Расійска-беларуская малочная вайна, ці проста «Малочная вайна» — эканамічныя санкцыі расійскага «Расспажыўнагляда» супраць паставак беларускімі вытворцамі малочных прадуктаў у Расію ў чэрвені 2009 года. Назва была папулярызавана расійскімі і беларускімі СМІ.[1]
6 чэрвеня 2009 года расійскі «Расспажыўнагляд» забараніў увоз на тэрыторыю Расіі каля 600 відаў беларускай малочнай прадукцыі. 9 чэрвеня былі прыпынены пастаўкі яшчэ 593 найменняў.
Па словах А. Лукашэнкі, рускія хацелі забраць беларускія малакоперапрацоўчыя заводы: «Дайшло да таго, што малако не будзем у вас купляць, пакуль не аддасце малакаперапрацоўчыя заводы. І гэта на ўзроўні ўраду! Мядзведзяў даслоўна сказаў так: „Мы жадалі б, Аляксандр Рыгоравіч, паўдзельнічаць у інвестыцыях у вашу малакаперапрацоўчую прамысловасць“. Калі ласка. Інвестыцыі ж! А ва ўрадзе канкрэтызавалі — малака не будзе ў Расіі, пакуль не аддасце заводы. Я кажу: „Да спаткання. Так размаўляць мы не дазволім. Будзем, кажу, падыхаць, выліваць гэта малако, але вы так пытанне ставіць не будзеце“».[2]
Расійскія ж улады адмаўляюцца ад нейкіх эканамічных ціскаў. Як паведаміў галоўны дзяржаўны санітарны доктар Расіі Генадзь Анішчанка, беларускія вытворцы «не перааформілі дазваленчую дакументацыю ў адпаведнасці з патрабаваннямі тэхнічнага рэгламенту, якія набылі моц яшчэ ў снежні 2008 года». Як вядома, у Расіі з 17 снежня набыў моц тэхнічны рэгламент, які размяжоўвае паняцці «пітнае малако» і «напоі, адноўленыя з парашковага малака»[3]
Аднак менавіта «рукамі» Генадзя Анішчанкі расійскія ўлады праводзілі эканамічны (а таксама і палітычны) ціск на іншых замежных вытворцаў — малдаўскія і грузінскія віны, грузінскую мінералку, латышскія шпроты і польскую свініну.