Залаты храм (лац.: Domus Aurea), або Вялікая царква — раннехрысціянскі храм у г. Антыёхія, які ўваходзіў у ансамбль імператарскага палаца на востраве ў паўночнай частцы горада[1]. Кафедральны сабор Антыяхійскага патрыярхату.
Царква закладзена імператарам Канстанцінам Вялікім у 327 годзе, асвячона ў 341 годзе. Разбурана пры землетрасенні 528 года, была адноўлена імператарам Юстыніянам I[1].
Царква ўяўляла сабой 8-баковую цэнтрычную пабудову (актагон або тэтраконх), акружаную амбулаторыем, галерэямі і нішамі[2]. Галоўны хрысціянскі помнік горада апісаны Еўсевіем Кесарыйскім як пабудова небывалых памераў і канструкцыі, багата ўпрыгожаная золатам, меддзю і інш. дарагімі матэрыяламі[3]
Прыхільнікі актаганальнай рэканструкцыі храма[4] лічаць яго ўзорам пры будаўніцтве палацавых цэркваў з аналагічнай структурай, пачынаючы з царквы Святых Сергія і Вакха(руск.) бел. ў Канстанцінопалі да капэлы ў Ахене (каля 800). Калі ж пагадзіцца з рэканструкцыяй у выглядзе падвойнага тэтраконха, то такая кампазіцыя магла стаць асновай шэрагу структурна падобных ці блізкіх саборных храмаў і палацавых цэркваў пачынаючы з царквы Сан-Ларэнца-Маджорэ ў Мілане (376–377)[5]. Незалежна ад формы яе лічаць першым узорам хрысціянскіх храмаў з «падвойнай абалонкай»[6], якія шырока вядомыя ў архітэктуры юстыніянаўскай эпохі і паўплывалі на ўнутраную прастору візантыйскіх цэркваў з развітымі хорамі[2].