У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Мамоніч. Лявон Мамоніч (? — пасля 1625[1]) — кнігадрукар, пісьменнік, паэт-эпіграматыст.
Нарадзіўся ў сям’і Кузьмы Мамоніча — аднаго з заснавальнікаў віленскай друкарні Мамонічаў. 3 1601 па 1623 год выдаваў кнігі ўніяцкага і праваслаўнага кірункаў на старабеларускай, царкоўнаславянскай, польскай і лацінскай мовах. Пісаў да ix прадмовы і вершаваныя прысвячэнні[2].
На фарміраванне паэтычных здольнасцей Л. Мамоніча аказалі ўплыў эмблематычныя вершы А. Рымшы[3].
Змясціў вершы «На герб Лукаша Іванавіча Мамоніча» і «На герб яго міласці пан Сімяона Войны» ў «Псальмах Давіда-прарока» (1593) і «Евангеллі тлумачальным» (1595). Пазней стварыў два вершы-панегірыкі на герб Л. Сапегі — «На герб яго міласці пана Льва Сапегі» (1609) і «Эпікграму» (1617), якія размясціў у рэлігійных выданнях «Трыёдзь кветная» (1609) і «Служэбнік» (1617)[1].
Усе эмблематычныя вершы напісаны ў адпаведнасці з тагачаснымі літаратурнымі канонамі. Ва ўступе-зачыне паэт, як правіла, разважае пра высакароднасць, якая, паводле яго азначэння, ёсць найвышэйшай дабрачыннасцю чалавечай душы. Услаўляючы Л. Сапегу, Л. Мамоніч падкрэсліваў, што менавіта высакароднасць, у спалучэнні з справядлівасцю, мужнасцю і патрыятызмам, узвышаюць чалавека, робяць яго патрэбным людзям і надаюць жыццю глыбокі сэнс[4].
У «эпікграмах» Л. Мамоніч звяртаў увагу на сімвалічнае значэнне «месяца» і «зорак». Захапляючыся дабрачыннымі справамі Сімяона Войны, ён імкнуўся падкрэсліць перавагі «зоркі» свайго патрона над «зоркамі» іншых родаў. У вершы «На герб Л. Сапегі» ўжываецца простае азначэнне «крыжа» як «знака пабажнасці». Але ўжо ў іншых «эпікграмах» Л. Мамоніча азначэнне «крыж» на фоне нябеснага ззяння, стварыў вельмі выразны мастацкі малюнак, заснаваны на кантрасце святла і цемры. У панегірыку на герб Л. Сапегі Л. Мамоніч таксама прывёў адметнае азначэнне «крыжа», асновай для якога паслужыла назіранне над крыжападобным цаўём меча. У гэтым спалучэнні «крыж» сімвалізаваў гатоўнасць уладальніка герба да барацьбы з ворагамі хрысціянскай царквы.
Пяру Л. Мамоніча належаць некалькі прадмоваў і прысвячэнняў, у якіх беларускі пісьменнік распрацаваў істотныя праблемы біблійнай герменеўтыкі. Асабліва значная ў гэтым сэнсе «Прадмова» Л. Мамоніча да выдадзенага ім Псалтыра, у якой пісьменнік не толькі падаў характарыстыкі Псалтыра айцамі царквы, але і сфармуляваў уласны погляд на гэты твор. Паводле яго меркавання, кніга псальмаў карысная ў шматлікіх аспектах — яна прапануе праведнае жыццё, сапраўдную мараль, высокія ідэалы. У заканчэнні гэтай «Прадмовы» Л. Мамоніч апублікаваў невялікі, але надзвычай каштоўны тлумачальны слоўнік біблейных тэрмінаў, што яскрава мведчыць пра ягонае глыбокае зацікаўленне праблемамі біблійнай філалогіі.[5].