У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Мацье.
Мілі́ца Э́двінаўна Мацье́ (руск.: Милица Эдвиновна Матье; 12 (24) ліпеня 1899, Санкт-Пецярбургская губерня — 8 красавіка 1966, Ленінград) — савецкі егіптолаг, мастацтвазнавец і гісторык.
Дачка абруселага англічаніна. Скончыла жаночую гімназію ў Кранштаце, вучылася на Вышэйшых жаночых курсах у Петраградзе. Ва ўніверсітэце слухала лекцыі Б. Тураева і В. Струвэ.
З 1921 па 1965 гады працавала ў Эрмітажы. Выкладала ў Ленінградскім універсітэце, на факультэце тэорыі і гісторыі выяўленчага мастацтва Інстытута жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Рэпіна. Доктар гістарычных навук (1945), прафесар (з 1947 года).
Вывучала рэлігію і мастацтва Старажытнага Егіпта. Брала ўдзел у выданні старажытнаегіпецкіх і копцкіх помнікаў са збору Эрмітажа. Пры даследаванні егіпецкай міфалогіі шмат у чым прытрымлівалася тэорыі Дж. Фрэйзера пра «бога, які памірае і ўваскрасае». Аўтар фундаментальнай працы «Мастацтва старажытнага Егіпта» (1961). Высунула гіпотэзу пра правільны парадак чытання «Тэкстаў пірамід». У прадмове да яе кнігі «Дзень егіпецкага хлопчыка» згадваецца, што ні разу не была ў Егіпце.