wd wp Пошук:

Зборная Гандураса па футболе

Зборная Гандураса па футболе — каманда, якая прадстаўляе Гандурас на міжнародных футбольных турнірах і матчах. Кантралюецца і кіруецца Нацыянальнай аўтаномнай федэрацыяй футбола Гандураса. Адна з моцных зборных у КАНКАКАФ. Член ФІФА з 1951 года.

Гісторыя

Першы свой матч зборная Гандураса правяла ў 1921 годзе і была разгромленая Гватэмалай з лікам 9:0. Доўгі час Гандурас не мог пахваліцца вялікімі поспехамі на футбольным полі, абмяжоўваючыся лакальнымі поспехамі, такімі, як перамога над слабой зборнай Нікарагуа ў 1946 годзе з лікам 13:0. Пачынаючы з 1960-х гадоў ўзровень і цікавасць да футбола ў краіне павольна, але пачала ўзрастаць.

Першы «Залаты перыяд» у гісторыі зборнай Гандураса прыйшоўся на пачатак 1980-х гадоў. Гандурас быў абраны месцам правядзення чэмпіянату КАНКАКАФ для зборных (цяпер мае назву Залаты кубак КАНКАКАФ). Гандурасцы бліскуча правялі турнір, абыграўшы ўсе зборныя, якія занялі ў табліцы месца ніжэй 4-га (4:0 — Гаіці, 2:0 — Куба, 2:1 — Канада), і згуляўшы ўнічыю 0:0 з двума прызёрамі турніру — Сальвадорам і Мексікай — і занялі першае месца на турніры ўпершыню ў сваёй гісторыі.

Паколькі чэмпіянат КАНКАКАФ 1981 быў адначасова адборачным турнірам да чэмпіянату свету 1982 года, Гандурас паехаў у наступным годзе (разам з другім прызёрам Сальвадорам) абараняць гонар Паўночнай, Цэнтральнай Амерыкі і краін Карыбскага басейна ў Іспанію. Каманда годна правяла турнір, хоць і не змагла выйсці з групы — былі здабыты нічыі з гаспадарамі турніру і Паўночнай Ірландыяй (па 1:1), але мінімальнае паражэнне ад Югаславіі (0:1) не дазволіла Гандурасу выйсці ў наступны раўнд спаборніцтваў.

У 1985 і 1991 гадах Гандурас двойчы займаў 2-е месца ў Залатым кубку КАНКАКАФ.

У 2001 годзе Гандурас запрасілі ў апошні момант для ўдзелу ў Кубку Амерыкі, які прайшоў у Калумбіі. Гандурасцы ў чвэрцьфінале сенсацыйна абыгралі зборную Бразіліі, а ў матчы за 3-е месца абыгралі Уругвай. Такім чынам, Гандурас заняў прызавое трэцяе месца ў сваім адзіным удзеле ў адным з самых прэстыжных футбольных турніраў свету. Пасля Гандурас прызнаваўся адной з самых хутка прагрэуючых футбольных нацый свету па версіях часопіса «World Soccer», МФФІІС і ФІФА.

У 2009 годзе зборная Гандураса заняла трэцяе месца ў фінальнай адборачнай групе КАНКАКАФ і ў другі раз у сваёй гісторыі ўдзельнічала ў фінальнай стадыі чэмпіянату свету па футболе 2010 у Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі, дзе ўзяла толькі адно ачко, згуляўшы ўнічыю са Швейцарыяй (0:0). Сустрэчы з Чылі і Іспаніяй «катрачас» прайгралі і занялі апошняе месца ў групе, не забіўшы ніводнага мяча.

У 2013 годзе Гандурас зноў заняў трэцяе месца ў фінальнай адборачнай групе КАНКАКАФ і трэці раз трапіў на чэмпіянат свету, дзе саступіў ва ўсіх трох матчах і заняў апошняе месца ў групе.

Зноскі

  1. Men’s RankingFIFA, 2017. Праверана 25 лістапада 2017.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (3):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Зборная Гандураса па футболе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных