wd wp Пошук:

Малы бугай

Ixobrychus minutus

Малы́ буга́й, чапля-лазянік або ваўчок (Ixobrychus minutus) — птушка сямейства Чаплевыя (Ardeidae), самая дробная чапля.

Агульныя характарыстыкі

Даўжыня цела 32—39 см, маса 130—170 г, даўжыня крыла каля 15 см. Цела сціснутае з бакоў. Малы бугай — адзіны прадстаўнік атрада буслападобных, у якіх самец і самка адрозніваюцца афарбоўкай. У дарослых самцоў афарбоўка верха галавы, спіны, махавых і рулявых пёраў чорная, шыя і грудзі вохрыстыя з бураватай падоўжнай палосай, брушка белаватае. Крыючыя пёры крыла жоўтыя, дзюба і ногі зеленаватыя. Самка са спіны бурая са стракацінкамі, жывот, галава і шыя вохрыстыя. Дзюба даўгая, прамая, вострая. Дзюба ў самкі жоўтая з бурым канцом. Маладыя падобныя да самак, але з больш выразнымі палосамі і больш плямістыя. Ногі доўгія, зялёнага колеру.

Пашырэнне

Арэал разарваны: Еўропа (акрамя поўначы), паўднёва-заходняя частка Азіі, паўднёвае ўзбярэжжа Аўстраліі, астравы і паўднёва-ўсходняе ўзбярэжжы Новай Гвінеі, Афрыка на поўдзень ад Сахары, Мадагаскар, Паўночная Афрыка — толькі лакальна. На тэрыторыі Беларусі шырока распаўсюджаны, але даволі рэдкі на гнездаванні від. Насяляе густыя зараснікі над берагамі кантынентальных вадаёмаў паблізу лугоў, а таксама ўчасткі трыснягу з групамі кустоў.

Пералёты від, паўднёвыя папуляцыі аселыя. Пералёты адбываюцца ўначы. Месца зімовак у Афрыцы на поўдзень ад Сахары, а таксама на поўдні гнездавога арэала.

Асаблівасці біялогіі

Кормяцца воднымі насякомымі, дробнай рыбай, земнаводнымі, часам яйкамі і птушанятамі дробных прыбярэжных птушак.

Пары, якія гняздуюцца, трымаюцца адасоблена на значнай адлегласці адна ад другой. Гняздо робіць у густых кустах, на паваленых дрэвах, радзей у трыснягу, ажурнае і спружыністае, з галінак, укладзеных спіральна да цэнтра (часам скупа выслана лістамі водных раслін). Яйкі (5—9) авальныя, амаль з аднолькавымі тупымі канцамі, белыя (часам з блакітнавата-зялёным адценнем), часта з больш тоўстымі ўчасткамі з вапны; памеры 34 х 26 мм.

Дзякуючы скрытнаму спосабу жыцця і здольнасці маскіравацца, бугай рэдка пападаецца на вочы нават тады, калі ён пасяляецца побач з жыллём чалавека, але голасам выдае сваю прысутнасць.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (11):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Віды па-за небяспекай
Катэгорыя·Птушкі Афрыкі
Катэгорыя·Чырвоная кніга Беларусі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю прыроды Беларусі без нумароў старонак
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю прыроды Беларусі без назвы артыкула
Катэгорыя·Жывёлы паводле алфавіта
Катэгорыя·Птушкі Аўстраліі
Катэгорыя·Чаплевыя
Катэгорыя·Птушкі Еўразіі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю прыроды Беларусі без аўтара