wd wp Пошук:

Лявон Цімафеевіч Баразна

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Баразна.

Ляво́н Баразна́ (4 лютага 1929, в. Новае Сяло, Талачынскі раён — 15 жніўня 1972, Мінск) — беларускі мастак і даследчык культуры, актывіст захавання гісторыка-культурнай спадчыны. Забіты ў 1972 г. пры нявысветленых абставінах.

Біяграфія

У 1950 г. пасля службы ў савецкім войску ўпершыню трапіў у Мінск. Паступіў у Мінскае мастацкае вучылішча і ў 1952 г. атрымаў дыплом. Падчас вучобы ён пачаў актыўна цікавіцца арнаментам, адзеннем, ткацтвам. Хадзіў па вёсках і распытваў у людзей, што за вопратку яны носяць, якія выкарыстоўваюць арнаменты, посцілкі, як ткалі, як вышывалі; замалёўваў ўзоры. Вынікам сталі пазней 4 альбомы пра скарбы беларускай народнай культуры, якія ён здаў у Мастацкі музей. З 1957 г. браў удзел у выставах. У 1963 г. Баразна зноў прыехаў ў Мінск, паступіў на мастацка-прамысловы факультэт (аддзяленне ткацтва) Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута, які скончыў у 1968 г. Пасля пачатку навучальнага года з Зянонам Пазняком стварылі ў інстытуце суполку пад назвай «Аматары беларускага мастацтва», ладзілі экскурсіі па старым Мінску, этнаграфічныя экспедыцыі, арганізоўвалі вечарыны.[1]

Працаваў галоўным мастаком Мастацкага фонду БССР. У 1967 г. яму даручылі афармленне Мінска да 900-гадовага юбілею, але неўзабаве ён быў адхілены ад працы.[1]

Моцна сябраваў з Уладзімірам Караткевічам[2]. У 1969 г. разам з З. Пазняком выступаў у абарону вуліцы Няміга. Іх сумесны артыкул надрукавала газета «Правда», дзякуючы чаму Машэраў на 3 гады прыпыніў знішчэнне Нямігі[3]. У 1972 г. Баразна рыхтаваў публічную акцыю пратэсту супраць разбурэння Нямігі.

15 жніўня 1972 г. у старым горадзе ён кінуўся на вуліцы ратаваць жанчыну, на якую напалі бандыты. Дзяўчына імгненна знікла, а Лявон атрымаў смяротны ўдар[4]. Следчыя органы трактавалі гэта забойства як звычайны крымінал, але пэўныя акалічнасці даюць падставы падазраваць у здзяйсненні злачынства савецкія спецслужбы[3].

Развітанне адбывалася ў невялікай зале Саюза мастакоў. Пахаваны на талачынскіх могілках.

Забойцы былі схоплены. Суд над імі ператварыўся ў бясконцы фарс і здзек з сімуляцыяй вар’яцтва адным з забойцаў, з адмовай і заменай паказанняў сведак. Забойцы атрымалі мізерныя тэрміны, неўзабаве скасаваныя амністыяй[5].

У 1975 яго сябры зладзілі ў Мінску яго персанальную выстаўку, якая мела вялікі грамадскі рэзананс. У лютым 2010 годзе ў Нацыянальным мастацкім музеі ўрачыста адкрылася выстаўка «Лявон Баразна. Спадчына»[6].

Творчасць

Зноскі

  1. 1 2 http://nashaniva.by/?c=ar&i=80581
  2. Рыгор Барадулін пра Лявона Баразну. Успаміны(недаступная спасылка) // Наша Ніва
  3. 1 2 Мінск пад акупацыяй і вайной // Зянон Пазняк, Радыё Свабода
  4. Імёны Свабоды: Лявон Баразна(недаступная спасылка)
  5. Успаміны пра Лявона Баразну Архівавана 14 ліпеня 2009. // Мікола Купава, Новы Час, 09-02-2009
  6. Спадчына Баразны // Наша Ніва, 12 лютага 2010

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (20):
Дысідэнты Беларусі
Памерлі ў 1972 годзе
Выпускнікі Беларускай акадэміі мастацтваў
Культуролагі Беларусі
Графікі Беларусі
Асобы
Нарадзіліся ў Талачынскім раёне
Артыкулы пра мастакоў без ілюстрацый на Вікісховішчы
Нарадзіліся ў 1929 годзе
Выпускнікі Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя А. К. Глебава
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Памерлі ў Мінску
Мастакі паводле алфавіта
Ахвяры забойстваў
Нарадзіліся 4 лютага
Мастакі Беларусі
Грамадскія дзеячы Беларусі
Члены Саюза мастакоў Беларусі
Памерлі 15 жніўня
Вікіпедыя:Артыкулы з непрацоўнымі спасылкамі