wd wp Пошук:

Жыццё і смерць двараніна Чартапханава

«Жыццё́ і смерць дварані́на Чартапха́нава» (руск.: Жизнь и смерть дворянина Чертопханова) — беларускі двухсерыйны тэлевізійны фільм рэжысёра Віктара Турава у жанры драмы.[1] Зняты па матывах апавяданняў Івана Тургенева «Чартапханаў і Недапюскін», «Канец Чартапханава» і «Спевакі» (з цыкла «Запіскі паляўнічага(руск.) бел.») у 1971 годзе на кінастудыі «Беларусьфільм».[2]

Сюжэт

Першая серыя

Падчас пахавання багатага пана Фёдара Фёдаравіча зачытваецца завяшчанне, згодна з якім утрыманцу пана Ціхану Недапюскіну (акцёр Юрый Мядзведзеў(руск.) бел.) прадастаўляецца вёска Бессялендзееўка з угоддзямі і 22 жыхарамі. Прысутныя на абвяшчэнні завяшчання сваякі і суседзі нябожчыка пачынаюць здзекавацца над разгубленым Ціханам Іванавічам. Пляменнік нябожчыка, збяднелы дваранін Панцялей Ерамеевіч Чартапханаў (акцёр Бронюс Бабкаўскас(літ.) бел.), заступаецца за небараку і выклікае на дуэль яго галоўнага крыўдзіцеля. Той, з-за нечаканасці такога развіцця падзей, вымушаны прасіць прабачэння ў новаяўленага памешчыка.

Лета, Дон. Чартапханаў і Недапюскін конна палююць на зайцоў. Падчас палявання Панцялей Ерамеевіч сустракае на сваёй зямлі незнаёмага паляўнічага, але даведаўшыся, што той дваранскага паходжання, дазваляе незнаёмцу паляваць на сваіх угоддзях. Тым часам у маёнтку Чартапханава завіхаецца па гаспадарцыі селянін Перфірый, а гаспадара чакае ў хаце самотная жанчына Марыя Акінфіеўна (актрыса Вольга Лысенка(укр.) бел.). Дождж і вяртанне балбатлівых паляўнічых не замінаюць суму, які апанаваў Машу. З мэтай схавацца ад дажджу да маёнтка Чартапханава прыходзіць той самы незнаёмы паляўнічы і гаспадар запрашае яго на абед. Паляўнічы прыехаў з Пецярбургу, валодае добрымі манерамі. Чартапханаў прадстаўляе яму сваю «фактычную» жонку Машу, робіць гэта непаважліва. Па просьбе Панцялея Ерамеевіча Маша бярэ ў рукі гітару і выконвае раманс. Госці знаходзяцца пад вялікім ураджаннем ад выканання. Потым Маша грае вясёлую мелодыю і Чартапханаў з Недапюскіным пачынаюць танцаваць, малады паляўнічы ціха сыходзіць з маёнтка.

Туга галоўнай гераіні Машы (актрыса Вольга Лысенка(укр.) бел.) сярод вясёлых гасцей.

Гарадская ярмарка. Сяляне п’юць ды рагочуць, грае гармонік. Чартапханаў таксама на ярмарцы, глядзіць коней. Недапюскін ценем ходзіць за Панцялеем Ерамеевічам і дае парады. Сярод шумных гандляроў Чартапханаў чуе крыкі аб помачы — мужыкі каля карчмы збіваюць старога яўрэя. Панцялей Ерамеевіч заступаецца за небараку, бізуном разганяе бойку. Тым часам, Маша ідзе ад ярмаркі да манастыра, каб памаліцца ў царкве. Вяршуўшыся ў маёнтак Чартапханаў бачыць выратаванага ім яўрэя, які даўно чакае Панцялея Ерамеевіча і паказвае тому каня. Яўрэй прадае Чартапханаву каня ўсяго за 200 рублёў, нават грошы чакае толькі праз шэсць месяцаў. Выдатнага каня Панцялей называе Малек-Адэль, сам коміць яго.

Парфірый акрапляе пакой «гаспадыні» святой вадой. Гэта бачыць Недапюскін і на пытанне чаму атрымлівае ад селяніна адказ, што чамусці невясёлая заўсёды Маша. Ціхан Іванавіч просіць служку акрапіць і пакой Панцялея. Потым за гарбатай Недапюскін у каторы раз недарэчна распавядае Марыі Акінфіеўне пра добры побыт у маёнтку, вартасці гаспадара Чартапханава. Тая ж не мае моцы стрымаць сябе і ў адчаі кідаецца да Недапюскіна: «Я жыць хачу, Ціхан Іванавіч, жыць!» Але той не разумее яе непакою і радзіць Машы цярпець. Зразумела, што жанчына любіць і добрага Ціхана і ганарлівага Панцялея, але жыць так далей не можа і вырашае сысці назаўсёды. Яна ціха развітваецца з Панцялеем, які спіць і супакойвае Ціхана, які плача і не разумее такі крок. Прачнуўшыся Панцялей бяжыць па слядах і даганяе Машу, якая схавалася ад дажджу ў млыне пры дарозе. Негледзячы на мальбу, слёзы і нават пагрозы пана жанчына не вяртаецца да яго, просіць толькі памятаць мінулае іх каханне. Чартапханаў вяртаецца адзін у роспачы па пустой дарозе.[3]

Другая серыя

Збяднелы слупавы дваранін Панцялей Чартапханаў славіўся ва ўсім акалодку чалавекам ганарлівым і сумленным, баламутам і забіякам.
…Першае бедства, якое пабіла яго, апынулася самым адчувальным: Маша рассталася з ім…
…Закадычны сябар ягоны і прыяцель Ціхан Іванавіч Недапюскін цяжка захварэў…
…Адзінай радасцю ў жыцці Чартапханава стаў дзіўны верхавы конь Малек-Адэль, падарунак у растэрміноўку старога Лейбы ў падзяку за выратаванне ад смерці…
…Даходаў ніякіх не прадбачылася, а тэрмін плацяжу між тым набліжаўся…
з уступнай застаўкі(руск.) бел. да другой серыі фільма

У хаце Недапюскіна чытаюць малітву над хворым. Ціхан Іванавіч пакідае тастамент, у якім адзіную сваю вёску завяшчае Чартапханаву. Чартапханаў падтрымлівае Ціхана ласкавым словам, але ў вачах слёзы роспачы. Недапюскін памірае, яго хаваюць на могілках.

У карчме адбываецца спаборніцтва спевакоў Яшкі і Радчыка. Наведвальнікі с захапленнем слухаюць песні ды п’юць. У карчме таксама п’яны Чартапханаў, які прачынаецца ад гука спеваў і пляскае ў далоні. Пасля песні Яшкі ўсе ў карчме заміраюць ад захаплення, Чартапханаў нібыта становіцца цвярозым. Дзень за днём Панцялей Ерамеевіч бачыць радасць жыцця толькі ў валоданні сваім выдатным канём. Турбуецца толькі Перфірый, які нагадвае гаспадару, што хутка Лейба прыйдзе за грошамі. Аднак Чартапанаў гатовы аддаць усё, што мае, толькі б захаваць Малек-Адэля.

Аднойчы восенню Панцялей чуе ад чыноўніка навіну, што атрымлівае 2000 рублёў па духоўнаму завяшчанню і шчаслівы толькі адной думкай — конь цяпер куплены. Чартапханаў марыць аб тым, як купіць яшчэ багатую вопратку, пярсцёнак з каштоўным каменем ды сабак добрай пароды. Ранкам Панцялей бачыць, што каня скралі з хлява. Пагоня па слядах не дае плённых вынікаў. Калі прыйшоў Лейба за грошамі, Чартапханаў амаль не задушыў старога яўрэя, абвінаваціўшы таго ў крадзежы. Аднак адумаўся і распытаў дзе і ў каго Лейба купіў каня. То з крыкам, то з слязьмі Панцялей просіць старога дапамагчы адшукаць казака, першага гаспадара Малек-Адэля, аддае яўрэю грошы. З першы снегам Чартапханаў і Лейба ад’язжаюць на пошукі казака, Перфірыю і сялянам Панцялей абяцае, што вернецца назад з канём або не вернецца ўвогуле.

Амаль праз год пан вяртаецца з канём, якога знайшоў на адной з далёкіх ярмарак. Жыццё ізноў вяртаецца на свой стары лад. Аднак з цягам часу, падчас паездак конна Панцялей адувае, што конь не такі шпаркі як быў раней. У кастрычніку Чартапханаў сустракае мясцовага святара і той выказвае абгрунтаванае меркаванне, што Панцялей прывёз добрага каня, але гэта не Малек-Адэль. Чартапханаў абразліва лаецца на святара, але сам пачынае адчуваць, што памыліўся падчас пошукаў і конь сапраўды не той. Ад адчаю Панцялей пачынае моцна піць, Парфірый не можа без слёз на гэта глядзець, моліцца за пана абразам. П’яны Панцялей Ерамеевіч мроіць аб страчаных Малек-Адэле і Машы. Аднаго дня Чартапханаў выводзіць каня ў лес і аблаяўшы пакідае яго там. Жывёла паслухмяна ідзе назад за гаспадаром. Панцялей у парыве злосці дастае пісталет і страляе ў каня. Чартапханаў злёг хворым, Перфірый ад роспачы звяртаецца да святара за дапамогай. Стары Лейба таксама прыходзіць да пана. Панцялей відаць па ўсім страціў жаданне жыць: «Слупавы дваранін Панцялей Чартапханаў памірае, хто можа яму перашкодзіць?»[4]

Акцёры і ролі

У ролях

Акцёр Роля
Бронюс Бабкаўскас(літ.) бел. Панцялей Ерамеевіч Чартапханаў Панцялей Ерамеевіч Чартапханаў
Вольга Лысенка(укр.) бел. Маша Маша
Юрый Мядзведзеў(руск.) бел. Недапюскін Недапюскін
Юрый Радзівонаў(руск.) бел. малады паляўнічы
Зіновій Герт Машэль Лейба Машэль Лейба
Станіслаў Чуркін(руск.) бел. Перфірый Перфірый
Андруша Макарэвіч Антропка Антропка
Валерый Залатухін Якаў Турак вандроўны спявак Якаў Турак
Валянцін Рыжы(руск.) бел. Радчык спявак Радчык

У фільме здымаліся

Акцёр Роля
Яніс Грантыньш(лат.) бел. дваранін
Барыс Уладамірскі(руск.) бел.
Юрый Лысенка(руск.) бел.
Барыс Быстроў(руск.) бел.
Ігар Камароў(руск.) бел.
Уладзімір Кудрэвіч
С. Касмаускам
Мікалас Ятаўціс(літ.) бел.
Валерыонас Дзяркінціс(літ.) бел.
Расціслаў Шмыроў мужык у карчме
Сцяпан Хацкевіч
Міхаіл Васільеў(руск.) бел. прадавец на кірмашы
Уладзімір Дзядзюшка
Юрый Гарабец(руск.) бел.
Афанасій Бялоў(руск.) бел.
Генадзь Аўсяннікаў
К. Сянкевіч(руск.) бел.
Л. Крук

Стварэнне

Перадгісторыя

Асноўны артыкул: Запіскі паляўнічага Аснову сюжэтнай лініі складаюць апавяданні Івана Тургенева «Чартапханаў і Недапюскін» і «Канец Чартапханава».

Здымачны працэс

Вытворчасць кінастужкі ажыццяўлялася на базе кінастудыі «Беларусьфільм» творчым аб’яднаннем «Тэлефільм» па заказу Дзяржаўнага камітэта Савета Міністраў СССР па тэлебачанню і радыёвяшчанню цягам 1971 года. Віктарам Туравым разглядалася для ўключэння ў фільм песня Уладзіміра Высоцкага «Бяда» («Я несла сваю бяду…»), але ў выніку ў карціну так і не ўвайшла. Уладзімір Высоцкі спрабаваўся таксама на ролю галоўнага героя фільма.[5] Здымкі праходзілі ў тым ліку ў Пскоўскай вобласці, каля Свята-Успенскага Пскова-Пячэрскага манастыра.

Здымачная група

Прэм’ера

Прэм’ера фільма адбылася 8 ліпеня 1972 года па савецкаму тэлебачанню.

Узнагароды

Дата цырымоніі Прэмія Катэгорыя Лаўрэаты і намінанты Вынікі
1972 V СФ тэлефільмаў у Ташкенце Прыз газеты «Савет Узбекістоні» за лепшую рэжысёрскую працу Віктар Тураў Перамога

Крытыка

Па меркаванню кінакрытыкаў фільм дакладна перадае «тургенеўскую» атмасферу. Адна з лепшых роляў акцёра Юрыя Мядзведзева. Герой Бронюса Бабкаўскаса ў ролі двараніна Чартапханава адлюстроўвае трагічную фігуру «лішняга чалавека». Адзначаны выразныя вакальныя дадзеныя маладога Валерыя Залатухіна ў маленькай ролі вандроўнага спевака Якава.

Тэхнічныя дадзеныя

Зноскі

  1. Жизнь и смерть дворянина Чертопханова(руск.) . Мегаэнциклопедия Кирилла и Мефодия. Праверана 16 студзеня 2019.
  2. Жизнь и смерть дворянина Чертопханова (1971) — информация о фильме(руск.) . Кино-Театр.РУ. Праверана 4 мая 2017.
  3. Все советские фильмы киностудии «Беларусьфильм». Жизнь и смерть дворянина Чертопханова (1 серия) (1971) фильм смотреть онлайн [мастацкі фільм]. BY: YouTube.
  4. Все советские фильмы киностудии «Беларусьфильм». Жизнь и смерть дворянина Чертопханова (2 серия) (1971) фильм смотреть онлайн [мастацкі фільм]. BY: YouTube.
  5. Владимир Шишков. Высоцкий. Песня, не вошедшая в фильм «Жизнь и смерть дворянина Чертопханова» [песня]. BY: YouTube.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (10):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Запыты на пераклад з рускай
Катэгорыя·Фільмы СССР 1971 года
Катэгорыя·Фільмы паводле алфавіта
Катэгорыя·Вікіпедыя·Запыты на пераклад з украінскай
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Вікіпедыя·Старонкі з модулем Hatnote з чырвонай спасылкай
Катэгорыя·Фільмы студыі «Беларусьфільм»
Катэгорыя·Фільмы Віктара Турава
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з непрацоўнымі спасылкамі
Катэгорыя·Фільмы 1971 года