Дом Рубіна — будынак у Мінску, месціцца на вуліцы Валадарскага, 7. Пабудаваны ў канцы XIX — пач. XX стагоддзя.
Пабудаваны з цэглы ў канцы XIX — пачатку XX стагоддзя як даходны дом, належаў Якаву Рубіну. Стары адрас — Серпухаўская, 9[1]. Меў, як і цяпер, адзін адрас з суседнім домам Габрыловіча. Да Кастрычніцкай рэвалюцыі ў будынку месцілася Упраўленне VI аддзела перавозкі поштаў па чыгунцы[2].
Пасля Другой сусветнай вайны будынак страціў эркер і вежу.
Трохпавярховы накрыты пакатым двухсхільным дахам будынак з асіметрычнай аб’ёмна-прасторавай кампазіцыяй. Плоскасць сцяны галоўнага фасада члянёная руставанымі лапаткамі і развітымі карнізнымі паясамі, якія падзяляюць фасад на 3 ярусы. У правай частцы фасада вузкі скразны праезд у двор. Бальшыня аконных праёмаў прамавугольнай формы, на 2-м і 3-м паверхах дэкараваныя ліштвамі з замковым каменем. Прамавугольныя вокны чаргуюцца з трохчасткавымі з лучковым завяршэннем у цэнтры. Па цэнтры месцяцца невялікія балкончыкі з агароджай (чыгуннае ліццё).