wd wp Пошук:

Культура лейкападобных кубкаў

Лейкападобны кубак

Культура лейкападобных кубкаў (ням.: Trichter(-rand-)becherkultur) — археалагічная культура неалітычных і энеалітычных плямён, якія ў IV — III-м тысячагоддзях да н.э. жылі на тэрыторыі Паўночнай і Цэнтральнай Еўропы, сучаснай Польшчы, паўночна-заходняй часткі Украіны і (на познім этапе) паўднёва-заходняй часткі Беларусі. Назва па наяўнасці ў кераміцы кубкаў з лейкападобнай (канічнай) шыйкай.

Тэрыторыя рассялення

Культура лейкападобных кубкаў ўзнікла на аснове сярэднееўрапейскіх мезалітычных культур пры ўдзеле культур дунайскага кола. Вылучаюцца 4 асноўныя этапы развіцця: ранні, класічны, позні і пазнейшы. У сярэдзіне IV-га тыс. да н.э. пачаўся перыяд дэзінтэграцыі і шматлінейнага развіцця культуры, які скончыўся знікненнем яе ў 2-й палове III-га тыс. да н.э. На позніх этапах развіцця распаўсюджвалася ва ўсходніх, паўднёва-ўсходніх накірунках, дасягнуўшы Усходняй Еўропы, дзе яна прысутнічала ў форме асобных паселішчаў, а таксама сінтэзаваных культурных элементаў у складзе мясцовых неалітычных культур (нёманскай, нарвенскай, усвяцкай, днепра-данецкай і інш.).

Ва ўсходняй частцы арэала (Валынь і Брэстчына) помнікі культуры лейкападобных кубкаў з’явіліся ў сярэднім неаліце (3,5 — 2,5 тыс. гадоў да н.э.). Іх уплыў на мясцовыя неалітычныя культуры Палесся прасочваецца да вусця Прыпяці (Цытылле Маларыцкага, Пішча Любомльскага раёна, Мнёва Чарнагаўскага раёнаў і інш.). Паселішчы сустракаюцца паміж вярхоўямі Заходняга Буга, Днястра і Прыпяці з цэнтрам на Валынскім узвышшы, элементы — у Панямонні, усходняй Прыбалтыцы і, напэўна, у Падзвінні. У Верхнім Панямонні ўплывы культуры выяўлены на лысагорскім этапе нёманскай культуры. Асобныя знаходкі з характэрнымі для культуры лейкападобных кубкаў прыкметамі адзначаліся на Ясельдзе (Носкі, Моталь), у нізоўях Тур’і (Серахавічы, Грылкі, Вулька Качынская). Вядома каля 50 паселішчаў, якія даследавалі А. Н. Цынкалоўскі, Ю. М. Захарук, Н. А. Пелешчышын. На думку некаторых вучоных, плямёны культуры лейкападобных кубкаў маюць дачыненне да этнагенезу старажытных германцаў.

Паселішчы, жытлы і гаспадарчыя пабудовы

Адзначаюцца сталыя паселішчы вялікіх памераў на ўзвышаных і мысападобных участках берагоў каля шырокіх рачных далін, у т.л. ўмацаваныя валамі, равамі, драўлянымі агароджамі і інш., а таксама невялікія часовыя стаянкі на пясчаных пагорках. Жытлы — невялікія прамавугольныя ў плане зямлянкі, паўзямлянкі і наземныя пабудовы слупавой канструкцыі сярэднім памерам 5х4 м. Будавалі таксама вялікія жытлы даўжынёй да 80 м з некалькімі памяшканнямі даўжынёй да 3 м кожнае. Унутры жытлаў размяшчаліся глінабітныя агнішчы, побач — гаспадарчыя ямы з абмазанымі глінай сценкамі дыяметрам 1,2 м.

Матэрыяльная культура і гаспадарчая дзейнасць

Насельніцтва займалася аселым земляробствам (пшаніца, ячмень, радзей жыта, авёс, проса, гарох, чачавіца, лён і інш.), жывёлагадоўляй (разводзіла буйную і дробную рагатую жывёлу, свіней і інш.), паляваннем. Знаходзілася на стадыі патрыярхату. Глеба апрацоўвалася драўлянымі і рагавымі матыкамі, напэўна, раламі з выкарыстаннем валоў у якасці цяглавой сілы.

Сярод посуду — шматлікія тыпы амфар з вушкамі, кубкі, гаршкі, чарпакі з высокай фігурнай ручкай і інш., якія рабіліся з дамешкамі пяску і шамоту ў цесце, старанна загладжваліся і раўнамерна абпальваліся. Аздабленне складалася з адбіткаў лінейнага штампа, шнуравых арнаментаў, пракрэсленых ліній, пальцавых зашчыпаў, рэльефных выступаў і інш. На шыйках многіх пасудзін утвараўся «каўнерык». Рабіліся гліняныя прасліцы (канічнай і біканічнай форм, з ямкавым, шнуравым і іншым арнаментамі), грузікі цыліндрычнай формы, рытуальныя сякеркі. З гліны выраблялі таксама прасліцы, грузікі, рытуальныя сякеркі. Для крамянёвай вытворчасці характэрны тэхніка зняцця доўгіх пласцін, выраб прышліфаваных сякер, долатаў, скрабкоў і сярпоў на пласцінах, нажоў, трохвугольных наканечнікаў стрэл і інш. Насельніцтва асвоіла шахтавую здабычу высакаякаснай крамянёвай сыравіны, распаўсюджвала некаторыя катэгорыі вырабаў на вялікай адлегласці. Ужывалі каменныя зерняцёркі, шліфавальныя пліткі, старанна зашліфаваныя каменныя свідраваныя сякеры (у т.л. з гузаватым абухом, патоўшчанай сярэдняй і шырокай лязовай часткамі), якія часта выкарыстоўваліся ў якасці прадуктаў абмену. Ва ўжытак уваходзілі вырабы з медзі (прылады працы і ўпрыгажэнні), у т.л. мясцовай вытворчасці.

Пахавальны абрад

Асноўны пахавальны абрад — трупапалажэнне ў выпрастаным стане на спіне. Сустракаюцца пахаванні з крэмацыяй. Пахаванні здзяйсняліся ў грунтавых могільніках, таксама ў мегалітычных грабніцах памерам да 130х15х3 м, зрэдку пад курганнымі насыпамі.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (7):
Катэгорыя·Археалагічныя культуры Еўропы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Археалагічныя культуры Германіі
Катэгорыя·Археалагічныя культуры Украіны
Катэгорыя·Археалагічныя культуры Даніі
Катэгорыя·Археалагічныя культуры Беларусі
Катэгорыя·Археалагічныя культуры Польшчы