Лясныя масівы ў Ісландыі займаюць менш за 2 % тэрыторыі краіны, дрэвы ў лясах невялікія. З гэтай нагоды лясы ахоўваюцца дзяржавай.[1][2]
Першыя вікінгі, якія прыбылі ў Ісландыю больш за тысячу гадоў таму, выявілі незаселеную мясцовасць, поўную пераважна бярозавых лясоў на 25—40% тэрыторыі вострава. Вікінгі пачалі высякаць і спальваць ісландскія лясы дзеля драўніны і з мэтай ачышчэння прасторы для сельскагаспадарчай зямлі і выганаў. Яны таксама прывезлі авечак, з-за якіх маладыя дрэўцы ісландскіх лясоў не маглі аднавіцца. Пахаладанне, малы ледавіковы перыяд і вулканічныя вывяржэнні таксама сталі прычынай спаду колькасці лясоў.[3][4][5][6][7]
Ісландыя працуе над аднаўленнем лясоў. Гэта дапаможа вырашыць праблему эрозіі глебы, знізіць інтэнсіўнасць пылавых бур і павялічыць аб’ёмы сельскай гаспадаркі. Лясы палепшаць якасць вады і скароцяць вугляродны след[ru] Ісландыі. Аднак, у такім халодным клімаце лягчэй захаваць старыя лясы, чым аднавіць іх. Краіна працуе над аднаўленнем ляснога покрыва больш за 100 гадоў, саджаючы мільёны елак, хвояў, лістоўніц і бяроз. Ісландыя высаджвала сотні тысяч саджанцаў у год на працягу большай часткі XX стагоддзя, дасягнуўшы 4 мільёны саджанцаў штогод у 1990-х гадах і 6 мільёнаў у год у пачатку 2000 года. Бюджэт на лясную гаспадарку быў рэзка скарочаны пасля фінансавага крызісу 2007—2008 гадоў[ru], але Ісландыя працягнула саджаць 3 мільёны новых дрэў штогод у апошнія гады. Гэта дапамагло выратаваць некалькі апошніх натуральных лясоў Ісландыі і павялічыць іх плошчу, аднак гэта павольны працэс. Лясное покрыва Ісландыі ўпала ніжэй за 1 % у сярэдзіне XX стагоддзя. Бярозавыя лясы зараз пакрываюць 1,5 % вострава, культываваныя лесапасадкі — 0,4 %. Да 2100 года краіна мае на мэце павялічыць лясное покрыва з 2 да 12%.
У лясах Ісландыі растуць касцяніцы, чарніцы. Некаторыя дрэвы пазначаныя адмысловымі слупкамі, дзе напісана назва і год высадкі, таксама існуюць «імянныя» дрэвы. Часта ў лясах Ісландыі ёсць трэкінгавыя сцежкі для турыстаў.