wd wp Пошук:

Магілёўская школа дойлідства

Царква Св. Мікалая

Магілёўская школа дойлідства, або Магілёўскае барока[1][2] — самабытная школа стылю барока, якая склалася ў XVIIXVIII стст. у грамадскай і культавай архітэктуры Магілёва.

Фарміраванне

Траецкая царква, Орша

Фарміраванне самастойнай школы ў Магілёве вызначалася высокім узроўнем эканамічнага развіцця, адноснай палітычнай незалежнасцю горада, наяўнасцю значных калектываў дойлідаў, жывапісцаў, сніцараў і іншых майстроў (акрамя дойлідскай, сфарміраваліся таксама самабытныя жывапісная і гравёрная школы). У культурных адносінах Магілёў сінтэзаваў усходнія і заходнія плыні, якія спалучаліся з мясцовымі традыцыямі і спрыялі стварэнню своеасаблівасці мастацкай культуры. На фарміраванне архітэктурна-мастацкага вобразу збудаванняў Магілёўскай школы дойлідства моцна ўплывалі ландшафтныя ўмовы забудовы горада, якія дыктавалі перавагу вышынных ярусных кампазіцый (вежы замка, ратушы і інш.).

На першым этапе (XVII ст.) вялікі ўплыў на творчасць майстроў школы зрабіў стыль рэнесанс, на аснове якога выпрацаваны важнейшыя прыёмы стварэння кампазіцый і ў дэкоры (багаты дэкор мелі не толькі буйныя грамадзянскія і культавыя збудаванні, але і многія жылыя дамы). У XVIII ст. школа развівалася пад уплывам стылю барока, які ўзбагаціў сродкі выразнасці, яшчэ больш павысіў ролю дэкору ў аздабленні фасадаў і інтэр’ераў будынкаў. У другой палове XVIII ст. школа заняпала і перастала існаваць.

Асаблівасці

Найбольш значныя дасягненні школы — у мураваным культавым дойлідстве. Храмы звычайна будавалі крыжова-цэнтрычныя, з купалам над сяродкрыжжам (Пакроўская і Успенская цэрквы). Характэрная рыса культавых збудаванняў Магілёўскай школы дойлідства — сінтэз структур старажытна-рускіх трохапсідных крыжова-купальных храмаў і заходне-еўрапейскіх трохнефных базілік. Найбольш выразна традыцыі школы ўвасоблены ў цэрквах Богаяўленскай, Мікалаеўскай і Спаса-Праабражэнскай, у якіх крыжова-цэнтрычная кампазіцыя спалучалася з асіметрычнай базілікальнай, а архітэктурная дамінанта — дзвюхвежавы галоўны фасад, аздоблены сістэмай паярусна размешчаных рознай формы нішаў. Асноўную мастацкую ролю ў інтэр’еры адыгрывалі разныя іканастасы, алтары, ківоты і іншыя элементы, вырашаныя ў традыцыях так званай беларускай рэзі.

Збярогся помнік Магілёўскай школы дойлідства — Мікалаеўская царква.

Галерэя

Гл. таксама

Зноскі

  1. Гармель І. Магілёўшчына турыстычная: рушым… на руйнаванне стэрэатыпаў!, www.agrolive.by
  2. «Наш Магілёў» №75, 25 ліпеня 2014 Архівавана 5 сакавіка 2016.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (6):
Катэгорыя·Магілёўская школа дойлідства
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без нумароў старонак
Катэгорыя·Архітэктура Магілёва
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з назвай артыкула
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на энцыклапедыю «Вялікае Княства Літоўскае» без аўтара
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без аўтара