wd wp Пошук:

Мотэ

Рэканструкцыя мотэ ў Лютэнбургу
Замак Ля-Туск (Жыронда). Рэканструкцыя Э. Віяле-ле-Дзюка.

Мо́тэ (ням.: Motte[1]), плесі або ферт (фр.: plessis, ferté)[2], або «нарма́нскі замак»[3], або «замак на пагорку» (фр.: château à motte)[4]  — ранні канструкцыйны тып драўлянага замка, распаўсюджаны ў X—XI стагоддзях пераважна ў Францыі і Англіі.

Гісторыя

Тып узнік і масава будаваўся ў дзяржаве Капетынгаў з X стагоддзя, найперш на паўночных землях. З сярэдзіны XI стагоддзя тып трапляе ў Англію[5], і масава будуецца там, а пазней у Уэльсе, Ірландыі і нізінах Шатландыі. З гэтага ж перыяду паходзіць англійскае слова для азначэння замку наогул — castle (castel). Словы «плесі», «ферт» ці «мот» (назва пагорку — цэнтральнай часткі такога замку) дасюль захоўваюцца ў назвах населеных пунктаў Францыі, што некалі прымыкалі да такіх замкаў.[6]

З XII стагоддзя, а месцамі і з канца XI стагоддзя, такія замкі перабудоўваюцца ў каменныя ці драўляна-каменныя (шэл-кіп).

Асновай і галоўнай тыпалагічнай адметнасцю замку такога тыпу была драўляная вежа-данжон, пераважна простакутная ў плане і пастаўленая на «моту» (фр. motte, лац. mota) — прыродны ці штучны пагорак. Падэшва пагорку абводзілася сухім ці водным ровам. Верх пагорку раўняўся ў пляцоўку (плошчай да 40—50 м²), якая абводзілася тынам (часам з баявымі пляцоўкамі-забароламі), часам валам з тынам на ім. Праход па-над ровам на верх пагорку забяспечваўся здымным мостам, які мантаваўся на апорах. Звычайная вышыня пагорку складала 9—12 м, часам да 30 м (адзін з замкаў Норфалка каля Тэтфарда)[7].

Побач з пагоркам звычайна змяшчаўся двор (англійскае «бейлі», bailey), дзе ставілі жытло для бліжэйшага акружэння феадала і для слугаў, а таксама некаторыя гаспадарчыя пабудовы. Гаспадарчы двор мог забяспечвацца ўласным абводам валу ці тыну, які прымыкаў да пагорку, акружаў яго, або мясціўся побач, але асобным абводам. Двароў магло быць два; плошча замку разам з дваром дасягала 0,6—1,2 га, і рэдка бывала вялікай[8].

Гл. таксама

Зноскі

  1. Азначэнне тыпу, прынятае ў нямецкай літаратуры, уведзенае Ота Піперам. Карл Шухарт прапаноўваў тэрмін ням.: Turmhügelburg«замак з вежавым пагоркам».
  2. Азначэнні паводле: Усеагульная гісторыя архітэктуры, С.101.
  3. Распаўсюджанае, але не цалкам дакладнае азначэнне тыпу ў англамоўнай літаратуры. Існавалі і іншыя тыпы нарманскіх замкаў.
  4. Азначэнне ў французскай літаратуры, уведзенае Арсісам дэ Камонам ў 1830-х гг.
  5. Спачатку праз нарманаў, запрошаных Эдвардам Споведнікам для абароны графства Херыфорд ад уэльсцаў, пазней праз нарманскае заваяванне Англіі.
  6. Гісторыя…, Брытаніка.
  7. Гісторыя…, Окшат, Брытаніка.
  8. Гісторыя…, Брытаніка, Окшат.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (2):
Катэгорыя·Фартыфікацыя
Катэгорыя·Архітэктура