Ке́лебарн (сінд.: Celeborn) — у легендарыуме Дж. Р. Р. Толкіна муж Галадрыэль, бацька Келебрыян, дзядуля Арвен, Эладана і Элрахіра. Яго імя ў перакладзе з сіндарына азначае «срэбнае дрэва».
Лічыцца, што Келебарн быў сваяком (магчыма, пляменнікам) Тынгала (сынам яго малодшага брата Эльма[1]). Калі Фінрад заснаваў крэпасць Нарготранд, Галадрыэль не пайшла з ім, а засталася ў Дорыяце, скарыстаўшыся запрашэннем Меліян. Менавіта там яна сустрэла Келебарна, яны пакахалі адзін аднаго і там жа ўзялі шлюб.
Калі эльфам Міжзем’я была зноў адкрыта дарога ў Валінар, Келебарн і Галадрыэль адмовіліся адплысці на Захад. Яны жылі ў Эрэгіяне да таго, як быў заснаваны Лорыэн.
Паводле некаторых звестак, Келебарн таксама з’яўляўся сваяком Німлат, жонкі Дыяра. Падчас Вайны Пярсцёнка насіў мянушку Прамудры[2].
…Пасля падзення Саўрана Цемра рассеялася, і войскі Ворага ахапілі страх і роспач. Оркі Дол-Гулдура тройчы штурмавалі Лорыэн, але сіла Блаславёных Земляў была такой вялікая, што без Саўрана ўзяць Лорыэн не ўдалося. Лясы на межах моцна пацярпелі, але напады былі адбіты, а калі развеялася Завеса Цемры, Келебарн на чале вялікага атрада пераправіўся праз Андуін і ўзяў Дол-Гулдур. Галадрыэль абрынула сцены крэпасці.— Дж. Р. Р. Толкін. Уладар Пярсцёнкаў: Вяртанне караля. Дадатак II «Аповесць гадоў (Храналогія Заходніх Земляў)»
Келебарн не пажадаў пакідаць Міжзем’е і застаўся ў Лорыэне з апошнімі прадстаўнікамі свайго народа. Праз некалькі гадоў пасля адплыцця Галадрыэль Келебарн адвёў лорыэнскіх эльфаў у Імладрыс і стаў жыць там з сынамі Элранда. З часам ён таксама пакінуў Міжзем’е на апошнім караблі разам з кіраўніком Шэрых Гаваняў Кірданам, які чакаў гэтай гадзіны.
Генеалогія Першанароджаных Эльфаў
Некаторыя крытыкі адзначаюць, што персанаж Келебарна выглядае меней значным у параўнанні з Галадрыэль[3]. Сярэбраныя валасы Келебарна і залатыя валасы яго жонкі нагадваюць Тэлперыян і Лаўрэлін, Дрэвы Валінара, і сімвалізуюць сувязь персанажа з дрэвамі[4]. Таксама існуе сцвярджэнне пра сувязь Келебарна з персанажам Кюлебарн (ням.: Kuhleborn) з аповесці Фрыдрыха дэ ла Мот Фуке «Ундзіна»[5].
У кінатрылогіі Пітэра Джэксана «Уладар Пярсцёнкаў» у ролі Келебарна выступіў новазеландскі акцёр Мартан Чокаш. У фільме «Уладар Пярсцёнкаў: Вяртанне караля» ён далучаецца да Фрода, Більба, Гэндальфа і Элранда, і разам са сваёй жонкай Галадрыэль усходзіць на борт эльфійскага карабля, які плыве ў Валінар — гэты эпізод не апісваецца ў арыгінальнай версіі аднайменнай кнігі Толкіна.
Келебарн — імя не толькі аднаго з эльдар, але і дрэва, якое расло на Тол-Эрэсеа, саджанца Галатыліяна.