wd wp Пошук:

Мы выйдзем шчыльнымі радамі

Інструментальны запіс гімна

Мы выйдзем шчыльнымі радамі — гімн Беларускай Народнай Рэспублікі, словы Краўцова Макара, музыка Уладзіміра Тэраўскага.

Гісторыя

Верш Макара Краўцова «Ваяцкі марш» апублікаваны 30 кастрычніка 1919 года ў газеце «Беларусь», музыку гімна напісаў Уладзімір Тэраўскі. Як гімн Беларускай Народнай Рэспублікі прыняты ў 1920 годзе, калі дзяржава дэ-факта ўжо не існавала, а яе кіраўніцтва знаходзілася ў выгнанні.

У «Беларускім спеўніку» (1921)[1] Уладзіміра Тэраўскага радок «Штандарт наш бел-чырвона-белы» заменены на «Свабодны сцяг, штандарт чырвоны». Ноты выдання набіраліся раней, яно рыхтавалася ў 1920 годзе секцыяй Беларускай вайсковай камісіі, таму на загад цэнзараў згадку бел-чырвона-белы сцяга друкарня зафарбавала чорным.

Гімнам актыўна карысталіся арганізацыі беларускай дыяспары, якія стаялі на незалежніцкіх пазіцыях.

У 1991 годзе, пасля аднаўлення незалежнасці Беларусі, было прапанавана зрабіць «Ваяцкі марш» дзяржаўным гімнам, разам з аднаўленнем герба «Пагоня» і бел-чырвона-белага сцяга як дзяржаўных сімвалаў. З публічным зваротам наконт гэтага выступілі вядомыя літаратары Васіль Быкаў, Алесь Адамовіч і Рыгор Барадулін[2].

Сёння марш мае пэўную папулярнасць у асяродку беларускай дэмакратычнай апазіцыі і рэгулярна называецца сярод альтэрнатыў афіцыйнаму гімну Беларусі[3][4].

У 2020 годзе гімн увайшоў у патрыятычны музычны альбом «Годныя песні» Вольнага хору[5]. Актыўна выкарыстоўваецца ў час пратэстаў 2020—2021 гадоў у Беларусі.

Тэкст

Першапачатковы

Мы выйдзем шчыльнымі радамі…

(запіс кірыліцай)

Мы выйдзем шчыльнымі радамі
На вольны родны свой прастор.
Хай воля вечна будзе з намі,
А гвалту мы дамо адпор!

Няхай жыве магутны, сьмелы
Наш беларускі вольны дух.
Штандар наш бел-чырвона-белы,
Пакрый сабой народны рух.

На бой! За шчасьце і за волю
Народу слаўнага свайго!
Браты, цярпелі мы даволі,
На бой — усе да аднаго!

Імя і сілу беларуса
Няхай пачуе й убачыць той,
Хто сьмее нам нясьці прымусы
I першы выкліча на бой.

Браты, да шчасьця мы падходзім:
Хай гром грыміць яшчэ мацней!
У крывавых муках мы народзім
Жыцьцё Рэспублікі сваей!

My vyjdziem ščylnymi radami

(запіс лацінкай)

My vyjdziem ščylnymi radami
Na volny rodny svoj prastor.
Chaj vola viečna budzie z nami,
A hvałtu my damo adpor!

Niachaj žyvie mahutny, śmieły
Naš biełaruski volny duch;
Štandar naš bieł-čyrvona-bieły,
Pakryj saboj narodny ruch!

Na boj! Za ščaście i za volu
Narodu słaŭnaha svajho!
Braty, ciarpieli my davoli.
Na boj! — Usie da adnaho!

Imia i siłu biełarusaŭ
Niachaj pačuje j bačyć toj,
Chto śmieje nam niaści prymusy
I pieršy vykliča na boj.

Braty, da ščaścia my padchodzim:
Chaj hrom hrymić jašče macniej!
Ǔ kryvavych mukach my narodzim
Žyćcio respubliki svajej!

Варыяцыі

Мы выйдзем шчыльнымі радамі

На вольны родны наш прастор.

Хай воля вечна будзе з намі,

А гвалту мы дамо адпор!

Хай аджыве закамянелы

Наш беларускі вольны дух;

Штандар наш бел-чырвона-белы,

Пакрыў сабой народны рух!

На бой! За шчасце і за волю

Народу слаўнага свайго!

Браты, цярпелі мы даволі.

На Волю! — усе да аднаго!

Імя і сілу беларуса

Няхай пачуе й бачыць той,

Хто смее нам нясці прымусы

I першы выкліча на бой.

Браты, да шчасця мы падходзім:

Хай гром грыміць яшчэ мацней!

У крывавых муках мы адродзім

Жыццё Рэспублікі сваей!

Зноскі

  1. Ўл. Тэрраўскi Беларускi сьпеўнiк з нотамi на 3 галаса паводле народных мэлёдый. — Менск, 1921. — С. 58.
  2. Сяргей Навумчык. Дзевяноста першы. — Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2013 — с. 414
  3. http://nashaniva.by/?c=ar&i=60220 Архівавана 5 лістапада 2013.
  4. http://nashaniva.by/?c=ar&i=107965 Архівавана 5 лістапада 2013.
  5. «Вольны хор» прэзентаваў унікальны альбом «Годныя песні». 16-11-2020

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (5):
Катэгорыя·Беларуская Народная Рэспубліка
Катэгорыя·Дзяржаўныя сімвалы Беларусі
Катэгорыя·Дзяржаўныя гімны
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Вікіпедыя·Шаблон «Вонкавыя спасылкі» пусты