wd wp Пошук:

Еўсцігней Афінагенавіч Міровіч

Еўсцігней Афінагенавіч Міровіч, сапр. Дунаеў (10 жніўня 1878, Санкт-Пецярбург, Расія — 16 лютага 1952) — беларускі драматург і тэатральны рэжысёр.

Біяграфія

Нарадзіўся ў сям’і чыгуначніка, выхадца з Паўночна-Заходняга краю. Скончыў Самсонаўскае рэальнае вучылішча, нармальную школу малявання пры Акадэміі мастацтваў і курсы Пецярбургскага гуртка аматараў драматычнага мастацтва. З 1900 працаваў у пецярбургскіх тэатрах акцёрам, затым рэжысёрам. З 1906 — правадзейны член Санкт-Пецярбургскага саюза драматычных і музычных пісьменнікаў. З 1919 працаваў у тэатрах Беларусі. У 1921—1931 — мастацкі кіраўнік, у 1941—1945 рэжысёр Беларускага тэатра ім. Я. Купалы (БДТ-1). Быў мастацкім кіраўніком Гомельскага тэатра рабочай моладзі (1932—1935), які ў 1935 быў ім рэарганізаваны ў Першы калгасна-саўгасны тэатр, у 1937—1940 — мастацкі кіраўнік Беларускага тэатра юнага гледача імя Н. Крупскай.

Партрэт Еўсцігнея Міровіча. Іван Ахрэмчык, 1949

З 1945 — мастацкі кіраўнік і загадчык кафедры майстэрства акцёра Беларускага тэатральнага інстытута. Займаўся таксама выкладчыцкай дзейнасцю ў тэатральных студыях, у Мінскім тэатральным вучылішчы. Прафесар. Член СП СССР (з 1934).

Пахаваны на Вайсковых могілках Мінска.

Творчасць

Сцэна са спектакля «Машэка» на паштовай картцы Беларусі прысвечанай 125-годдзю з дня нараджэння Е. А. Міровіча.

Першая п’еса «Опекуны» была напісана ў 1904, аднак цэнзура не дала дазволу на пастаноўку. Такі самы лёс п’ес «Ужас времени» («Современный вампир»), «Ночь миллионера». На рускай мове ў Пецярбургу апублікаваў п’есы «Мефистофель в интересном положении, или Женатый Мефистофель» (1909), «Графиня Эльвира» (апублікавана і пастаўлена ў 1910), «Рыцарь дон Фернандо» (1912, пастаўлена ў 1911), «Фабрика талантов» («Остановитесь!», 1912), «Театр купца Епишкина» (1915, пастаўлена ў 1914, у 1978 пастаўлена на Беларускім тэлебачанні), «Вова приспособился» (апублікавана і пастаўлена ў 1915), аднаактоўкі «Какой нахал!» (1914), «Не ревнуй!» (1915). Напісаў на беларускай мове і паставіў п’есы «Машэка» («У часы даўнейшыя», пастаўлена ў 1923), «Кастусь Каліноўскі» (1957, пастаўлена ў 1923, экранізавана ў 1928), «Каваль-ваявода» (пастаўлена ў 1925), «Кар’ера таварыша Брызгаліна» (1957, пастаўлена ў 1925), «Перамога» («Хроніка нашых дзён», 1957, пастаўлена ў 1926), «Запяюць верацёны» (пастаўлена ў 1928), «Лён» (пастаўлена ў 1932). У 1934 г. апублікаваў п’есу «У вясновую ноч» (1934, ставілася гурткамі самадзейнасці). У 1957 г. выйшаў зборнік «П’есы».

У яго п’есах запаміналіся не глыбокія ідэі, а выразнаэфектныя сцэны, асобныя эпізоды. Для Міровіча сюжэт не галоўнае. Гэта толькі нагода паказаць як мага больш цікавых народных абрадаў, танцаў, песень, галаваломных штукарскіх момантаў, акрабатычных нумароў. У «Кастусі Каліноўскім» адзін з самых запамінальных эпізодаў — запіс добраахвотнікаў у інсургенцкае войска, які нечакана ператвараецца ў захапляльную сцэну танца, што аб’ядноўвае ўсіх — і багатых і бедных, і «белых» і «чырвоных». Героі, уся масоўка скачуць самаадана, з усёй вострай зухаватасцю і харэаграфічнай дакладнасцю. Калі з’яўляюцца жандары, то п’яная ад танцаў публіка пачынае з імі бойку, якая, дзякуючы майстэрству рэжысёра, паводле сваёй дасканалай пластыкі, выглядае лагічным працягам гэтага жарснага танца. Вярбоўка ў войска для рэжысёра толькі нагода паказаць гледачу ўсё хараство мазуркі і полькі, а таксама правесці дастаткова крамольную думку, што мастацтва павінна не расцярушваць па класах і сацыяльных праслойках, а наадварот — яднаць.

Дзякуючы Е. Міровічу, пастаноўкі беларускага тэатра набылі прафесійную трываласць. Ён прынёс на беларускую сцэну цыркавую лёгкасць і эстрадна-кабарэшную бесклапотнасць. З поспехам прайшоў у 1923 годзе ў Маскве мюзікл «На Купалле», пастаўлены Міровічам паводле п’есы Міхася Чарота. Рэжысёр быў першым, хто прынёс у айчыннае тэатральнае мастацтва любоў да фармальнага эксперымента, дзе не так істотна, пра што ставіць, а галоўнае як. Нечаканыя мізансцэны, ярка-авангарднае мастацкае афармленне, амаль постмадэрновая гульня з класікай, разбурэнне «чацвёртай сцяны» — усё гэта было ўласціва пастаноўкам Міровіча ў 1920-я і часткова ў 1930-я гады. Напрыклад, з вострасацыяльнай «Паўлінкі» Міровіч у 1922 годзе зрабіў авангардна-гратэскнае, амаль цыркавое дзейства, у якім галоўнае было не балючая тэма «свае прадалі свайго», а яркі, фантастычны грым, танцы ў стылі «Мулен-Руж», камічныя эфекты эстэтычна тоесныя тагачасным камедыям Чарлі Чапліна і Гаральда Ллойда[2].

Еўсцігней Міровіч здолеў захаваць свою звонкую лёгкасць і ў 1930-я гады. Нават калі пісаў п’есы і ставіў спектаклі пра ворагаў народа, якія псуюць на вёсках трактары («У веснавую ноч». 1934), у яго ўсё роўна атрымлівалася не сацрэалістычна-кардонная пастаноўка, а займальны дэтэктыў, дзе сапраўды, дзякуючы вастрыні інтрыгі, было цікава сачыць за нечаканай развязкай.

Узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, «Знак Пашаны», медалямі. Народны артыст БССР (1940).

Зноскі

  1. 1 2 (unspecified title) Праверана 5 лютага 2022.
  2. zviazda.by

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (22):
Катэгорыя·Выкладчыкі Беларускай акадэміі мастацтваў
Катэгорыя·Пахаваныя на Вайсковых могілках (Мінск)
Катэгорыя·Драматургі Беларусі
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Санкт-Пецярбургу
Катэгорыя·Памерлі ў 1952 годзе
Катэгорыя·Постаці Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы
Катэгорыя·Асобы на марках
Катэгорыя·Тэатральныя рэжысёры Беларусі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылка на Вікісховішча непасрэдна ў артыкуле
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1878 годзе
Катэгорыя·Памерлі 16 лютага
Катэгорыя·Кавалеры ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга
Катэгорыя·Памерлі 25 лютага
Катэгорыя·Члены Саюза пісьменнікаў СССР
Катэгорыя·Кавалеры ордэна «Знак Пашаны»
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Нарадзіліся 10 жніўня
Катэгорыя·Народныя артысты Беларускай ССР
Катэгорыя·Вікіпедыя·Пісьменнікі без мовы твораў
Катэгорыя·Памерлі ў Мінску
Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных