wd wp Пошук:

Дрывяты

Дрывя́ты — возера ў Браслаўскім раёне Віцебскай вобласці. Знаходзіцца ў басейне Друйкі (выцякае з возера), каля паўднёвай ускраіны Браслава. Найбуйнейшае ў Браслаўскай групе азёр і пятае па велічыні на тэрыторыі Беларусі[1]. Належыць да групы Браслаўскіх азёр і знаходзіцца на тэрыторыі нацыянальнага парка «Браслаўскія азёры».

Апісанне

Плошча паверхні складае 36,1 км². Найбольшая глыбіня — 12 м. Даўжыня — 9,86 км. Найбольшая шырыня — 4,5 км. Даўжыня берагавой лініі — 37,6 км. Аб’ём вады — 223,5 млн м³. Плошча вадазбору — 459 км². Схілы катлавіны пераважна пад лесам, асіметрычныя: на поўначы вышынёй 30—37 м, месцамі разараныя, на поўдні да 5 м, забалочаныя. На поўдні і паўднёвым-усходзе 3 вялікія залівы. Мелкаводная зона шырокая (150—300 м) і спадзістая, глыбакаводная ўзгорыстая: упадзіны глыбінёй 10—12 м чаргуюцца з падняццямі. 6 астравоў агульнай плошчай 0,92 км². Дно да глыбіні 3,5—5 м выслана пяскамі, ніжэй — іламі і сапрапелямі (агульная магутнасць адкладаў да 11 м). Сярэднемесячная тэмпература вады да глыбіні 7 м у чэрвені 17,2 °C, ліпені — 18,8 °C, жніўні — 17,8 °C. У зімовы перыяд паверхневыя тэмпературы складаюць 0,1—0,2 °C, прыдонныя — 3—3,8 °C. Возера замярзае ў канцы лістапада — пачатку снежня, лёд трымаецца да канца сакавіка, часам да сярэдзіны красавіка — пачатку мая. Шырыня паласы расліннасці ўздоўж берагоў ад 35 да 200 м. Растуць рэдкія для флоры Беларусі віды: наяда гнуткая, наяда малая, гідрыла кальчаковая.

У возеры водзяцца каля 20 відаў рыб: лешч, судак, акунь, плотка, лінь, рапушка, мянтуз, верхаводка, карась, язь, шчупак і інш.; ёсць вугор. Адзначана гнездаванне ахоўнай птушкі — лебедзя-шыпуна. У возера ўпадаюць рэкі Усвіца (злучае з воз. Іказнь), Золвіца, Акунёўка, Дружнянка, Рака (злучае з возерам Рака), 6 ручаёў.

Уваходзіць у зону адпачынку Браслаў, на паўночным беразе турбаза «Браслаўскія азёры».

Уплыў меліярацыі

На ўзровень возера значны ўплыў аказалі меліярацыйныя работы (паглыбленне рэчышча і будаўніцтва плаціны на Друйцы): у 1926 годзе пры ўзроўні 132 м плошча возера складала 38,2 км², было 3 астравы. Уздоўж берагоў утварылася шырокая пойменная паласа. У 1958 годзе пры ўзроўні 129 метраў плошча возера 32,6 км² — 11 астравоў.

Паходжанне назвы

Паводле Казіміра Бугі, назва возера балцкая, першапачаткова гучала як *Drúvintas.[2] Паводле К. Шыдлоўскага, значэнне гэтай балцкай назвы магло быць блізкае да ‘рыхлы, гразкі’[1].

Зноскі

  1. 1 2 Шидловский К. С. Браславские озёра: Путеводитель по зоне отдыха Браслав. — Мн.: Полымя, 1989. — С. 12—15. — 63 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-345-00063-8. (руск.)
  2. K. Būga. Rinktiniai raštai. T. 1. Vilnius, 1958. — P. 501.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (8):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю прыроды Беларусі без нумароў старонак
Катэгорыя·Басейн Друйкі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю прыроды Беларусі без аўтара
Катэгорыя·Азёры Браслаўскага раёна
Катэгорыя·Азёры паводле алфавіта
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылка на Вікісховішча непасрэдна ў артыкуле
Катэгорыя·Браслаўская група азёр