wd wp Пошук:

Еўна Фішалевіч Азеф

Е́ўна Фі́шалевіч Азе́ф (1869, Лыскава, Гродзенская губерня, Расійская імперыя — 24 красавіка 1918, Берлін, Германская імперыя) — расійскі сацыялістычны рэвалюцыянер-правакатар, адзін з кіраўнікоў партыі эсэраў і адначасна сакрэтны супрацоўнік Дэпартаменту паліцыі.

Як кіраўнік баявой арганізацыі эсэраў, зладзіў і паспяхова правёў шэраг тэрактаў, сярод якіх — забойства вялікага князя Сяргея Аляксандравіча. У той самы час, як агент Ахоўнага аддзялення, выкрыў і здаў паліцыі мноства рэвалюцыянераў.

Біяграфія

Дзяцінства і юнацтва

Фатаздымак маладога Азефа

Еўна Азеф нарадзіўся ў кастрычніку 1869 года ў мястэчку Лыскава Гродзенскай губерні ў сям’і беднага жыда-краўца. Быў другім дзіцем з сямі. У 1874 годзе сям’я пераехала ў Растоў-на-Доне, дзе ў 1890 годзе Азеф скончыў гімназію. Пасля працаваў журналістам і гандляром.

Удзельнічаў у гуртках рэвалюцыйнай яўрэйскай моладзі. У 1892, ратуючыся ад паліцыі, скраў 800 рублёў (паводле іншай версыі, прадаў скрадзеную партыю масла) і збег у Германію, дзе ўладкаваўся вучыцца на інжынера-электратэхніка ў Карлсруэ. У лік сакрэтных супрацоўнікаў паліцыі Азеф быў прыняты ў 1892 годзе[1]. 4 лістапада 1893 прапанаваў Дэпартаменту паліцыі быць абвеснікам датычна расійскіх рэвалюцыянераў — студэнтаў політэхнічнага інстытута ў Карлсруэ, і яго прапанова была прынята. Першапачатковы аклад Азефа склаў 50 рублёў[2]. У 1899 ажаніўся з Любоўю Рыгораўнай Менкінай, з якой мелі двох дзяцей.

У партыі эсэраў і Ахоўным аддзяленні

У 1899 годзе далучыўся да партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў і пераехаў у Маскву. Уладкаваўся інжынерам-электрыкам, а ў 1903 годзе ачоліў тэрарыстычную групоўку эсэраў, кіраўнік якой Рыгор Гершуні быў арыштаваны дзякуючы інфармацыі, прадастаўленай Азефам расійскай паліцыі. Партыйныя псеўданімы Азефа — «Іван Мікалаевіч», «Валянцін Кузьміч», «Тоўсты». У кантактах з Дэпартаментам паліцыі карыстаўся псеўданімам «Раскін».

Створаную Гершуні баявую арганізацыю Азеф рэарганізаваў, зрабіўшы яе кампактнай, цэнтралізаванай, строга дысцыплінаванай і лёгка кіраванай. Сам Азеф з падтрымкай Міхаіла Гоца актыўна прасоўваў тэрор, пры гэтым папярэджваючы некаторыя тэракты (замах на міністра ўнутраных спраў Пятра Дурнаво, на цара Мікалая II). У той час яго заробак ад Ахоўнага аддзялення дасягаў 1000 рублёў/месяц.

Фота Е. Ф. Азефа з сакрэтнага архіву Дэпартаменту паліцыі

Еўна выдаў паліцыі ўвесь першы склад ЦК ПСР і некаторых эсэраў-баевікоў (Сцяпана Слётава, Георгія Апокава, Міхаілі Ведзяняпіна, Ганну Якімаву, Зінаіду Канапланікаву і інш.), а таксама некаторыя планы і камунікацыі рэвалюцыянераў. Адначасна рэалізаваў больш за 30 тэрарыстычных актаў, здзяйсняў забойствы выбітных прадстаўнікоў царскага дзяржаўнага апарату, у тым ліку сваіх начальнікаў: міністра ўнутраных спраў і шэфа корпусу жандараў Вячаслава Плеве (якога лічылі галоўным арганізатарам яўрэйскага пагрому ў Кішынёве ў 1903 р.), генерал-губернатара Масквы вялікага князя Сяргея Аляксандравіча, пецярбургскага граданачальніка Уладзіміра фон дэр Ляўніца, галоўнага ваеннага пракурора Уладзіміра Паўлава. Для таго, каб унікнуць выкрыцця, частку тэрактаў ён рыхтаваў таемна ад Дэпартаменту паліцыі, прыкладаючы ўсе намаганні для іх здзяйснення. Пра іншыя планаваныя тэракты паведамляў, і яны правальваліся. Дзякуючы гэтаму Азефа лічылі «сваім» і сябры партыі, і паліцыя.

Пасля Маніфеста 17 кастрычніка Азеф стаў прыхільнікам роспуску баявой арганізацыі эсэраў і ўсяляк сабатаваў яе дзеянні, вынікам чаго стаў пераход эсэраў да тэрору з дапамогай дэцэнтралізаваных лятучых атрадаў.

Вынікам апошняе здрады Азефа стаў арышт і пакаранне смерцю членаў лятучага баявога атраду партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў у лютым 1908 года. Гэтая кара стала сюжэтам для Леаніда Андрэева пры стварэнні «Аповеду пра сямёх павешаных».

Выкрыццё

Пасля пачатку рэакцыі Азеф рыхтаваў замах на Мікалая II, для чаго разглядаліся даволі авантурныя схемы. У прыватнасці, з падачы Азефа ЦК ПСР даваў сродкі на праектаванне і будаўніцтва адмысловай падводнай лодкі і самалёту для здзяйснення тэракту. Аднак у 1908 годзе Азеф быў выкрыты як правакатар публіцыстам Уладзімірам Бурцавым (які спраўдзіў свае падазрэнні ад былога дырэктара Дэпартаменту паліцыі Аляксея Лапухіна). На ўнутрыпартыйным разбіральніцтве ЦК ПСР прысудзіў Азефа да смерці, аднак той здолеў уцячы за мяжу.

Жыў у Берліне пад імем ранцье Аляксандра Ноймайра (па-нямецку: Alexander Neumayr) па дакументах, выдадзеных міністэрствам замежных спраў Расіі. Пільна пазбягаў кантактаў з прадстаўнікамі царскіх улад і расійскімі рэвалюцыянерамі. яго жонка Любоў Менкіна, якая не ведала пра яго падвойнае жыццё, развялася з мужам і з’ехала ў Злучаныя Штаты Амерыкі.

Апошнія гады жыцця

Пасля пачатку Першай сусветнай вайны Азеф збанкрутаваў, бо ўсе сродкі трымаў у расійскіх каштоўных паперах. Каб хоць неяк выжываць, адчыніў у Берліне гарсэтную майстэрню. У чэрвені 1915 арыштаваны нямецкай паліцыяй як былы расійскі сакрэтны агент. Увязнены ў турме Маабіт, вызваліўся ў снежні 1917 года.

У турме захварэў і 24 красавіка 1918 сканаў ад ныркавай недастатковасці ў берлінскай лякарні «Krankenhaus Westend». Пахаваны ў Берліне ў безыменнай магіле пад № 446. Магіла не захавалася.

У культуры

Пэўны час асабовае імя Азеф нават стала назоўным для абазначэння правакатара і даказчыка. Яно сустракаецца ў аповесці «Рэспубліка Шкід» Рыгора Бялых і Л. Панцялеева і ў паэме Уладзіміра Маякоўскага «Воблака ў штанах».

У Тлумачальным слоўніку рускай мовы пад рэдакцыяй Дзмітрыя Ушакова зафіксавана слова «азефаўшчына» ў наступным значэнні[3]:

АЗЕФОВЩИНА, ы, мн. нет, ж. (полит.).

Крупная политическая провокация. [По имени провокатора с.-р. Азефа.]

Сачыненні

Зноскі

  1. П. А. Столыпин. Речь о деле Азефа, произнесённая в Государственной Думе 11 февраля 1909 года // П. А. Столыпин Нам нужна великая Россия. — М.: «Молодая гвардия», 1991.
  2. У партыі эсэраў яго аклад як прафесійнага рэвалюцыянера складаў 125 рублёў.
  3. АЗЕФОВЩИНА // Толковый словарь Ушакова онлайн

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (20):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Памерлі ў 1918 годзе
Катэгорыя·Эсэры
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Прозвішча»
Катэгорыя·Постаці спецслужбаў Расійскай імперыі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Іпб. Прозвішча»
Катэгорыя·Памерлі ў Берліне
Катэгорыя·Журналісты Расіі
Катэгорыя·Падвойныя агенты
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылка на Вікісховішча непасрэдна ў артыкуле
Катэгорыя·Выпускнікі Тэхналагічнага інстытута Карлсруэ
Катэгорыя·Памерлі 24 красавіка
Катэгорыя·Тэрарысты Расійскай імперыі
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1869 годзе
Катэгорыя·Сакрэтныя супрацоўнікі Дэпартамента паліцыі
Катэгорыя·Пахаваныя ў Берліне
Катэгорыя·Рэвалюцыянеры Расійскай імперыі
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Члены Баявой арганізацыі партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Пружанскім раёне