wd wp Пошук:

Зінаіда Антонаўна Астаповіч-Бачарова

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Астаповіч-Бачарова. Зінаіда Антонаўна Астаповіч-Бачарова (10 верасня 1898, Мінск — 26 верасня 1993, Віцебск) — беларуская мастачка. Сястра вядомага графіка Аркадзя Астаповіча.

Біяграфія

У 1900 г. з прызначэннем бацькі настаўнікам-інспектарам чатырохкласных вучылішч пераехала ў Рэчыцу, у 1906 г. — у г. Гродна, дзе паступіла ў Марыінскую жаночую гімназію. У 1914 г. пасля смерці бацькі разам з сям’ёй перасялілася да сваякоў у г. Петраград. Праз год скончыла Аляксандраўскую жаночую гімназію з правам на сярэбраны медаль. З 1915 г. да 1919 г. займалася ў Рысавальнай школе пры Імператарскім таварыстве заахвочвання мастацтваў (цяпер Санкт-Пецярбургскае мастацкае вучылішча імя М. К. Рэрыха), наведвала графічнае аддзяленне І. Я. Білібіна, вывучала жывапіс у П. С. Навумава, рысунак у А. Р. Эберлінга. З 1917 г. выкладала маляванне ў школе Таварыства спажыўцоў пры Абухаўскім заводзе і ў Аляксандра-Неўскім гарадскім пачатковым вучылішчы ў г. Петраградзе. Ратуючыся ад голаду, у 1919 г. пераехала на лецішча бацькоў у в. Навасёлкі (Ігуменскі павет Мінскай губерні), дзе да 1922 г. працавала выкладнікам малявання ў школе г. Мар’іна Горка[1].

З 1923 г. да 1925 г. працягнула навучанне ў У. Н. Лявіцкага і А. Р. Эберлінга ў І Дзяржаўным мастацка-прамысловым тэхнікуме ў г. Ленінградзе. З 1923 г. да 1928 г. працавала ў часопісе «Ленінград» і прыватных выдавецтвах, з 1927 г. да 1928 г. выконвала замовы Беларускага дзяржаўнага музея. У 1927 г. узяла шлюб і пераехала ў г. Наваржэў (Пскоўская вобласць) — месца працы мужа. Праз тры гады вярнулася ў г. Ленінград, выкладала маляванне і чарчэнне ў сярэдніх школах, на рабфаку Ленінградскага ветэрынарнага інстытута. У 1941 г. эвакуіравалася ў в. Заазер’е (Пермскі раён Свярдлоўскай вобласці), працавала па спецыяльнасці ў мясцовай школе, з 1945 г. — пасля вяртання ў г. Ленінград — у СШ № 320 і № 322. У 1955 г. пераехала да дачкі ў г. Рыбнае (Разанская вобласць), у 1963 г. разам з дачкой — у г. Віцебск[2].

Творчасць

З 1911 г. да 1990 г. З. А. Астаповіч-Бачарова пісала амаль штодзённа. Значная частка работ 1930-х — 1940-х гг. згубілася ў блакадным г. Ленінградзе і ў час пераездаў. Малявала акварэллю, алеем, алоўкамі, вуглём, гуашшу, пастэллю і інш.

Працавала ў жанрах: партрэт («Аўтапартрэт» (1923), «Партрэт Н. Р. Якубовіч» (1923), «Партрэт прыяцелькі» (1925), «Жаночы партрэт» (1926) і інш.), пейзаж («Асіны і елка» (1915), «Сасна» (1916), «Вечар у лесе» (1968) і інш.), агітацыйны плакат («Авалодвайце паветрам і часам» (1926) і інш.), кніжная ілюстрацыя (да казкі «Жылі-былі стары ды старая» (1922), да кніг-казак у вершах паэтаў У. І. Эрліха і Я. Л. Шварца) і інш.

Удзельнічала ў выстаўках: прац самадзейных мастакоў-рабочых, служачых і іх сямей (г. Ленінград, 1952), «Аркадзь Антонавіч Астаповіч і Зінаіда Антонаўна Астаповіч-Бачарова» (Дзяржаўны мастацкі музей БССР, 1989), «Аркадзь Антонавіч Астаповіч і Зінаіда Антонаўна Бачарова-Астаповіч» (Арт-цэнтр Марка Шагала ў г. Віцебску, 1990), «Драма и удача художника. Зинаида Антоновна Бочарова-Астапович» (Віцебскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя С. М. Кірава, 1993)[3].

Зноскі

  1. http://minsk-region.estu.by/main.aspx?guid=20133(недаступная+спасылка)
  2. http://bdamlm.by/news/fond-448-vopis-1
  3. http://bdamlm.by/news/fond-448-vopis-1
Тэмы гэтай старонкі (14):
Катэгорыя·Артыкулы пра мастакоў без партрэтаў
Катэгорыя·Выкладчыкі Санкт-Пецярбургскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны
Катэгорыя·Мастакі паводле алфавіта
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Мінску
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Выкладчыкі Мар’інагорскай школы № 2
Катэгорыя·Нарадзіліся 10 верасня
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1898 годзе
Катэгорыя·Мастакі Беларусі
Катэгорыя·Мастакі СССР
Катэгорыя·Артыкулы пра мастакоў без ілюстрацый на Вікісховішчы
Катэгорыя·Памерлі ў 1993 годзе
Катэгорыя·Памерлі 26 верасня
Катэгорыя·Памерлі ў Віцебску