Канста́нцый II (Фла́вій Ю́лій Канста́нцый, лац.: Flavius Julius Constantius, 7 жніўня 317, Сірмій, Панонія, Рымская імперыя — 3 лістапада 361, Мапсукрэна, Кілікія, Рымская імперыя) — рымскі імператар у 337—361 гадах, дзесяць разоў быў консулам[5].
Пасля смерці бацькі ў 337 годзе атрымаў у кіраванне большую частку Усходу. У барацьбе за ўсталяванне кантролю над усёй імперыяй ухіліў двух сваіх дзядзькаў (братоў Канстанціна Вялікага) і семярых стрыечнікаў. У 353 годзе пасля перамогі над узурпатарам Магненцыем стаў аднаасобным правіцелем імперыі. У яго кіраванне грамадзянская вайна ўскладнялася тым, што імперыя была змушана весці знясільваючую вайну з персамі і германцамі[6].