Звычайны ліс для Беларусі — абарыгенны від сысуноў, прадстаўнік беларускай фаўны сабачых.
Паляўніча-прамысловы звер: у 1924-75 нарыхтоўчымі пунктамі закуплена 445 тысяч шкурак лісаў, з іх у 1970-75 14 тысяч. На пачатак 1980-х гадоў у БССР было каля 25,4 тысяч асобін ліса звычайнага[1].
Колькасць лісаў, якія жылі ў паляўнічых угоддзях Беларусі, на 2014 год складала 29700 асобін[2]. Агульная колькасць лісы ў Беларусі складае прыблізна 35 — 45 тысяч асобін[3].
Звычайныя лісы жывуць у Гродзенскім, Віцебскім і Мінскім заапарках, у Магілёўскім заасадзе.
У Беларусі ва ўсіх раёнах трапляецца падвід ліс звычайны сярэднярускі (Vulpes vulpes vulpes)[1], які распаўсюджаны па ўсёй тэрыторыі і з’яўляецца звычайным відам фаўны. Колькасць лісаў з году ў год неаднолькавая. Гэта вызначаецца многімі прычынамі, сярод якіх вызначальнымі з’яўляюцца ваганне колькасці мышападобных грызуноў — іх асноўнага корму, а таксама ўмоў надвор’я, асабліва зімовых[3].
Месцапражыванні такога пластычнага віду, як лісы, разнастайныя. Яны жывуць як у розных лясных масівах, так і сярод аграландшафтаў, уключаючы ўскраіны паселішчаў чалавека. Ліс аддае перавагу месцам, дзе часта чаргуюцца спрыяльныя па кармавых умовах біятопы: лугі, палі, вадаёмы, балоты, участкі лесу, зараснікі хмызняку. Пазбягае ліс толькі шырокіх моцна забалочаных тэрыторый. Рэдка яго можна сустрэць сярод аднатыпных лясных масіваў, але затое ён ахвотна засяляе іх ўскраіны.
Даследванні лісаў у Беларусі праходзяць у тым ліку ў межах вывучэння распаўсюджання сярод жывёл у прыродзе і ў няволі шаленства і гельмінтозаў[4][5][6][7] або атрымання дадзеных для паспяховага вырошчвання лісаў на зверафермах[8].
Лісы ў Беларусі не ахоўваюцца. На іх дазволена паляванне з першай суботы кастрычніка па 31 студзеня[9]
У энцыклапедычным слоўніку «Беларуская міфалогія» паведамляецца, што ліса на побытавым узроўні з’яўляецца сімвалам хітрасці, кемлівасці, спрытнасці, лісліавсці, падману, зладзеяватасці, помслівасці, прыгажосці і г. д. На міфалагічным узроўні — яна сімвал вітальнасці і, відавочна, урадлівасці і плоднасці. Вядома такое вясельнае пажаданне з тэрыторыі Тураўшчыны: «Перэпiваю лiса, шоб дзецi велiса»[10][11][12][13].
Лічылася, што сустрэча на дарозе з лісой прадказвае няшчасце[14].
![]() |
Звычайны ліс у Беларусі на Вікісховішчы |
---|