У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Леўчанка. Зінаіда Мікалаеўна Ле́ўчанка (3 сакавіка 1925, г. Новачаркаск — 16 мая 1980) — беларускі архітэктар. Заслужаны архітэктар БССР (1971).
Нарадзілася 3 сакавіка 1925 г. у г. Новачаркаску Растоўскай вобласці (РСФСР) у сям’і служачага. Удзельніца Вялікай Айчыннай вайны. З чэрвеня 1942 г. працавала ў прыфрантавых авіярамонтных майстэрнях[1].
Скончыла ў 1949 годзе Харкаўскі інжынерна-будаўнічы інстытут. Працавала ў Валгаградзе, з 1951 па 1980 г. — архітэктарам у Брэсцкім філіяле Белдзяржпраекта, галоўным спецыялістам-архітэктарам тэхаддзела ў Брэстграмадзянпраекце.
Член Саюза архітэктараў СССР з 1963 года.
Галоўны кірунак творчасці — архітэктура жылых і грамадскіх будынкаў. Асноўныя работы ў Брэсце: жылы дом на плошчы імя Леніна (1959), кафэ па вул. Савецкай (1960), дом будаўнічых арганізацый (1966), гасцініца «Беларусь» (1971)[2], комплекс Брэсцкага інжынерна-будаўнічага інстытута, эксперыментальная сярэдняя школа па вул. Маскоўскай (1979, абодва ў сааўтарстве), праект размяшчэння жылога і культурна-бытавога будаўніцтва (1959—1965), праект дэталёвай планіроўкі Паўднёвага жылога раёна (1962).
Узнагароджана медалямі: «За абарону Каўказа», «За Перамогу над Германіяй», «За працоўную адзнаку», «За доблесную працу. У адзначэнне 100-годдзя з дня нараджэння У. І. Леніна»[3].