wd wp Пошук:

Магілёўскі дзяржаўны медыцынскі каледж

Магілёўскі дзяржаўны медыцынскі каледж (МагДМК) — сярэдняя спецыяльная навучальная ўстанова ў г. Магілёў. Размешчаны па адрасе вул. К. Маркса, 13. Вядзецца навучанне па спецыяльнасцях: лячэбная справа, сястрынская справа, фармацыя, медыка-дыягнастычная справа.

Гісторыя

У 1847 годзе пры Магілёўскай лякарні прыказа грамадскага догляду была адкрыта «родадапаможная ўстанова па падрыхтоўцы павітух». Аддзяленне штогод рыхтавала толькі некалькі выпускніц.

23 лютага 1865[1] г. пачала работу Магілёўская школа павітух, заснаваная па праекце акушэра Магілёўскай губернскай медычнай управы Мікалая Мартынавіча Мандэльштама. Тут рыхтаваліся сельскія павітухі з ліку сялянак Магілёўскай губерні. Для яе быў адведзены спецыяльны будынак шпіталя, дзе размясціліся класы для выкладання і кватэры для вучаніц. Навучаліся жанчыны ад 20 да 35 гадоў. На кожны курс прымалася 18 чалавек: 14 сялянак і 4 вольныя слухачкі з аплатай па 40 рублёў за курс навучання[2].

Асноўнымі выкладчыкамі школы былі дырэктар М. Мандэльштам і лекары бальніцы, выпускнікі Кіеўскага, Харкаўскага, Маскоўскага ўніверсітэтаў. 6 мая 1874 г. было прынята пастанова аб пераўтварэнні школы ў Цэнтральную школу павітух для Магілёўскай, Мінскай і Віцебскай губерняў. Школа была разлічана на 50 вучаніц-пансіянерак і на 20 вольных слухачак. Навучанне праводзілася ў розныя тэрміны: найбольш здольныя вучыліся 1 год 10 месяцаў, большасць — 2 гады, а тыя, хто дрэнна авалодваў ведамі — 2 гады 2 месяцы[2].

Вопыт школы быў выкарыстаны для заснавання 14 студзеня 1875 г. Магілёўскай цэнтральнай фельчарскай школы, што рыхтавала кваліфікаваных фельчараў з асоб сялянскага паходжання. Яна размясцілася ў цагляным будынку, пабудаваным за кошт земскіх збораў трох губерняў па распараджэнні губернатара Аляксандра Дамбавецкага[2]. Прымаліся асобы жаночага полу ад 18 да 25 гадоў, штогод — па 18 слухачоў, з якіх 14 з сялянскага асяроддзя накіроўвалі на пансіённае забеспячэнне, а 4 месцы прадастаўлялі вольным слухачам розных саслоўяў. Існавалі 2 падрыхтоўчыя і 2 спецыяльныя класы. Тэрмін навучання — 3—4 гады. Выпускніцы-пансіянеркі павінны былі адпрацаваць па 1,5 гады за кожны год навучання ў якасці сельскіх павітух у губерні, якая іх утрымлівала[1]. Адукацыя, атрыманая ў гэтай ўстанове, дазваляла яе выпускнікам пры неабходнасці выконваць функцыі ўрачоў. Па колькасці прадметаў і аб’ёму ведаў яна пераўзыходзіла такія ж установы Расійскай імперыі і служыла для іх узорам. Магілёў быў адзіным беларускім горадам, дзе існавалі дзве медыцынскія ўстановы такога ўзроўню[2].

Выпускніцы Цэнтральнай фельчарскай школы 1906 года, г. Магілёў

У 1902 г. быў урачыста адкрыты новы мураваны будынак[2]. У 1907 г. з мэтай паляпшэння медыцынскага абслугоўвання сельскага насельніцтва фельчарская школа была пераўтворана ў Магілёўскую фельчарска-акушэрскую, статут якой зацвердзілі 24 кастрычніка 1913 г. Высокі ўзровень падрыхтоўкі дазваляў выпускнікам гэтай навучальнай установы замяшчаць пасаду ўрача[1].

У 1923 г. на яе базе арганізаваны медыцынскі тэхнікум, а ў 1926 г. — медпалітэхнікум з акушэрскім і фармацэўтычным аддзяленнямі. У 1937 г. рэарганізаваны ў фельчарска-акушэрскую і фармацэўтычную школу з колькасцю навучэнцаў у 1200 чалавек[1].

У гады Вялікай Айчыннай вайны многія выпускнікі і выкладчыкі змагаліся ў радах Чырвонай Арміі, удзельнічалі ў партызанскім руху[1].

У 1956 г. Бабруйская і Магілёўская навучальныя ўстановы аб’яднаныя ў Магілёўскае медыцынскае вучылішча, якое рыхтавала фельчараў, акушэраў, медсясцёр, клінічных лабарантаў, фармацэўтаў[1].

З 1976 г. у вучылішчы працавала аддзяленне ўдасканалення кваліфікацыі спецыялістаў з сярэдняй медыцынскай і фармацэўтычнай адукацыяй[1].

У 1985 г. створаны музей гісторыі вучылішча, у якім сабраны цікавыя экспанаты і дакументы. З 2007 г. УА «Магілёўскі дзяржаўны медыцынскі каледж»[1].

Зноскі

  1. 1 2 3 4 5 6 7 8 Магілёўскі дзяржаўны медыцынскі каледж
  2. 1 2 3 4 5 kropki.by — інтэрактыўная мапа Магілёва

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (6):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Навучальныя ўстановы Магілёва
Катэгорыя·Навучальныя ўстановы, заснаваныя ў 1865 годзе
Катэгорыя·1865 год у Магілёве
Катэгорыя·Магілёўскі дзяржаўны медыцынскі каледж
Катэгорыя·Каледжы паводле алфавіта