wd wp Пошук:

Мікалай Мікалаевіч Навасільцаў

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Навасільцаў. Граф (з 1833 года) Мікалай Мікалаевіч Навасільцаў (руск.: Николай Николаевич Новосильцев; 1761 — 8 [20] красавіка 1838, Санкт-Пецярбург) — рускі дзяржаўны дзеяч, член Сакрэтнага камітэта, прэзідэнт Імператарскай Акадэміі навук (18031810), старшыня Камітэта міністраў (1832—1838), старшыня Дзяржаўнага савета (1834—1838). Сапраўдны тайны саветнік (1823), сенатар, сапраўдны камергер.

Раннія гады

Выхоўваўся ў пецярбургскім доме графа А. С. Строганава як незаконнанароджаны сын яго сястры Марыі, выдадзенай замуж за Мікалая Усцінавіча Навасільцава. У 1783 годзе выпушчаны з Пажаскага корпуса ў капітаны лейб-грэнадзёрскага палка. У 1785 годзе перайшоў секунд-маёрам у Валынскі рэгулярны казацкі полк. У 1786 годзе прылічаны да Калегіі замежных спраў. Браў удзел у вайне са Швецыяй 1788—1790 гадоў, быў прыкамандзіраваны да галоўнакамандуючага вяслярным флотам. Адзначыўся ў бітве пры востраве Мусала 13 жніўня 1789 года, за што быў узведзены ў палкоўнікі. Удзельнічаў у прыгнечанні паўстання 1794 пад кіраўніцтвам Касцюшкі ў Польшчы і Літве. Выйшаў у 1796 годзе ў адстаўку, жыў у Лондане. Слухаў лекцыі па фізіцы, матэматыцы і медыцыне.

Паплечнік Аляксандра I

Адзін з найбліжэйшых паплечнікаў Аляксандра I у першыя гады яго кіравання, член т.зв. «Сакрэтнага камітэта». У 1803—1810 гадах — прэзідэнт Акадэміі навук, апякун Пецярбургскай навучальнай акругі. На гады прэзідэнцтва Навасільцава прыпала першае рускае кругасветнае плаванне. З 1806 года член Расійскай акадэміі. З 21 кастрычніка 1804 года таварыш міністра юстыцыі з захаваннем на ранейшых пасадах. Кіраўнік Камісіі складання законаў. Суправаджаў Аляксандра I у замежных паездках. У пачатку 1805 з поспехам выканаў ускладзеную на яго місію пра заключэнні саюза з Вялікабрытаніяй, выбраны ганаровым членам Вольнага таварыства аматараў славеснасці, навук і мастацтваў. Таксама быў членам сталічнай масонскай ложы З’яднаных сяброў (Amis reunis)[1].

Пасля расчаравання імператара ў Сакрэтным камітэце і яго фактычнага роспуску Навасільцаў у 1806 годзе быў накіраваны паслом да Напалеона, але не паспеў даехаць да Парыжа, як апошнім была абвешчана вайна. У 1806—1809 гадах быў пры імператары. У 1809—1812 гадах жыў у Вене, выконваў розныя дыпламатычныя даручэнні ў Заходняй Еўропе. Навасільцаў цяжка перажываў выдаленне ад двара, стаў аддавацца моцным напоям.

Кіраванне Польшчай

Замалёўка Станіслава Мараўскага з выявамі пракурора Гераніма Батвінкі, Ігната Анацэвіча, Мікалая Навасільцава і Вацлава Пелікана

У 1813—1815 гадах віцэ-прэзідэнт часовага замяшчальнага савета, які кіраваў Варшаўскім герцагствам (пасля Царства Польскае), пазней прадстаўнік імператара Аляксандра I пры савеце, які кіраваў Царствам Польскім, склаў для яго шэраг праектаў, кіраваў камітэтам па навучальнай частцы. З 1821 года саветнік намесніка Царства Польскага і давераная асоба вялікага князя Канстанціна Паўлавіча. Стаў пераемнікам Адама Чартарыйскага на пасадзе апекуна Віленскага ўніверсітэта (1824—1831) і Віленскай навучальнай акругі. Узначальваў камісію, якая расследавала тайныя арганізацыі студэнтаў Віленскага ўніверсітэта (філаматы, філарэты). Дзейнасць Навасільцава ў Літве працягвалася да 1831 года. Праяўленая ім тут строгасць і нават жорсткасць, асабліва ў дачыненні да моладзі, выклікалі лютасць мясцовага нсельніцтва і, паводле меркавання некаторых, спрыялі паскарэнню паўстанню 1830 года.

Рэфарматарскія памкненні

Парадны партрэт графа Навасільцава

Да 1820 года распрацаваў праект «Статутнай граматы Расійскай імперыі» — першай канстытуцыі за ўсю гісторыю Расіі. Канстытуцыйны праект прадугледжваў стварэнне двухпалатнага парламента (Дзяржаўнага сейма і Дзяржаўнай думы), без якога манарх не мог выдаць ніводнага закона, недатыкальнасць уласнасці, незалежнасць суда, роўнасць усіх грамадзян перад законам, грамадзянскія свабоды, федэратыўную арганізацыю Расіі. Пытанне аб прыгонным праве ў гэтым тайным праекце канстытуцыі не разглядалася. Гэтаму былі прысвечаны спецыяльныя, таксама асабліва сакрэтныя праекты, якія прапаноўваліся А. А. Аракчэевым і міністрам фінансаў Д. А. Гур’евым.

У 1821 годзе разам з М. С. Варанцовым і А. С. Меншыкавым распрацаваў і прадставіў Аляксандру I праект адмены прыгоннага права (наступстваў не меў).

Ганаровы член Маскоўскага ўніверсітэта (1826)[2].

Познія гады

Пасля Лістападаўскага паўстання 1830 года Навасільцаў вярнуўся з Польшчы ў Пецярбург, дзе быў прызначаны членам Дзяржаўнага савета. Старшыня Камітэта міністраў (з 1832), Дзяржаўнага савета (з 1834). У 1833 годзе Навасільцаву падараваны тытул графа.

Памёр 8 (20) красавіка 1838 года. Пахаваны ў Духаўскай царкве Аляксандра-Неўскай лаўры ў Санкт-Пецярбургу. Вялікі архіў Навасільцава згарэў большай часткай падчас паўстання (1831), і толькі частка перайшла да яго пляменніка.

Асабістыя якасці

Навасільцаў пражыў усё жыццё халасцяком, але да старасці славіўся лавеласам («сумесь Бахуса з сатырам»). П. У. Далгарукаў характарызуе яго як «чалавека розуму незвычайнага, які валодаў вялікімі звесткамі і выдатным дарам слова, але ўладалюбівага, каварнага, бяздушнага і жорсткага», дадаючы: «аматар усіх пачуццёвых асалод»[3]. «Навасільцава я ўжо бачыў стомленым чалавекам, перасычаным цяганінаю, — успамінае сенатар К. І. Фішэр, — які нічым не займаўся больш, як абедамі і валаводствам: чырвоны твар, шкляныя вочы, наогул выгляд, не выяўляў дзяржаўнага мужа…»[3]. М. І. Грэч успамінаў, што Навасільцаў «у Вене паў і спахабіўся да немагчымасці і, дзіўная справа ў яго становішчы і званні, — пачаў піць. Займаючы ўжо першую ступень у дзяржаве, ён на гадавым свяце Англійскага клуба скакаў п’яны трапака прад шматлікім сходам. Гледзішча сумнае і абразлівае для сябра гонару і дабрадзейнасці!»[3]. М. П. Макараў, які служыў у Варшаве з 1823 года, сведчыў: «Да абеду ён яшчэ трымаўся, але потым пачынаў рабіць узліванні і да вечара даходзіў калі не да становішча рыз, то да вельмі ўзбуджанага стану»[4]. Тое ж адзначаў і В. А. Пржацлаўскі (Цыпрынус).

Асноўныя працы

Зноскі

  1. А. И. Серков. Русское масонство 1731—2000. Энциклопедический словарь.
  2. Летопись Московского университета
  3. 1 2 3 Императорский дом. Выдающиеся сановники. Энциклопедия биографий. Том 2. — С. 142.
  4. Макаров Н. Мои семидесятилетние воспоминания… — СПб., 1882. — Ч.4. — С. 76.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (30):
Сапраўдныя тайныя саветнікі
Папячыцелі Віленскай навучальнай акругі
Старшыні Дзяржаўнага савета Расійскай імперыі
Памерлі ў Санкт-Пецярбургу
Нарадзіліся ў 1761 годзе
Кавалеры ордэна Святога Аляксандра Неўскага
Сенатары Расійскай імперыі
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Кавалеры ордэна Святога апостала Андрэя Першазванага
Асобы
Вікіпедыя:Артыкулы са спасылкамі на элементы Вікідадзеных без беларускага подпісу
Памерлі ў 1838 годзе
Прэзідэнты Расійскай акадэміі навук
Кавалеры ордэна Святога Уладзіміра 4 ступені
Кавалеры ордэна Белага арла (Царства Польскае)
Дыпламаты Расійскай імперыі
Выпускнікі Пажаскага корпуса
Графы Расіі
Кавалеры ордэна Святога Станіслава (Польшча)
Постаці Царства Польскага
Палкоўнікі (Расійская імперыя)
Члены Дзяржаўнага савета Расійскай імперыі
Удзельнікі руска-шведскай вайны 1788—1790
Памерлі 20 красавіка
Кавалеры ордэна Святой Ганны 1 ступені
Члены Акадэміі Расійскай
Ганаровыя аматары Імператарскай Акадэміі мастацтваў
Кавалеры ордэна Святога Уладзіміра 1 ступені
Члены РАН
Удзельнікі задушэння паўстання 1794 года