wd wp Пошук:

Мацвей Паўлавіч Хаўкін

Мацвей Паўлавіч Хаўкін (сап. Мордух Цэвелевіч Хаўкін 14 верасня 1897, г. Рагачоў, Магілёўская губерня — 9 снежня 1980) — дзяржаўны дзеяч.

Біяграфія

Нарадзіўся ў беднай яўрэйскай сям’і. Маці памерла, калі яму было пяць гадоў. У дзесяць яго аддалі ў вучні да краўца, а ў чатырнаццаць ён збег з дому ў пошуках заробку. Працаваў у Данбасе, з пачаткам Першай сусветнай вайны вярнуўся на радзіму. Пад уплывам старэйшага брата Самуіла Цэвелевіча Хаўкіна (1893—1976), члена РСДРП з 1911 года, прымкнуў да бальшавікоў.

У студзені 1916 года жыў у Самары, уступіў у партыю бальшавікоў. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года прымаў удзел у раззбраенні самарскай паліцыі. У сакавіку 1919 года ўдзельнічаў у Стракапытаўскім мяцяжы ў Гомелі, абараняў гатэль «Савой». Затым ваяваў у Першым Гомельскім рэвалюцыйным пралетарскім батальёне, які змагаўся з польскімі вайскамі. У чэрвені 1919 года батальён быў акружаны ў раёне Стоўбцаў апынуўся ў палоне. Яго ўтрымлівалі ў Беластоцкай турме, затым перавялі ў лагер ваеннапалонных, дзе яму ўдалося збегчы і ён апынуўся ў Брэст-Літоўску.

У Брэст-Літоўску ў сакавіку 1919 года была створана падпольная арганізацыя бальшавікоў. Яе ўзначаліў Якаў Барысавіч Быкін (1988—1938). У арганізацыю ўваходзілі М. П. Хаўкін, А. Іваноў, І. Утуліх, Н. Я. Грынберг, С. Гурыновіч, С. З. Крушынская, А. Сакаленка і іншыя. У ліпені 1920 года падпольны камітэт арганізаваў партызанскі атрад пад камандаваннем М. П. Хаўкіна для дапамогі наступаючай Чырвонай арміі і стаў асновай міліцыі горада.

1 жніўня 1920 года Чырвоная армія вызваліла Брэст-Літоўск. У горадзе была ўстаноўлена савецкая ўлада і створаны яе першы орган — Брэсцкі павятовы рэвалюцыйны камітэт. Першым старшынёй рэвалюцыйнага камітэта стаў А. І. Угараў, пазней — М. І. Мароз. М. П. Хаўкін быў камісарам (камендантам) Брэсцкай крэпасці, узначальваў гарадскую міліцыю. 19 жніўня ў выніку новага наступлення польскіх войск Чырвоная армія вымушана была адступіць, пакінуць горад. Брэсцкі рэвалюцыйны камітэт эвакуіраваўся і неўзабаве быў расфарміраваны.

У далейшым Хаўкін займаў шэраг адказных пасад. Узначаліў камітэт па барацьбе з дэзерцірствам у Пінску, камандаваў кавалерыйскім загараджатрадам. У 1921—1927 гадах камандаваў міліцыяй у Гомелі. Быў дэлегатам Х з’езда КПБ(б) (1927). Яго накіравалі ў Казахстан, потым — у Дагестан, дзе ён змагаўся з нацыянальна-вызваленчым рухам. У 1930—1934 гадах быў адным з кіраўнікоў г. Смаленска, сакратаром Смаленскага гаркама.

7 мая 1934 года была створана Яўрэйская аўтаномная вобласць з цэнтрам у г. Бірабіджане. З 6 чэрвеня 1935 года па 22 мая 1937 года — першы сакратар абкама Яўрэйскай вобласці. Таксама М. П. Хаўкін займаў пасады сакратара Бірабіджанскага гаркама, быў членам Далёкаўсходняга крайкама КП(б), крайвыканкама і прэзідыума аблвыканкама.

У маі 1937 года быў адазваны ў Маскву. 16 студзеня 1938 года быў арыштаваны, для следства дастаўлены ў Хабараўск. 30 студзеня 1941 года асуджаны да 15 гадоў у лагерах, адбываў тэрмін на Калыме (п. Певек), працаваў у лагернай пашывачнай майстэрні. 2 ліпеня 1950 года вызвалены датэрмiнова, знаходзіўся на пасяленні ў г. Какчатаве (Казахстан). 11 студзеня 1956 года рэабілітаваны, узноўлены ў партыі.

Мацвей Паўлавіч з мая 1956 года жыў у Маскве, з’яўляўся персанальным пенсіянерам саюзнага значэння.

Памяць

У Брэсцкім абласным краязнаўчым музеі захоўваюцца дакументы рэвалюцыйнага камітэта з аўтографамі М. П. Хаўкіна. На будынку, дзе ў 1920 годзе месціўся Брэсцкі рэвалюцыйны камітэт (вул. Пушкінская, 23), у 1967 годзе ўстаноўлена мемарыяльная дошка. На доме, дзе была явачная кватэра бальшавікоў (вул. Куйбышава, 47), у 1976 годзе ўстаноўлена мемарыяльная дошка.

Літаратура

Зноскі

Тэмы гэтай старонкі (15):
Катэгорыя·Памерлі ў Маскве
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Іпб. Прозвішча»
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Прозвішча»
Катэгорыя·Памерлі 9 снежня
Катэгорыя·Нарадзіліся 14 верасня
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1897 годзе
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Рагачове
Катэгорыя·Памерлі ў 1976 годзе
Катэгорыя·Памерлі ў 1980 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «Імя Прозвішча»
Катэгорыя·Кавалеры ордэна Леніна
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра дзяржаўных дзеячаў без ілюстрацый на Вікісховішчы
Катэгорыя·Нарадзіліся 30 кастрычніка
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1893 годзе