія складаліся пераважна з сялян, Тухачэўскі ўжываў хімічную зброю (атрутныя газы), артылерыю і авіяцыю. Таксама шырока выкарыстоўваліся такія меры, як захоп і расстрэл закладнікаў з ліку сваякоў паўстанцаў.

Ацэнка ў гісторыі

Большасць савецкіх і пост-савецкіх гісторыкаў ацэньваюць Тухачэўскага як таленавітага стратэга і ваеннага тэарэтыка, які быў здольны лепей падрыхтаваць Чырвоную Армію да вайны з Германіяй. Некаторыя іншыя даследчыкі, напрыклад, пісьменнік Віктар Сувораў, лічаць, што яго прапановы па мадэрнізацыі арміі былі ўтапічнымі, а навуковыя працы напісаны ў стылі палітагітацыі і гэта ставіць пад пытанне рэпутацыю Тухачэўскага як стратэга[7].

У розных гарадах СССР у гонар Тухачэўскага названы шэраг вуліц, у тым ліку некалькі ў Беларусі (Бабруйск, Гомель, Ліда, Мінск і інш.).

Зноскі

  1. 1 2 Нямецкая нацыянальная бібліятэка, Берлінская дзяржаўная бібліятэка, Баварская дзяржаўная бібліятэка і інш. Record #118763091 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 26 красавіка 2014.
  2. 1 2 Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr: платформа адкрытых дадзеных — 2011. Праверана 10 кастрычніка 2015.
  3. Нямецкая нацыянальная бібліятэка, Берлінская дзяржаўная бібліятэка, Баварская дзяржаўная бібліятэка і інш. Record #118763091 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 31 снежня 2014.
  4. http://www.history.army.mil/books/OpArt/russia2.htm
  5. https://marknesop.wordpress.com/2010/10/03/stalin-in-the-eye-of-the-russian-beholder/
  6. http://historiapure.narod2.ru/dakumenti__materiyali/rasstrel_zalozhnikov_v_godi_grazhdanskoi_voini_1918-22/ Приказ Полномочной Комиссии ВЦИК № 116 г. Тамбов 23 июня 1921 г.
  7. В. Суворов. Очищение — М.: АСТ, 2006. — С.156—262.
Тэмы гэтай старонкі (23):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Удзельнікі Першай сусветнай вайны
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Прозвішча»
Катэгорыя·Памерлі ў 1937 годзе
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Сафонаўскім раёне
Катэгорыя·Кавалеры ордэна Леніна
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Іпб. Прозвішча»
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Дарагабужскім павеце
Катэгорыя·Ваенная акадэмія імя М. В. Фрунзэ
Катэгорыя·Нарадзіліся 16 лютага
Катэгорыя·Начальнікі Генштаба Узброеных Сіл РФ
Катэгорыя·Выпускнікі Аляксандраўскага ваеннага вучылішча
Катэгорыя·Кавалеры ордэна Святога Станіслава 3 ступені
Катэгорыя·Кавалеры ордэна Святой Ганны 4 ступені
Катэгорыя·Маршалы Савецкага Саюза
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1893 годзе
Катэгорыя·Памерлі 12 чэрвеня
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Катэгорыя·Кавалеры ордэна Чырвонага Сцяга
Катэгорыя·Удзельнікі Грамадзянскай вайны ў Расіі
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Кавалеры ордэна Святога Уладзіміра 4 ступені
Катэгорыя·Памерлі ў Маскве