Ева Паўлаўна Левіна-Розенгольц (29 мая 1898, Віцебск — 18 жніўня, 1975, Масква) — савецкая мастачка і графік. Брала ўдзел у Першай і Другой Усебеларускіх мастацкіх выстаўках.
Нарадзілася 29 мая (10 чэрвеня) 1898 года ў Віцебску.[2] У 1914 годзе скончыла Аляксееўскую гімназію ў Віцебску. Наведвала заняткі ў школе Юдаля Пэна[3].
У час Першай сусветнай вайны — сястра міласэрнасці ў ваенна-палявым шпіталі. У 1917 атрымала дыплом зубнога лекара ў Томскім універсітэце. У 1917—1918 гадах жыла ў Маскве, брала ўрокі малявання і скульптуры ў Сцяпана Эрзі. У 1919 годзе вярнулася ў Віцебск.
У 1920 годзе пераехала ў Маскву. Працягнула мастацкую адукацыю ў студыі Ганны Галубкінай, у тым жа годзе паступіла ў ВХУТЕМАС — у майстэрню Роберта Фалька, якую скончыла у 1925 са званнем мастака і правам загранічнай паездкі. У 1923—1931 гадах была замужам за пісьменнікам Барысам Левіным. У сакавіку 1925 года экспанавала свае работы на выстаўцы таварыства «Маскоўскія жывапісцы». Брала ўдзел у Першай Усебеларускай мастацкай выстаўцы ў Менску (1925) з працамі «Яўрэі» і «Натуршчыца»[4].
У 1926 годзе едзе ў Лондан да брата А. Розенгольца, які выконваў абавязкі паўнамоцнага прадстаўніка ў Вялікабрытаніі; па шляху спыняецца ў Парыжы, наведвае Луўр. Працуе ў прадстаўніцтве; наведвае лонданскія музеі, захапляецца жывапісам Уільяма Цёрнера. У канцы 1926 года вяртаецца ў Маскву.
У 1927 годзе брала ўдзел у Другой Усебеларускай мастацкай выстаўцы з працамі «Эцюд да партрэта», «Старая» і пяццю акварэлямі[5]. У 1927—1928 гадах брала ўдзел у выстаўках таварыства «Рост» і «Аб’яднанні мастакоў-грамадоўцаў» у Маскве. У 1929 годзе паступіла на вышэйшыя педагагічныя курсы пры ВХУТЕИНе. З 1932 года працавала мастаком па роспісы тканін на Дарагамілаўскай фабрыцы, з 1934 года — старшай кансультанткай па афармленні тканін пры Наркамлегпраме. У 1937 годзе былі арыштаваныя два яе браты, звольнена з працы. 1938—1941 годах працуе ў капіравальным цаху Цэнтральнага бюро Маскоўскага саюза мастакоў.
З пачатку Вялікай Айчыннай вайны — у эвакуацыі ў Чыстапалі. У 1942 годзе вярнулася ў Маскву. Надалей працуе ў капіравальным цаху Цэнтральнага бюро Маскоўскага саюза мастакоў, бярэ ўдзел у выстаўках саюза.
У жніўні 1949 года была арыштавана ў Віцебску, дзе працавала стаматолагам[6], і Асаблівай Нарадай пры МДБ СССР асуджаная на 10 гадоў ссылкі, якую адбывала у Краснаярскім краі. У 1949—1954 гадах працавала на лесапавале, маляркай, санітаркай, медсястрой. У 1954—1956 гадах працавала у Карагандзе мастаком-дэкаратарам Казахскага драматычнага тэатра. У 1956 годзе была рэабілітавана і вярнулася ў Маскву.
1956—1974 гадах стварае цыклы «Дрэвы», «Балоты», «Людзі», «Неба», «Партрэты», «Фрэскі», «Пластычныя кампазіцыі», «Краявіды». Ездзіць у Ленінград, Калугу, Баравіцкі. Дзяржаўны музей выяўленчых мастацтваў ім. А. С. Пушкіна набывае адзінаццаць яе твораў. Стварае кароткія паэтычныя замалёўкі.
Памерла 18 жніўня 1975 года. Пахавана на Вастракоўскіх могілках.
З сярэдзіны 1930-х гадоў працавала ў тэхніцы пастэлі. У 1956—1974 гадах займалася выключна станковай графікай, аддавала перавагу тушавым малюнкам кутасом ці пяром, а таксама пастэлі. У 1937 годзе ўдзельнічала ў афармленні Савецкага павільёна на Сусветнай выстаўцы ў Парыжы. Творчасць мастачкі таксама прадстаўленая ў калекцыі Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі, у многіх расійскіх і замежных прыватных зборах.