Заве́сна — возера ў Гарадоцкім раёне Віцебскай вобласці ў басейне ракі Ловаць (працякае праз возера)[2].
Плошча паверхні 1,59 км², даўжыня 1,9 км, найбольшая шырыня 1,08 км. Даўжыня берагавой лініі 5,5 км. Найбольшая глыбіня возера 2,4 м, сярэдняя 1,5 м. Аб’ём вады ў возеры каля 2,41 млн. м³. Плошча вадазбору 11,6 км².
Катлавіна возера рэшкавага тыпу, круглаватай формы. Схілы катлавіны вышынёй да 5 метраў, спадзістыя. Берагавая лінія слабазвілістая. Берагі нізкія, пясчаныя. У заходняй частцы забалочаная пойма шырынёй да 200 метраў. Дно плоскае, пясчанае і ілістае да глыбіні 1—1,5 м. На большых глыбінях дно выслана сапрапелем.
Возера дыстрофнае, праточнае. Праз возера працякае рака Ловаць. Надводная расліннасць распаўсюджваецца на адлегласці да 60 м ад берага. Падводная расліннасць займае ўсю плошчу возера.
У возеры водзяцца акунь, шчупак, лешч, плотка, гусцяра, краснапёрка, лінь і іншыя віды рыб.