Казімір Коцел герба «Пелікан» (1767 — 22 сакавіка 1813, Узбалаць) — вялікалітоўскі ваенны дзеяч, шляхецкі генерал-маёр, генерал войскаў Вялікага Княства Літоўскага.
Сын генерала Тадэвуша Коцела і Ганны з Тышкевічаў, дачкі Юзафа Бенедыкта. Брат — Юзаф, сястра — Барбара (у шлюбе за Андрэем Абрамовічам). Меў ва ўласнасці Беніцу, Язна, Дубнік, а пасля смерці брата Юзафа ў 1810 годзе — Гарадзілава і Узбалаць. Афіцэр народнай кавалерыі літоўскай. З 1786 года каралеўскі камергер. Камісар парадковай цывільна-вайсковай камісіі Віленскага ваяводства Ашмянскага павета Ашмянскай рэпартыцыі ў Ашмянах у 1790 годзе[1]. Прымаў удзел у вайне Расіі з Рэччу Паспалітай 1792 года як ротмістр 28-й харугві ў 2-й брыгадзе народнай кавалерыі (пінскай). Узначальваў Грамадзянскі ваенны камітэт у Ашмянах. Падчас паўстання 1794 года быў прызначаны на пасаду генерала — арганізатара паўстання ў Ашмянскім павеце. У 1794 г. віленская Таемная дэпутацыя папракнула Казіміра Коцела за млявасць і адсутнасць руплівасці падчас паўстання. Далейшая дзейнасць невядома.
Пахаваны ў Беніцы.