wd wp Пошук:

Лебедзь-шыпун

Лебедзь-шыпун (Cygnus olor) — птушка з сямейства качыных.

Апісанне

Буйная птушка. У даўжыню можа дасягаць 180 см, маса самак 5,5—6 кг, самцоў 8—13 кг. Размах крылаў лебедзя-шыпуна каля 240 см. Апярэнне чыста белае, толькі часам з іржава-рыжым налётам на галаве і шыі ў дарослых птушак. Маладыя птушкі шэрага колеру. У дарослых птушак вельмі доўгая шыя, выцягнутае цела і галава сярэдняй велічыні з аранжавай-чырвонай дзюбай. Дзюба з вялікім уздуццем каля асновы, у самак яно крыху меншае. Шыпун названы з-за гукаў, якія выдаюцца пры раздражненні. Шыя таўсцейшая, чым у клікуна (Cygnus cygnus), таму здаецца больш кароткай. У адрозненне ад лебедзя-клікуна шыю трымае не прама, а згібае яе S-падобна.

Распаўсюджванне

Насяляе вялiкiя вадаёмы са стаячай вадой з добра развiтай надводнай раслiннасцю, уключаючы марскiя затокi. Паўсюль даволі рэдкі. Лебедзь-шыпун жыве ў паўночнай частцы Еўропы і Азіі. Пры дапамозе чалавека гэты від лебедзяў прыжыўся ў Паўночнай Амерыцы, Паўднёвай Афрыцы, Аўстраліі і Новай Зеландыі.

Лебедзь-шыпун знік на тэрыторыі Беларусі пад канец XIX — пачатку XX стст. у выніку знішчэння. З’яўленне і аднаўленне птушак звязана з іх рассяленнем з Літвы і Польшчы. Першыя птушкі паявіліся на гнездаванні ў Беларусі ў 1977-79. Пабачыць лебедзя-шыпуна ў наш час можна на Нарачанскіх і Сарачанскіх азёрах.

Асаблівасці біялогіі

Чароды лебедзі не ўтвараюць, трымаюцца парамі. Пары захоўваюцца на ўвесь перыяд жыцця.

Па спосабу жыцця шыпун шмат у чым падобны з клікуном. Насяляе парослыя воднай расліннасцю вадаёмы — ліманы, азёры часам балоты. Калі плавае, шыпун часта выгінае шыю ў форме літары «S».

Харчаванне

Характэрны нараст каля асновы дзюбы

Корміцца пераважна раслінным кормам. Асноўны корм — водныя расліны.

Размнажэнне

Палаваспеласці дасягае на чацвёртым годзе жыцця, але пры паўвольным утрыманні прыступае да гнездавання ва ўзросце 3 гадоў.

Манагам. Часта гняздуецца на адным і тым жа вадаёме некалькі гадоў запар.

Лебедзь-шыпун гняздуецца каля вады ў трыснягу на дробных азёрах або на затоках вялікіх рэк воддаль ад чалавечага жылля. Гняздо ладзіць на сплавiне, востраве або ў засохлым трыснягу ў цяжкадаступным месцы, паблiзу невялікага ўчастка адкрытай вады. У выглядзе кола вялікай колькасці сухой надводнай раслiннасцi.

Яйкi (5-10) крыху падоўжаныя з тупым вужэйшым канцом, зеленавата-алiўкавыя. Памеры: 114 х 74 мм. Пачатак яйкакладкі ў першай дэкадзе траўня, наседжванне 35 сутак.

Птушаняты ўсюды ідуць са сваёй маці, знаходзячыся ў яе на спіне.

Лебедзь-шыпун і чалавек

Паляванне на лебедзяў было цалкам забаронена ў 1960-х гадах. З тых часоў назіраецца пастаянны рост колькасці лебедзяў у выніку аховы і падкормкі людзьмі. Шыпун лёгка прыжываецца ў няволі і паўняволі, часта ўтрымліваецца на вадаёмах гарадскіх паркаў, садоў, розныя санаторыяў як дэкаратыўная птушка.

Занесеныя ў Чырвоныя кнігі Рэспублікі Беларусь (1993), Рэспублікі Башкартастан, Свярдлоўскай[1] і Чэлябінскай абласцей.

Галерэя

Зноскі


  1. Положение о Красной книге Свердловской области. Союз охраны птиц России. Праверана 6 сакавіка 2011. (руск.)

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (4):
Катэгорыя·Жывёлы, апісаныя ў 1789 годзе
Катэгорыя·Віды па-за небяспекай
Катэгорыя·Лебедзі
Катэгорыя·Жывёлы паводле алфавіта