Залату́шскі сельсавет — былая адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Васілевіцкага раёна Гомельскай вобласці. Цэнтр — вёска Залатуха.
Пасля другога ўзбуйнення БССР з 8 снежня 1926 года Залатушскі (Залатухскі) сельсавет у складзе Васілевіцкага раёна Рэчыцкай акругі БССР. З 9 чэрвеня 1927 года ў складзе Гомельскай акругі. З 4 жніўня 1927 года ў складзе Рэчыцкага раёна. 30 снежня 1927 года сельсавет узбуйнены, у яго склад увайшла тэрыторыя скасаванага Заходскага сельсавета. Пасля скасавання акруговай сістэмы 26 ліпеня 1930 года ў Рэчыцкім раёне БССР. З 20 лютага 1938 года ў складзе Васілевіцкага раёна Палескай вобласці. 29 кастрычніка 1950 года ў склад сельсавета ўвайшла вёска Навінкі скасаванага Васілевіцкага сельсавета[1]. З 8 студзеня 1954 года ў складзе Гомельскай вобласці. 16 ліпеня 1954 года сельсавет скасаваны, яго тэрыторыя далучана да Чкалаўскага сельсавета[2].