Львоўскі нацыянальны аграрны ўніверсітэт (укр.: Львівський національний аграрний університет) — украінская вышэйшая навучальная ўстанова сельскагаспадарчага профілю.
Гісторыя навучальнай установы пачынаецца 9 студзеня 1856 г., калі ў Дублянах у ваколіцах Львова на сродкі і пад патранатам Галіцкага гаспадарчага таварыства была адкрыта сельскагаспадарчая школа. У 1878 г. школа стала дзяржаўнай, а ў 1880 г. ─ вышэйшай навучальнай установай Аўстра-Венгрыі.
У 1901 г. вышэйшай сельскагаспадарчай школе ў Дублянах на падставе пастановы міністра земляробства Аўстра-Венгрыі быў прысвоены статус акадэміі. У гэты перыяд былі адкрыты першыя кафедры: паляводства і раслінаводства, сельскай адміністрацыі, сельскай інжынерыі, пры ёй таксама адкрылі станцыю па выпрабаванню сельскагаспадарчай тэхнікі, быў пабудаваны хімічны корпус і павільён механізацыі, разбудоўваўся інтэрнат, быў закладзены вадаправод.
Пасля далучэння заходніх зямель Украіны да Польшчы ў 1919 г. акадэмія страціла аўтаномію і ўвайшла ў склад Львоўскай палітэхнікі. На базе акадэміі ў лістападзе 1919 г. быў створаны паляводча-лясны факультэт Львоўскай палітэхнікі. Першыя тры семестра навучання адбываліся ў Львове, а тры наступныя ─ ў Дублянах.
Падчас нямецкай акупацыі вышэйшыя навучальныя ўстановы Львова фактычна спынілі сваю дзейнасць. У жніўні 1942 г. навучальная ўстанова ў Дублянах працягнула сваю працу як дзяржаўныя прафесійныя сельскагаспадарчыя курсы ў Львове у падпарадкаванні аддзела навукі і навучання Генерал-губернатарства. Выкладанне вялося на нямецкай мове.
Пасля заканчэння Другой сусветнай вайны на базе факультэта па рашэнні Савета Міністраў СССР і загадам міністра вышэйшай адукацыі СССР ад 30 верасня 1946 г. быў створаны Львоўскі сельскагаспадарчы інстытут.
У інстытуце паступова ствараліся новыя факультэты: агранамічны, механізацыі сельскай гаспадаркі, землеўпарадкавальны, эканамічны, сельскай архітэктуры і будаўніцтва, часова працавалі факультэты плодагародніны, лесамеліярацыі, электрыфікацыі сельскай гаспадаркі.
У 1960-х гг. у Дублянах была закладзена асноўная вучэбна-бытавая база універсітэта.
Пастановай Кабінета Міністраў Украіны ад 5 верасня 1996 г. на базе сельскагаспадарчага інстытута быў утвораны Львоўскі дзяржаўны аграрны універсітэт. 24 сакавіка 2008 г. Указам Прэзідэнта Украіны Львоўскаму дзяржаўнаму аграрнаму ўніверсітэту прысвоены статус нацыянальнага.
Зараз Львоўскі нацыянальны аграрны ўніверсітэт - гэта сучасная шматпрофільная навучальная ўстанова, на факультэтах якога навучаецца па 15 напрамках і 20 спецыяльнасцях больш за 10 тыс. студэнтаў, больш за 2 тыс. чалавек штогод павышаюць сваю кваліфікацыю ў Інстытуце паслядыпломнай адукацыі. Акрамя таго, у 8 каледжах універсітэта навучаецца больш за 8 тыс. студэнтаў. Функцыянуе аспірантура і дактарантура па 7 спецыяльнасцях, функцыянуе 3 саветы па абароне дысертацый па сельскагаспадарчых, эканамічных і тэхнічных навуках. На 37 кафедрах універсітэта працуюць вядомыя навукоўцы, вопытныя педагогі, сярод якіх больш 60 дактароў навук, прафесараў і больш за 300 кандыдатаў навук, дацэнтаў.
Львоўскі нацыянальны аграрны ўніверсітэт на Вікісховішчы |