Гала́дрыэль (сінд.: Galadriel) — эльфійская каралева, персанаж эпасу «Уладар Пярсцёнкаў» і квенты «Сільмарыліён» Джона Р. Р. Толкіна. Наймагутная з эльфійскіх валадароў, якія засталіся ў Міжзем’і пасля Вайны Гневу. Уладарка Лорыэна.
Малодшая дачка Фінарфіна і Эарвен, сястра Фінрада, Ародрэта, Анграда і Аэгнара. Жонка Келебарна, маці Келебрыян. Бабуля Арвен, Эладана і Элрахіра.
Нарадзілася ў Валінары, калі там яшчэ раслі Два Дрэвы. Ужо тады Галадрыэль па праве лічылася найпрыгажэйшай дзевай з усяго роду Фінвэ. Як і Фінарфін, яе бацька, Галадрыэль валодала цудоўнымі залатымі валасамі і светлымі вачамі. За сваю цудоўную знешнасць была празвана «Ранішняй зоркай эльфійскага народа».
Да пачатку першай эпохі Галадрыэль жыла ў Валінары.
Калі вораг валадароў Валінара, Моргат, выкраў у нолдар Сільмарылы і схаваўся ў Міжзем’і, шматлікія князі нолдар вырашылі пераследваць яго. Галадрыэль пажадала пакінуць Валінар разам з імі. У адрозненне ад Феанара і яго сыноў, яна не давала страшнай клятвы: ёй жадалася мець свае ўладанні ў Міжзем’і і кіраваць там па ўласнай волі. Разам са сваімі братамі яна рушыла ўслед за Фінголфінам і ўзначаліла небяспечны пераход свайго народа ў Міжзем’е праз паўночныя землі і льды Хелкараксэ.
Паводле іншай версіі, запісанай у чарнавіках Толкіна, Галадрыэль пакінула Валінар не разам з іншымі нолдар, а перасекла Вялікае мора самастойна.
Галадрыэль прыйшла ў Міжзем’е ў 1-ы год Першай Эпохі і пасялілася ў Белерыяндзе з братамі. Там яна часта гасцявала ў палатах Тынгала, свайго сваяка, у Дорыяце, дзе сустрэла Келебарна і пакахала яго. Калі Фінрад Фелагунд пабудаваў Нарготранд і перасяліўся туды са сваім народам, Галадрыэль засталася ў Дорыяце і шмат чаго даведалася пра Міжзем’е ад Меліян.
Пасля заканчэння Вялікай вайны і падзення Ангбанда ў 583 годзе, калі Белерыянд пайшоў пад ваду і абрысы Міжзем’я змяніліся, многія нолдар вярнуліся ў Валінар, але Галадрыэль з мужам засталіся ў Міжзем’і.
Паводле позніх прац Джона Р. Р. Толкіна, Галадрыэль перабралася з мужам у Ліндан, дзе кіравала невялікай групай эльфаў. Магчыма, яна падпарадкоўвалася Гіл-Галаду. Затым яна пераехала на ўсход — у Эрэгіян. Тады яна ўвайшла ў кантакт з паселішчам эльфаў-нандар у даліне ракі Андуін — будучым Латлорыэнам. Тады Эрэгіянам кіраваў Келебрымбар.
Калі ў Другую Эпоху Келебрымбар выкаваў Пярсцёнкі Улады, Галадрыэль у 1590 годзе Д. Э. атрымала Нэнья — парсцёнак вады, адзін з Трох эльфійскіх Пярсцёнкаў, утоеных ад Саўрана.
У 1981 годзе Трэцяй Эпохі знік уладар Лорыэна Амрат і Галадрыэль стала кіраваць яго землямі як каралева лясных эльфаў. Яна жыла там з мужам да заканчэння Трэцяй Эпохі.
Галадрыэль уваходзіла ў Савет Мудрых Міжзем’я і першая склікала яго.
Паводле кнігі «Уладар Пярсцёнкаў», у лютым 3019 года Т. Э. Галадрыэль дала прыстанак членам Брацтва Пярсцёнка пасля іх паходу праз Морыю і паднесла ім багатыя і карысныя дары. Яна выпрабавала членаў Звяза, уяўна прапанаваўшы ім зрабіць выбар паміж іх цяжкім шляхам і іх патаемнымі жаданнямі, якія могуць вымусіць іх сысці са шляху. Яна таксама дазволіла Фрода і Сэму зазірнуць у Люстэрка. Яна адмовілася прыняць Пярсцёнак Усеўладдзя ад Фрода, усведамляючы, што, атрымаўшы яго, яна стане вялікай, магутнай, але жудаснай уладаркай, якая будзе валодаць разбуральнай сілай, здольнай толькі занявольваць і знішчаць.
Увесну таго ж 3019 года Лорыэн падвергся прынамсі тром магутным нападам оркаў Саўрана з Дол Гулдура — цытадэлі Ворага ў паўднёвай частцы Ліхалесся. Аднак абарона эльфійскіх земляў так і не была прарвана, а пасля трэцяга нападу сіл Саўрана эльфы Лорыэна пад кіраўніцтвам Келебарна нанеслі свой контрудар па Дол Гулдуру і з налёту ўзялі варожую цытадэль. Выкарыстоўваючы сваё магічнае ўменне, Галадрыэль абрынула сцены варожай крэпасці[2].
Праз паўтара гады пасля ўзыходжання на прастол караля Элесара і пачатку Чацвёртай Эпохі Галадрыэль пакінула Міжзем’е і 29 верасня 3021 года адпыла разам з Элрандам, Гэндальфам, Фрода і Більба на Захад, пакінуўшы Келебарна ў Лорыэне. На той момант ёй было больш за 7000 гадоў. Яна заставалася адзінай жывой з князёў нолдар, якія ў свой час пакінулі Валінар.
Генеалогія Першанароджаных Эльфаў