Кацярына Тэкаквіта (магаўк: Kateri Tekakwitha)[5] — рымска-каталіцкая святая. Першая святая карэнная жыхарка Паўночнай Амерыкі. Дзень шанавання - 14 ліпеня.
Нарадзілася ў іракезскай вёсцы Асэрненан на месцы сучаснага амерыканскага горада Орэсвіль у 1656 г. Бацька быў магаўкам, а маці — палоннай алганкінкай. Першае імя Тэкаквіта на мове магаўкаў значыць “лілея”. У дзяцінстве перажыла воспу. Воспіны на твары сталі прычынай прыніжэння ў юнацтве. Яна часцяком хавала твар пад накрыўкай. Хвароба забіла яе бацькоў, таму ў далейшым выхоўвалася ў сям’і дзядзькі, правадыра магаўкаў.
Насуперак жаданню прыёмнага бацькі адмовілася ад шлюбу, у 19 гадоў прыняла хрысціянства і зарок бясшлюбнасці. Атрымала імя Кацярына ў гонар Святой Кацярыны з Сіены. Суседдзі распаўсюдзілі плёткі, нібы дзяўчына займалася чарадзействам. Каб пазбавіцца пераследу, яна пакінула радзіму і пераехала ў хрысціянскую абшчыну Кахнавакэ каля Манрэаля.
Езуіты, што наведвалі Кахнавакэ, сцвярджалі, што Кацярына была вельмі набожнай. Яна малілася за зварот у хрысціянства іншых магаўкаў, спала на шыпах, падчас посту сапсавала пах ежы, аднойчы нават падпаліла сябе. Захварэла і памерла 17 красавіка 1680 г. Пасля смерці воспіны на яе твары зніклі.
Пасля пахавання Кацярына Тэкаквіта нібы тройчы з’яўлялася перад сваімі сяброўкамі і плябанам абшчыны. Да 1684 г. каля яе магільні была пабудавана капліца, што стала месцам для пілігрымак. Кацярына лічылася неафіцыйнай заступніцай Манрэаля. У XVIII ст. культ Кацярыны Тэкаквіта распаўсюдзіўся сярод індзейцаў Мексікі.
22 чэрвеня 1980 г. беатыфікавана Янам Паўлам ІІ[6]. 21 кастрычніка 2012 г. кананізавана Бенедыктам ХVI[7].