wd wp Пошук:

Дынабургская крэпасць

Дынабу́ргская крэпасць (лат.: Daugavpils cietoksnis, Dinaburgas cietoksnis) — фартыфікацыйнае збудаванне пачатку XIX стагоддзя ў Дынабургу (Латвія). Будаўніцтва цалкам скончылася ў 1878 годзе праз пастаянныя перашкоды. Помнік горадабудаўніцтва і архітэктуры дзяржаўнага значэння Латвіі.

У былым арсенале крэпасці цяпер дзейнічае Мастацкі цэнтр Марка Ротка.

Гісторыя

У 1810 годзе расійскі імператар Аляксандр I напярэдадні вайны з Францыяй загадаў пачаць будаўніцтва крэпасці з мэтай умацавання мяжы. Кіраваў працамі ваенны інжынер генерал Я. Ф. Гекель(руск.) бел.. Будаўніцтва вялося ў дзве змены, працавалі 10 000 работнікаў. У 1812 годзе 24-тысячнае французскае падраздзяленне пад камандаваннем маршала Нікаля Удзіно захапіла крэпасць.

Барочны касцёл Святога Іуды Тадэвуша на тэрыторыі крэпасці ў пачатку XX ст.

Далейшыя працы пасля адваявання крэпасці адбываліся пад кіраўніцтвам спецыялістаў Інжынернага дэпартамента Ваеннага міністэрства.

У 1830 годзе крэпасць з сувязі з пачаткам вызваленчага польскага паўстання была пераведзена на ваенны стан. 4 красавіка (24 сакавіка) 1831 на здушэнне паўстанцаў выйшлі батальёны егерскіх палкоў. У другой палове 1831 года ў крэпасць перанесены артылерыйскі арсенал з Вільні.

2 чэрвеня (21 мая) 1833 года ў прысутнасці імператара Мікалая I і найвышэйшага духавенства Расіі адбылося асвячэнне крэпасці.

У 1863 годзе ў сувязі з чарговым паўстаннем Дынабургская крэпасць зноў пераведзеная на ваенны стан, з Рэвельскай крэпасці (цяпер Талін) дзеля ўмацавання ў яе перавезеныя 258 гармат розных калібраў і відаў.

У 1860—1870-я гады былі выкананы працы па пракладцы вадаправоду, будаўніцтве водапад’ёмнай вежы з паравой машынай і помпай, забрукаванні ўсіх вуліц і асобных унутраных двароў. Будаўнічыя працы працягваліся да 1878 года.

18 снежня (6 снежня) 1869 года ў крэпасці быў заснаваны дзіцячы прытулак імя вялікага князя Мікалая Аляксандравіча для сіротаў і салдацкіх дзяцей, якія ў працоўны час заставаліся без бацькоўскага нагляду. З 1875 года пачаў дзейнасць Дынабургскі мясцовы камітэт Расійскага таварыства Чырвонага Крыжа. У 1881 годзе ў крэпасці створаная дзяржаўная тэлеграфная станцыя.

У 1887 годзе створаная крэпасная пажарная каманда і крэпасная жандарская каманда. Абедзве скасаваныя ў 1914 годзе.

Фантан з чыгунных гармат, адкрыты да стагоддзя вайны 1812 года

24 красавіка (12 красавіка) 1897 года крэпасць стала крэпасцю-складам. У 1912 годзе ўведзенае электрычнае асвятленне.

У 1914 годзе пераведзеная на ваенны стан. 4 жніўня (23 ліпеня) 1914 года створаная Дзвінская ваенная акруга.

Пасля атрымання Латвіяй незалежнасці ў 1920 годзе ў крэпасці размясціліся палкі латвійскай Земгальскай дывізіі і «Вікерсы» танкавай роты.

У Другую сусветную вайну нямецкія ўлады стварылі тут лагер для савецкіх ваеннапалонных Шталаг 340.

У 1948—1993 гадах у крэпасці дзейнічала Дзвінскае вышэйшае авіяцыйнае інжынернае вучылішча. У 1998 годзе крэпасць была перададзена ва ўпраўленне Дзяржаўнага агенцтва нерухомасці Латвіі.

Архітэктура

Мікалаеўская брама
Артылерыйскі арсенал
Міхайлаўская брама
Прамежкавая брама

Крэпасць размешчаная па абодва берагі ракі Дзвіны. Манументальная фартыфікацыйная сістэма з абшытымі рваным і часаным камянём эскарпамі галоўнага вала, васьмю бастыёнамі, равелінамі, казематамі з магутнымі цаглянымі скляпеннямі вылучаецца строгасцю і дбайнасцю выканання.

Крэпасць мае выгляд умацаванага горада: авальная ў плане тэрыторыя падзеленая рэгулярнымі кварталамі. Пасярод кварталаў размешчаная квадратная (150×150 м) пляцпарадная плошча. Паводле дэтальнага праекту забудовы 1816 года былі пракладзены галоўныя (шырынёй 21 м) і другасныя (шырынёй 10 м) вуліцы, унутры якіх размяшчаліся ваенныя і грамадзянскія пабудовы, вылучаныя ў зоны. Галоўная вертыкальная дамінанта — барочны касцёл Святога Іуды Тадэвуша з 60-метровымі вежамі, дзе набажэнствы ладзіліся таксама і для лютэранаў, і для праваслаўных — у 1944 годзе быў узарваны.

Асноўныя двух- і трохпавярховыя будынкі каменданцкага дома, штаба, арсеналаў, шпіталя, казармаў і афіцэрскіх дамоў стэрэатыпныя, з рысамі позняга класіцызму. У аздабленні паўднёвай Міхайлаўскай і заходняй Мікалаеўскай брамы выкарыстаныя матывы егіпецкай архітэктуры і готыкі. Усходняя Аляксандраўская і паўночная Канстанцінаўская брама былі падобныя архітэктурай. Апошняя была разбурана ў 1962 годзе дзеля ўвозу на тэрыторыю вучылішча буйнагабарытнага абсталявання.

Зноскі

  1. 1 2 Latvijas VēstnesisLatvijas Vēstnesis, 1993. Праверана 18 лістапада 2017.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (9):
Катэгорыя·1878 год у Латвіі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Будынкі і збудаванні Даўгаўпілса
Катэгорыя·Славутасці Латвіі
Катэгорыя·Абарончыя збудаванні Латвіі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Катэгорыя·Французска-руская вайна 1812 года
Катэгорыя·Вікіпедыя·Запыты на пераклад з рускай
Катэгорыя·З’явіліся ў 1878 годзе