Дражбі́тка — рака ў Полацкім раёне Віцебскай вобласці Беларусі, левы прыток ракі Сосніца (басейн Заходняй Дзвіны).
Даўжыня ракі 19 км. Плошча вадазбору 129 км². Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,2 м/км. Рака бярэ пачатак з возера Арлея ў яго паўднёва-заходняй частцы, працякае праз азёры Болныра, Дрогава, Сосна. Упадае ў Сосніцу прыкладна за 0,8 км на захад ад возера Сосна. Вадазбор на ўсходняй частцы Полацкай нізіны. Азёрнасць вадазбору каля 8 %. У басейне Дражбіткі азёры Арлея, Болныра, Сосна, Бочава, Валынец, Зоркае, Гародна, Сінчак, Лоўжа, Арлоўка, Чорнае і інш. Рэчышча часткова каналізаванае.