wd wp Пошук:

Кацярына Тэнчынская

Кацярына Тэнчынская[1], Кацярына з Тэнчына гербу «Тапор(руск.) бел.» (каля 1544  — 16 сакавіка 1592, Мір, Карэліцкі раён[2]) — слуцкая княгіня, жонка Юрыя Юр’евіча Алелькавіча і Крыштафа Радзівіла.

Біяграфія

Сям’я

Кацярына нарадзілася ў 1544 годзе ў сям’і пазнейшага ваяводы кракаўскага Станіслава Тэнчынскага(польск.) бел.[3] і Ганны — дачкі Богуша Багавіцінавіча. Належыла да даўняга польскага графскага роду Тэнчынскіх(руск.) бел.[4]. Яе братам быў Ян Баптыста Тэнчынскі, ваявода бельскі, староста люблінскі[5]. Род графаў Тэнчынскіх адносіўся да ліку самых уплывовых і багатых фамілій Польскага каралеўства[1].

Першы шлюб

У 14-гадовым узросце маладую дзяўчыну аддалі замуж за слуцкага князя Юрыя Алелькавіча. Гэта адбылося ў маі 1558 года пасля велікодных свят[1]. Нявеста атрымала добрую адукацыю, пра што сведчаць яе лісты, і вызначалася розумам і сціпласцю[1]. Юрый быў праваслаўным, а Кацярына, хоць і належала да каталіцкай веры, добра ведала праваслаўнае багаслужэнне, бо яе маці таксама была праваслаўнай[1]. Амаль да канца свайго жыцця Кацярына не проста наведвала праваслаўныя багаслужэнні, але і была актыўнай апякункай праваслаўных цэркваў ва ўладаннях мужа[1].

Шлюб акрамя вялікага пасагу даў князям Слуцкім палітычную падтрымку роду Тэнчынскіх. Пасаг у 20 тысяч польскіх злотых[6], атрыманы за Кацярынай, складаўся з срэбра, перлаў, клейнотаў на 13 тысяч злотых і 10 тысяч коп грошай наяўнымі грашыма. Да таго ж ёй адышлі на Падляшшы маёнтак Семяцічы (мястэчка і 7 вёсак) і Орля[1]. Узамен такога вялікага пасагу 25 мая 1558 года Юрый Слуцкі запісаў сваёй маладой жонцы вена на трэці ўсіх сваіх добр на 50 тысяч злотых[7]. Гэты запіс быў пацверджаны каралём праз некалькі дзён пасля яго выдання. У адказ Кацярына падпісала ліст, якім пацвярджала атрыманне ад бацькі ўсяго пасагу і адмаўлялася ад усіх прэтэнзій на бацькоўскія і мацярынскія маёнткі[8]. Яны павінны былі пасля смерці бацькі перайсці яе старэйшаму брату Яну Баптысце[1].

Праз год пасля вяселля Кацярына нарадзіла хлопчыка. Яго назвалі ў гонар бацькі Юрыем. Потым у Кацярыны нарадзілася яшчэ двое дзяцей — Сямён і Аляксандр[4].

У 1578 годзе, у 34 гады княгіня засталася ўдовай і багатай спадчынніцай нябожчыка мужа. Кацярына распараджалася княствамі і мноствам маёнткаў да паўналецця сыноў. Да ўсяго іншага, яна атрымала ад караля дадатковыя землі[4].

Другі шлюб

Кацярына Тэнчынская

Праз тры гады Кацярына зноў выйшла замуж. Яе выбраннікам стаў малады і багаты гетман Крыштаф Радзівіл. Яна стала яго трэцяй жонкай. Маладому мужу Кацярына нарадзіла яшчэ дваіх дзяцей — Крыштафа і Альжбету[4].

У 48-гадовым узросце Кацярына памерла 19 сакавіка 1592 года[9].

Сям’я

Дзеці

У культуры

Асноўны артыкул: Партрэт Кацярыны Тэнчынскай Прыжыццёвы партрэт княгіні Кацярыны раней упрыгожваў карцінную галерэю Слуцкага замка[10], а зараз захоўваецца ў Нацыянальным музеі ў Варшаве. Слуцкую княгіню адлюстраваў невядомы мастак. Як мяркуецца, карціна была напісана ад канца 1578 да сярэдзіны 1581 (паміж смерцю першага мужа і другім шлюбам). Лацінскі надпіс на палатне кажа: «Год панскі 1580. Кацярына, графіня з Тэнчына, божай ласкай княгіня слуцкая, свайго ўзросту 35 гадоў». На самой жа карціне княгіня выглядае значна старэй.

У крыніцах падаецца, што аўтарам партрэту быў невядомы польскі жывапісец, магчыма Марцін Кобер(руск.) бел.[11]. Паводле іншай версіі згодна архіўных звестак і даследаванняў вучонага-гісторыка А. Грыцкевіча гэты партрэт быў напісаны ў Слуцку і, верагодна, мясцовым мастаком[12]. Аналіз жывапісных асаблівасцей твора сведчыць пра знаёмства аўтара партрэта з кракаўскай мастацкай школай. Гэта не выпадкова, бо княгіня была родам з Кракава і сувязі слуцкага княжацкага двара з польскай сталіцай існавалі. Гэта ўзор распаўсюджанага ў той час тыпу «сармацкага партрэта»[13].

У 1988 годзе Міхаіл Самуілавіч Басалыга стварыў каляровую літаграфію «Слуцкая княгіня Кацярына Ценчынская Алелькавіч»[14].

Зноскі

  1. 1 2 3 4 5 6 7 8 Скеп’ян, А. А. Князі Слуцкія. — Мінск: Беларусь, 2013. — 246 с. — 1 000 экз. — ISBN 978-985-01-1049-7.
  2. Genealogia TĘCZYŃSCY Архівавана 4 сакавіка 2016. (польск.)
  3. Радзивилл, Христофор (младший) (руск.)
  4. 1 2 3 4 Слуцкая княгиня Екатерина (руск.)
  5. Jan Baptysta Tęczyński Архівавана 7 сакавіка 2016. (польск.)
  6. AGAD. AR. D. XXIII. T. 116. Pl. 1. S. 31.
  7. AGAD. AR. Zb. Dok. Pergam. № 7737.
  8. AGAD. AR. Zb. Dok. Pergam. № 7739.
  9. Смерть одного рода (руск.)
  10. Картинная галерея Слуцкого замка Архівавана 25 кастрычніка 2013. (руск.)
  11. Вялікае Княства Літоўскае. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя П.Броўкі, 2005. — 684 с.: іл. ISBN 985-11-0314-4. — С. 138
  12. Слуцкая палитра: Из фондов Слуцкого краеведческого музея: фотоальбом / сост., авт. текста Н. Г. Серик; фото В. А. Сибрикова. — Минск: Літаратура і Мастацтва, 2010. — С. 4. — 64 с.
  13. Партрэтны жывапіс
  14. Каталог музея

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (15):
Катэгорыя·Памерлі ў 1592 годзе
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1544 годзе
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Міры
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Запыты на пераклад з рускай
Катэгорыя·Род Тэнчынскіх
Катэгорыя·Памерлі 19 сакавіка
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Карэліцкім раёне
Катэгорыя·Князі слуцкія
Катэгорыя·Радзівілы
Катэгорыя·Алелькавічы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Вікіпедыя·Запыты на пераклад з польскай
Катэгорыя·Жанчыны Вялікага Княства Літоўскага
Катэгорыя·Памерлі 16 сакавіка