Жан Батыст Менэ (фр.: Jean Baptist Menet, польск.: Jan Chrzciciel Menet, лац.: Joannes Menet; 6 сакавіка 1793, Віньё, Францыя — 24 чэрвеня 1869, Квебек, Канада — дзеяч каталіцкага касцёла і Ордэна езуітаў, педагог.
Уступіў у Таварыства Ісуса 13 кастрычніка 1815 г. у Пушы, дзе пасля праходзіў выпрабаванні ў навіцыяце. У 1817—1818 гг. вывучаў філасофію ў Полацкай езуіцкай акадэміі, а потым выкладаў у ёй французскую мову і працаваў у полацкім шляхецкім канвікце выхавацелем (1818—1820)[1].
Пасля выгнання езуітаў з Расійскай імперыі (1820) выехаў на Радзіму, дзе скончыў курс тэалогіі і быў высвечаны на ксяндза (1824). З 1832 г. працаваў у Галічыне. Прафесар французскай мовы і этыкі, а таксама кіраўнік школьнага тэатра[2] (1832—1838), французскай мовы і рэлігіі (1844—1845) у Цярнопальскім езуіцкім калегіуме; прафесар гісторыі і царквы ў Новым Сончы (1838—1840)[3]. У 1845 г. пераехаў у Паўночную Амерыку, дзе працаваў у ЗША і Канадзе[4][5].